Адкрыцці ў астраноміі, новыя і неспазнаныя тэорыі Сусвету, загадкі ў свеце галактык і атамаў — гэтыя прафесійныя і асабістыя захапленні настаўнік астраноміі і фізікі гімназіі № 1 Жодзіна Аляксей Бычкоўскі сёння падзяляе са сваімі вучнямі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Думкі ў формулах
Даследаваць Сусвет і тое, як у ім усё ўзаемазвязана, — што можа быць цікавейшым для педагога, які з самага дзяцінства захапляецца астраноміяй і фізікай і прыйшоў у педагогіку, каб разам са школьнікамі працягнуць вывучаць гэтыя прадметы?

— Прайшло ўжо многа гадоў, як я вучыўся ў школе і ўпершыню пазнаёміўся з фізікай, — успамінае Аляксей Паўлавіч. — Яна адразу мяне захапіла і стала любімай дысцыплінай. Законы, формулы, задачы — у фізіцы асабліва цікава тое, што яна патрабуе разважанняў, а свае думкі можна выказаць праз строгія матэматычныя формулы і лікі. Першым, хто адкрыў для мяне дзіўны свет фізікі, быў мой школьны настаўнік Сяргей Георгіевіч Плютаў, які выкладаў у сярэдняй школе № 3 Любані. Ён не толькі выдатна ведаў і любіў свой прадмет, але і ўмеў выклікаць да яго цікавасць. Дзякуючы яго прафесіяналізму і ўменню даносіць складанае простымі словамі, я захапіўся навукай. Гэта адыграла вырашальную ролю ў тым, што пасля заканчэння школы я аддаў перавагу педагогіцы, а не інжынернай справе, як хацеў першапачаткова. Сёння па-ранейшаму лічу фізіку бязмежным светам ведаў і таямніц. Калісьці здавалася, што яна можа даць адказы на ўсе пытанні. Як высветлілася, на многія, але далёка не на ўсе. Больш за ўсё загадак сёння схавана ў свеце атамаў і ў Сусвеце галактык.
Як калісьці яго школьны настаўнік, сёння Аляксей Паўлавіч захапляе гімназістаў фізікай і астраноміяй. Яго ўрокі — гэта заўсёды пра абмеркаванне, даследаванне і нават пра аспрэчванне думак і меркаванняў, што даволі лагічна для тэорыі навукі.
— Астраномія — цікавы і загадкавы школьны прадмет, толькі шкада, што ў вучэбнай праграме яму даецца ўсяго адзін урок у тыдзень і толькі ў 11 класе, — дзеліцца думкамі педагог. — Многія школьнікі праяўляюць цікавасць да гэтай навукі, але аднаго года недастаткова для паглыбленага вывучэння і падрыхтоўкі да алімпіяд.
Выключэнні з правіл бываюць заўсёды. Навучэнка Аляксея Паўлавіча Ганна Бяляцкая адразу праявіла цікавасць да астраноміі і ўсяго за год стала пераможцай раённага, абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце. Выключная працаздольнасць, бліскучая памяць і выдатныя веды па фізіцы і матэматыцы дапамаглі дзяўчыне стаць лепшай і ў самай зорнай навуцы.
— Адным з важных фактараў поспеху з’яўляецца пераемнасць, — упэўнены настаўнік. — Я стараюся знаходзіць захопленых фізікай і астраноміяй дзяцей яшчэ ў 8—9 класах, каб стварыць сістэму, у якой юныя знаўцы прыходзяць на змену старэйшым вучням. Менавіта так атрымалася з Сяргеем Гамельскім, бронзавым прызёрам Міжнароднай алімпіяды па астраноміі і астрафізіцы. Ён паставіў перад сабой мэту — трапіць на міжнародны ўзровень і перамагчы. І дасягнуў яе.
Любоў да астраноміі дапамагла Ганне Бяляцкай і Сяргею Гамельскаму дасягнуць яшчэ адной зорнай вяршыні: як пераможцы алімпіяд яны паступілі ў БДУІР без экзаменаў.
Касмічная творчасць
Астраномія — гэта не толькі вывучэнне Сусвету, далёкіх зорак і таямнічых касмічных з’яў. Астраномія — гэта яшчэ і творчасць — загадкавая і ўнікальная. Дзякуючы лічбавай фотатэхніцы і праграмнаму забеспячэнню, Аляксей Паўлавіч навучыў гімназістаў ствараць астрафатаграфіі высокай якасці.
— Адным з выбітных маладых астрафатографаў лічу свайго вучня Аляксея Чэрніка, — з гордасцю зазначае педагог. — Ён стаў пераможцам XXVII Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ па астраноміі, прадставіўшы праект аб магчымасцях аматарскай астрафатаграфіі.
Фатаграфіі планет, камет, галактык і іншых касмічных аб’ектаў, якія стварыў Аляксей Чэрнік, не саступаюць малюнкам са школьных падручнікаў. Яго асабістае дасягненне — удзел у фінале штогадовага конкурсу лепшай астрафатаграфіі 2022 года Astronomy Photographer of the Year, які арганізуе Каралеўская абсерваторыя ў Грынвічы. Сёння Аляксей Чэрнік — студэнт БДУ і працягвае ўдасканальвацца ў мастацтве астрафатаграфіі.
— Цяпер ужо сам Аляксей запрашае мяне на сумесныя астранамічныя назіранні, — працягвае настаўнік. — Калі пралятае яркая камета ці здараецца так, што ў Жодзіне можна ўбачыць паўночнае ззянне, Лёша тэлефануе і запрашае мяне паглядзець. А я ў сваю чаргу запрашаю юных астраномаў далучыцца. Гэта неверагодна ўзрушвае і натхняе! Астрафатаграфія — не таннае захапленне. Лёшу ў гэтым кірунку падтрымалі бацькі. Добры тэлескоп і якасная манціроўка да яго каштуюць каля 10 тысяч рублёў, што робіць гэтае хобі дарагім, але па-сапраўднаму захапляльным.
Разважаючы над тым, які ўрок лічыць добрым, якія крытэрыі яго вызначаюць, Аляксей Паўлавіч Бычкоўскі адзначае:
— Што такое добры ўрок? Я лічу, што такім можна назваць урок, які перш за ўсё якасна падрыхтаваны. Важна дакладна разумець яго мэты, тое, чаму неабходна навучыць дзяцей да завяршэння. А затым ужо запаўняць рознымі метадамі навучання.
Фізіка — не самы лёгкі прадмет, адзін з самых складаных у школьным раскладзе. Як захапіць ім навучэнцаў?
— Захапіць фізікай атрымліваецца не заўсёды, — прызнаецца Аляксей Бычкоўскі. — Але калі ў канцы ўрока навучэнец, які звычайна не праяўляе цікавасці да прадмета, на этапе замацавання ведаў нечакана падымае руку і хоча адказаць, становіцца зразумела — урок атрымаўся. Значыць, нават на самай далёкай парце цябе слухалі і чулі. У гэты момант унутры ўзнікае ціхая радасць, пачуццё задавальнення ад таго, што зрабіў нешта важнае. У сярэднім звяне дзеці яшчэ не ўсведамляюць, якія веды спатрэбяцца ім праз некалькі гадоў для далейшага паступлення і выбару прафесіі, таму даводзіцца матываваць іх вучыцца, тлумачыць значнасць адукацыі, важнасць урокаў фізікі, матэматыкі і ўсіх школьных прадметаў.
Разам з выкладаннем Аляксей Паўлавіч імкнецца далучыць вучняў да ўдзелу ў школьным этапе алімпіяды, у рэспубліканскіх конкурсах па фізіцы. Такія спаборніцтвы, як “Зубраня”, дапамагаюць не толькі знайсці пераможцаў, але і разгледзець матываваных навучэнцаў.
— Што тычыцца старшых класаў, тут усё больш відавочна: навучэнцы самастойна выбіраюць профіль навучання, — адзначае настаўнік астраноміі і фізікі. — На шчасце, класы з паглыбленым вывучэннем фізікі і матэматыкі ў гімназіі не маюць патрэбы ў рэкламе. Многія школьнікі імкнуцца ў фізмат, і праблема матывацыі адпадае сама сабой. Я вучу іх фізіцы, эксперыменту, даследчай рабоце і рыхтую да паступлення. Нашы гімназісты з задавальненнем вучацца, назапашваюць вопыт. Часам іх пытанні і імкненне да навучання захопліваюць настолькі, што становіцца цяжка адбіцца. Але я разумею: тое, што раблю, — важная і патрэбная справа, якая штодзень прыносіць карысць і задавальненне.
Наталля САХНО
Фота аўтара





