Да Дня ведаў жыхары Брэста атрымалі цудоўны падарунак — дзіцячы сад № 8, які прапісаўся ў адным з новых гарадскіх мікрараёнаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
За паўтара года тут вырас прыгожы, прасторны і ўтульны трохпавярховы будынак агульнай плошчай амаль 8,5 тысячы м2 на тэрыторыі больш за 1,2 га. Узвядзенне і абсталяванне аб’екта абышлося прыкладна ў 14,8 млн рублёў. Пры праектнай магутнасці ў 350 выхаванцаў дзіцячы сад будуць наведваць амаль 390: у горадзе па-ранейшаму адчуваецца дэфіцыт дашкольных месцаў крокавай даступнасці.
— Ва ўстанове будуць дзейнічаць 19 груп, у тым ліку дзве спецыяльныя (для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні і інтэлектуальнай недастатковасцю) і інтэграваная, разлічаныя на 20 месцаў, — расказала загадчыца дзіцячага сада Людміла Лось. — Адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе максімальна ўлічвае асаблівыя адукацыйныя патрэбы выхаванцаў, якія могуць наведваць пакой псіхалагічнай разгрузкі, сенсорны і камп’ютарны гульнявы пакой, студыю выяўленчага мастацтва, кабінеты дзіцячай і тэхнічнай творчасці, а таксама па навучанні бяспекі жыццядзейнасці. На тэрыторыі ўстановы, акрамя групавых рознаўзроставых пляцовак, размешчаны гульнявыя і лячэбна-гімнастычныя пляцоўкі для дзяцей з АПФР са спецыяльным пакрыццём. Прадугледжаны пляцоўкі для фізкультурна-аздараўленчых заняткаў з гульнявым спартыўным комплексам і вывучэння Правіл дарожнага руху.
Павіншаваць педагогаў, дзяцей і іх бацькоў з наваселлем завіталі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, кіраўнік горада Сяргей Лабадзінскі, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Наталля Каліноўская і іншыя госці.
— Нам удалося ў вельмі кароткі тэрмін пабудаваць дашкольную ўстанову, якая будзе радаваць і дзяцей, і дарослых, — адзначыў кіраўнік Брэстчыны Юрый Шулейка. — Але на гэтым мы не спынімся. Органы выканаўчай улады паступова рэалізоўваюць планы па далейшым развіцці адукацыйнай прасторы абласнога цэнтра і не толькі.
— Літаральна праз дарогу ад новага дзіцячага сада ў наступным годзе пачнецца будаўніцтва сярэдняй школы на 1020 месцаў, а ў суседнім мікрараёне адкрыецца аналагічны дзіцячы сад на 350 месцаў. Новая дашкольная ўстанова на 190 месцаў з’явіцца і ў адным з новых гарадскіх кварталаў. Актуальная праблема крокавай даступнасці будзе вырашацца ў тым ліку за кошт арганізацыі экспрэсных аўтобусных маршрутаў, — паведаміў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі.
Пасля пераразання чырвонай стужкі і ўручэння сімвалічнага ключа кіраўніку ўстановы госці азнаёміліся з яе матэрыяльна-тэхнічнай базай. Не засталіся без падарункаў і дзеці, якія атрымалі з рук старшыні Брэсцкага аблвыканкама вялікі кошык з салодкімі пачастункамі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара