“У кожнага дзіцяці свой талент, і задача педагога — разгледзець яго і падказаць, як гэтым талентам распарадзіцца ў жыцці”, — лічыць настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Петрыкава
Алена Зубар. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дарэчы, цікавасць да гісторыі Алене прывіла яе школьная настаўніца Валянціна Мікалаеўна Тарабей, якая яскрава паказала дзяўчыне, што, ведаючы гісторыю, можна аб’ектыўна ацэньваць цяперашнюю сітуацыю і прагназаваць будучыню. А яшчэ растлумачыла, як важна паверыць у сябе, свае сілы, каб займаць прызавыя месцы на алімпіядах, быць лідарам. У выніку Алена Сяргееўна скончыла гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны і ўжо 20 гадоў, як і яе настаўніца, імкнецца разгледзець таленты ў дзецях.
— Бывае, вучань на ўроку не можа пераказаць параграф, а пачынае пісаць — зачытаешся. І ты бачыш, што ў яго літаратурны талент, ён з лёгкасцю апісвае, прыдумляе, прагназуе сітуацыю. Альбо вучань не займаецца ў вакальнай студыі, гуртку, а добра трымаецца на сцэне, спявае, і ты разумееш, што гэта яго. І паступова прыцягваеш дзіця да той ці іншай дзейнасці. У мяне, напрыклад, ёсць вучаніца, якая, калі трэба знайсці пэўны матэрыял, адшукае яго дзе заўгодна. Яна знойдзе неабходных людзей, якія валодаюць інфармацыяй, дакументальныя крыніцы ў музеі, — расказвае Алена Зубар.
Педагог узаемадзейнічае са сваімі выхаванцамі на роўных. Дзеці не баяцца выказвацца, бо ведаюць, што кожнае меркаванне, нават самае неверагоднае ці памылковае, мае права на існаванне. Алена Сяргееўна прытрымліваецца наступнага прынцыпу: даваць вучням не гатовыя веды, а магчымасць здабыць іх самім. А таму вялікае значэнне надаецца самастойнай рабоце школьнікаў.
Настаўніца лічыць, што ў аснове навучання — цікавасць, якая з’яўляецца галоўным матыватарам. А цікавасць да прадмета ў вучняў залежыць ад настаўніка. У аснове выкладання Алены Зубар — кампетэнтнасны падыход. Яна паказвае вучням сувязь гістарычнага матэрыялу з рэальнасцю, з тым, што дзецям цікава зараз. Так, вучні не вельмі любяць вывучаць перадумовы і прычыны войнаў, якія адбываліся ў XVIII—XIX стагоддзях. Настаўніца расказвае выхаванцам, што гісторыя цыклічная, усё паўтараецца і, вывучыўшы неабходны матэрыял, яны будуць разумець механізм узнікнення тых ці іншых падзей і змогуць прадказаць будучыню. Альбо педагог прапаноўвае навучэнцам выканаць выніковы тэст з дапамогай электронных прылад. Спачатку вучні самі ствараюць Google-акаўнт (гэта ім абавязкова спатрэбіцца), а потым з азартам імкнуцца прайсці тэст, убачыць памылкі і выправіць іх. Дарэчы, выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій (электронных сродкаў навучання, сэрвісаў) ніколькі не перашкаджае рабоце. Дадатковыя матэрыялы для вучобы настаўніца размяшчае на персанальным сайце. Навучэнцы самі ствараюць вэб-квесты. Зараз яны распрацоўваюць анлайн-гульню, звязаную з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
Эмацыянальны водгук знаходзяць у навучэнцаў цікавыя факты, якіх у падручніку не знойдзеш: моманты з асабістага жыцця вядомых людзей, гістарычныя казусы. Напрыклад, у 6 класе, вывучаючы пачатак Стагадовай вайны, вучні даведваюцца, як каралевы Англіі і Францыі з’явіліся ў адным месцы ў аднолькавых уборах. Яны не змаглі гэтага дараваць і ўсяляк садзейнічалі больш хуткаму пачатку вайны.
Вялікую цікавасць у навучэнцаў выклікае праектная дзейнасць. Яе педагог арганізоўвае пераважна на ўроках грамадазнаўства. Напрыклад, пры вывучэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь вучні дзеляцца на групы. Кожная вывучае пэўны раздзел Асноўнага Закона, стварае ілюстрацыі, а потым абараняе сваю работу. У выніку матэрыял збіраецца ў адзін вялікі праект. Для абароны міні-праектаў звычайна адводзіцца цэлы ўрок.
— Вучням падабаецца работа па праектах, бо няма канкурэнцыі і задзейнічаны ўсе. Нават тыя, хто хварэў ці адсутнічаў, падключаюцца ў якасці экспертаў, — тлумачыць Алена Зубар. — Па выніках праекта складаюцца віктарыны, апытанні, тэсты. Так, па тэме “Сацыяльная і біялагічная сутнасць чалавека” ў 9 класе вынікам работы на ўроку стала анкетаванне аднакласнікаў. А потым вучні параўноўвалі атрыманую інфармацыю са статыстычнай, што дало ім магчымасць разважаць і думаць. І няправільных адказаў тут не было.
Алена Сяргееўна актыўна далучае вучняў да даследчай дзейнасці. Апошнія гады педагог разам са школьнікамі шукае сувязь агульных пытанняў, якія тычацца Вялікай Айчыннай вайны, з мясцовым матэрыялам. Выпускніца Вераніка Удоўчанка напісала работу “Генацыд беларускага народа”, у якой вывучала гета ў Петрыкаве, матэрыялы мясцовага краязнаўчага музея. Вялікую дапамогу дзяўчыне аказалі члены ваенна-патрыятычнага клуба “Граніт”, які дзейнічае на базе школы. Вераніка заняла 2-е месца на абласным конкурсе “Юны архівіст”.
Яшчэ адно цікавае даследаванне на тэму “Партызанскія ўрачы” сёлета праведзена дзевяцікласніцай Ангелінай Стральчэняй. Дзяўчына вывучала, як працавала партызанская медыцына ў розных краінах свету і ў нас. Высветлілася, што ў раёне быў свой партызанскі ўрач, кіраўнік партызанскай брыгады Аляксандр Арцем’евіч Рымша. Гэтая работа, дарэчы, заяўлена на рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару.
— Каштоўнасць даследчай дзейнасці асабліва высокая, калі вучні знаёмяцца з удзельнікамі падзей. Гэта пакідае незабыўны след у іх жыцці, — адзначае педагог.
У планах настаўніцы — працягнуць супрацоўніцтва з клубам “Граніт”, а ў наступным годзе заняцца даследаваннем па тэме “Дзеці вайны”.
Сродкамі інфаграфікі
Адной з эфектыўных тэхналогій актывізацыі навучання Алена Зубар лічыць інфаграфіку. Яе прымяненне дазваляе змяніць характар навучання: паскорыць успрыманне, асэнсаванне і абагульненне матэрыялу вучнямі, а таксама сфарміраваць уменне аналізаваць паняцці і структураваць інфармацыю.
— Прымяненне графічных тэхнік на ўроках мае шэраг пераваг: разнастайнасць відаў дзейнасці і спосабаў падачы інфармацыі дазваляе актывізаваць розныя каналы ўспрымання, спрыяе павышэнню ўвагі і актыўнасці вучняў на занятках, зніжае стамляльнасць. Урок становіцца больш яркім і цікавым, — адзначае Алена Сяргееўна.
Існуюць розныя віды інфаграфікі. Так, дынамічная інфаграфіка змяшчае аніміраваныя элементы, такія як відэаінфаграфіка, аніміраваныя малюнкі і прэзентацыі. Статыстычная інфаграфіка прымушае задумацца аб праблеме або яе вырашэнні. Яна дапамагае педагогу стымуляваць разважанні школьнікаў, а вучням — прадстаўляць свае даследчыя праекты пераканаўча і доказна. Інфармацыйная інфаграфіка ідэальна падыходзіць для прадстаўлення новага вучэбнага матэрыялу або агляду вялікай тэмы. Стужка часу дапамагае вучням лепш разумець часавыя рамкі дзякуючы візуальным эфектам.
На ўроках грамадазнаўства ў 10—11 класах настаўніца выкарыстоўвае як гатовую інфаграфіку, асноўная мэта якой — прыцягнуць увагу вучняў да тэмы і навучыць аналізаваць атрыманую інфармацыю, так і інфаграфіку, створаную навучэнцамі спачатку пад яе кіраўніцтвам, а потым і самастойна (калектыўна альбо індывідуальна). У апошнім выпадку інфаграфіка можа быць вынікам даследчай работы навучэнцаў. Але тут патрабуецца вялікая падрыхтоўка. Педагог знаёміць вучняў з тым, што такое інфаграфіка, з этапамі работы над ёй, з прыкладамі гатовых малюнкаў. Затым навучэнцы індывідуальна або ў групах ствараюць інфаграфіку, а на ўроках па абароне міні-праектаў прадстаўляюць свае работы і вучацца іх абараняць. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Формы дзяржавы” педагог, папярэдне падзяліўшы клас на групы, прапануе стварыць інфаграфіку па асобнай форме дзяржаўнага ладу. Пасля абароны міні-праектаў на дошцы збіраецца калаж па тэме “Формы дзяржавы”.
Выкарыстоўваючы гатовую інфаграфіку, педагог прапаноўвае вучням наступныя заданні: “Знайдзіце ў інфаграфіцы тры цікавыя факты і праверце іх на праўдзівасць. На малюнку абавязкова ёсць ілжывы факт. Для пацвярджэння або абвяржэння інфармацыі можна выкарыстоўваць падручнік, дадатковую літаратуру або інтэрнэт-рэсурсы”. Для работы са слабапаспяваючымі навучэнцамі на кантрольна-ацэначным этапе ўрока школьнікам даецца наступнае заданне: “Зрабіце кароткую вусную справаздачу па тэме, выкарыстоўваючы інфаграфіку”. На этапе завяршэння вывучэння тэмы або раздзела настаўніца прапануе навучэнцам скласці тэст па выніковай інфаграфіцы для праверкі разумення, што на малюнку здзівіла вучняў больш за ўсё і чаму. Для актывізацыі навучэнцаў на праекціровачным этапе старшакласнікі атрымліваюць заданне з дапамогай інфаграфікі скласці план вывучэння новай тэмы і дэталізаваць яго.
— Выконваючы падобныя заданні, навучэнцы самастойна і з цікавасцю набываюць новыя веды з розных крыніц, вучацца выкарыстоўваць іх для вырашэння практычных задач, набываюць камунікатыўныя ўменні, працуючы ў розных групах. Гэтыя віды работ выкарыстоўваю не толькі на ўроках, але і на занятках па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання і цэнтралізаванага экзамену, — заўважае настаўніца.
Дарэчы, сярод шматлікіх сэрвісаў па стварэнні інфаграфікі настаўніца выбрала платформу Canva, якая мае мноства новых функцый і абнаўленняў, уключаючы інавацыйныя інструменты на базе штучнага інтэлекту, што дазваляе карыстальнікам ствараць яшчэ больш уражальныя і прафесійныя дызайны з мінімальнымі намаганнямі.
Вынікам выкарыстання інфаграфікі стала павелічэнне сярэдняга бала школьнікаў па грамадазнаўстве ў 10—11 класах: ад 6,8 у пазамінулым навучальным годзе да 7,4 — у бягучым. У апошнія гады назіраецца таксама станоўчая дынаміка ўдзелу навучэнцаў у алімпіядным руху.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара