У Бацвінаўскай сярэдняй школе ​​навучэнцаў далучаюць да прыродаахоўнай дзейнасці змалку

- 14:04Индекс успеха, Могилевская область, Образование

Навучэнцы Бацвінаўскай сярэдняй школы Крычаўскага раёна не па чутках ведаюць, што такое рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. З юных гадоў тут спасцігаюць правілы аховы навакольнага асяроддзя і асновы экалагічнай бяспекі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Наша ўстанова даўно мае статус “Зялёная школа”. Экалагічную асвету педагагічны калектыў лічыць адным з найважнейшых напрамкаў работы. Вучым дзяцей беражліва і адказна ставіцца да прыроды роднага краю, далучаем да прыродаахоўнай дзей­насці, — паведаміў дырэктар Міхаіл Банадысенка.

Паводле яго слоў, ва ўстанове склалася эфектыўная сістэма работы па фарміраванні экалагічнай культуры навучэнцаў.

— На інфармацыйных гадзінах, факультатыўных занятках і падчас асветніцкіх акцый закладваем у дзецях разуменне неабходнасці захавання біяразнастайнасці жывёльнага і расліннага свету, энерга- і водазберажэння. У пачатковых класах рэалізуецца праграма “Мы руплівыя гаспадары экагарадка”. Самыя актыўныя вучні ўвахо­дзяць у склад патруля “Захавальнік”, які пільна сочыць за выкарыстаннем энерга­рэсурсаў у школе. З энтузіязмам хлопчыкі і дзяўчынкі кантралююць выкарыстанне вады ў сталовай і санвузлах, электрычнасці ў вучэбных кабінетах. Навучэнцы аналізуюць утварэнне адходаў, прапаноўваюць свае спосабы мінімізацыі і другаснага выкарыстання смецця, — растлумачыў Міхаіл Міхайлавіч.

Асаблівую цікавасць у малодшых школьнікаў выклікае вывучэнне прыроднай біяразнастайнасці. Сумесна з педагогамі навучэнцы вызначаюць відавую прыналежнасць раслін і жывёл, якія сустракаюцца на прышкольнай тэрыторыі, а таксама адпраўляюцца ў займальныя падарожжы з наведваннем найбліжэйшых азёр, ракі і лесу.

— Калі ў вучняў ужо сфарміраваны ўстойлівыя экалагічныя ўяўленні, далучаем іх да практычнай дзейнасці. Дзеці ўдзельнічаюць у акцыях “Пакарміце птушак зімой”, “Дзень Зямлі”, “Захаваем цяпло”, “Не дай кропельцы ўпасці”, “Збяры макулатуру — захавай жыццё дрэву” і інш. Важна, што нязменныя памочнікі ва ўсіх нашых ініцыятывах — гэта бацькі, — падзялілася настаўніца пачатковых класаў Марына Грыбунова.

Старэйшыя навучэнцы займаюцца больш сур’ёзнай работай. У майстэрнях яны рэгулярна вырабляюць шпакоўні і кармушкі для птушак. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў школьнікі высадзілі каля сваёй навучальнай установы каштанавую і рабінавую алеі, заклалі малады яблыневы сад.

— Вучні прынялі ўдзел і ў стварэнні экалагічнай сцежкі. Гэта наша гордасць. На маршруце працягласцю 300 м можна назі­раць за рэдкімі чырванакніжнымі раслінамі, саджанцы якіх былі прывезены з Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Зыль.

Многае зроблена бацвінаўскімі школьнікамі і за межамі навучальнай установы. Вясной і ўвосень у складзе працоўных дэсантаў яны займаюцца прыбіраннем прыбярэжных зон і лесапаласы. Пад наглядам навучэнцаў знаходзіцца і вясковая крыніца. Пры падтрымцы прадстаўнікоў сельс­кага Савета хлопцы і дзяўчаты аднавілі яе, добраўпарадкавалі побач зону адпачынку.

— Імкнёмся ўсе значныя экалагічныя аб’екты трымаць пад сваім кантролем. Акцэнтуем на гэтым і ўвагу насельніцтва. У нас дзейнічае агітбрыгада з ліку малодшых навучэнцаў, а старэйшыя знаёмяць жыхароў аграгарадка з актуальнай інфармацыяй прыродаахоўнай тэматыкі. Прычым увесь карысны інфармацыйны матэрыял — буклеты, памяткі, лістоўкі — дзеці вырабляюць самі. Акрамя таго, вучні заўсёды гатовы аказаць пасільную дапамогу эколагам у пасадцы дрэў, навядзенні па­радку на зямлі, — заўважыла Ірына Вяча­славаўна.

У літаральным сэнсе зялёным вучні стараюцца зрабіць і сам будынак школы. Усе вучэбныя кабінеты і рэкрэацыі тут напоўнены рознымі хатнімі раслінамі, шэраг з якіх экзатычныя. Сярод інтарэсаў навучэнцаў таксама эколага-біялагічныя даследаванні. Навучэнцы неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых і абласных конкурсаў даследчага характару. Знакавыя ўзнагароды мае і навучальная ўстанова.

— Статус “Зялёная школа” мы пацвярджалі тройчы. Летась атрымалі дыплом І ступені і каштоўны прыз — электронны мікраскоп, які актыўна задзейнічаны ў адукацыйным працэсе. Дзякуючы эканомнаму рэсурсаспажыванню, выкарыстанне вады, электрычнасці і цяпла ва ўстанове ніжэйшае за норму. Але самым галоўным дасягненнем лічым тое, што нашы дзеці маюць высокі ўзровень экалагічнага выхавання і ўмела прымяняюць свае веды ў штодзённым жыцці, — падкрэсліў Міхаіл Банадысенка.

Адметна, што ў Бацвінаўскай школе пашыраюць экалагічныя гарызонты. На­доечы ўстанова падключылася да рэспуб­ліканскага праекта “Кліматычная шкатулка”. Педагогі і навучэнцы нацэлены на дэталёвае вывучэнне фактараў, якія ўплываюць на змяненне клімату.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара