У чым унікальнасць вопыту Віцебскага абласнога рэсурснага цэнтра па ваенна­-патрыятычным выхаванні

- 9:00Главная, Образование

Якімі карыснымі справамі і здабыткамі адзначаны першы год работы Віцебскага абласнога рэсурснага цэнтра па ваенна­-патрыятычным выхаванні, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Унікальнасць вопыту гэтай арганізацыйна-метадычнай адзінкі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі абумоўлена мэтавай аўдыторыяй. У рэгіёнах інтэнсіўна развіваюцца ваенна-патрыятычныя класы, клубы для навучэнцаў — на іх пераважна і арыентаваны адпаведныя рэсурсныя цэнтры. Між тым першы і адзіны ў краіне рэсурсны цэнтр, які на абласным узроўні кансалідуе дзеянні педагогаў па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі на аснове культурна-гістарычных традыцый беларускага народа, адкрылі ў жніўні мінулага года.

— Наша агульная прыярытэтная задача — сістэмнасць і эфектыўнасць у рабоце па выхаванні грамадзяніна і патрыёта, — падкрэсліла рэктар ВАІРА Вольга Лапацінская. — Стварэнне рэсурснага цэнтра дазволіла аб’яднаць і значна ўзмацніць магчымасці цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі, профільных класаў і ваенна-патрыятычных клубаў, пошукавых клубаў і атрадаў, кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Мы працуем у прамым кантакце з галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, упраўленнямі і аддзеламі па адукацыі ў раёнах, непасрэдна з нашымі кадэцкімі вучылішчамі, школамі, каледжамі. Таксама супрацоўнічаем з сацыяльнымі партнёрамі, прычым іх колькасць расце. У прыватнасці, гэта падведамасныя Міністэрству абароны вайсковыя часці, структурныя падраздзяленні Міністэрства ўнутраных спраў, абласная арганізацыйная структура ДТСААФ, Беларуская Праваслаўная Царква. І, безумоўна, рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Патрыёты Беларусі” і абласная арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, з якімі ў нас падпісаны двухбаковыя дагаворы аб супрацоўніцтве.

Разам з абласным інстытутам развіцця адукацыі асноўнымі пляцоўкамі для прэзентацыі лепшага педагагічнага вопыту, метадычных напрацовак у рамках дзейнасці рэсурснага цэнтра сталі Віцебскае і Полацкае кадэцкія вучылішчы. За год тут праведзены шэраг мерапрыемстваў для педагагічных работнікаў, уключаючы канферэнцыі і нарады, семінары-практыкумы, круглыя сталы і майстар-класы. Плён работы педагогаў Віцебшчыны па грамадзянска-патрыятычным выхаванні быў шырока прадстаўлены на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях, у тым ліку на XX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, XI Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, анлайн-пасяджэнні савета Міжнароднага метадычнага цэнтра “Акадэмія педагагічнага майстэрства: навыкі ХХI стагоддзя”, у ходзе сустрэч з прадстаўнікамі педагагічных супольнасцей Яраслаўля, Пскоўскай і Смаленскай абласцей. У ВАІРА для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні распрацавана вучэбная праграма павышэння кваліфікацыі і арганізаваны курсы.

Эфектыўную метадычную дапамогу кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні аказвае інфармацыйны партал “Ваен­рук”. Гэта яскравы прыклад паспяховага ажыццяўлення ідэі пераможцы рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Абгрунтоўваючы неабходнасць стварэння спецыяльнага электроннага рэсурсу для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, аўтар распрацоўкі Іван Здзесеў зыходзіў у тым ліку і з уласнага вопыту, бо на момант удзелу ў конкурсным адборы працаваў на гэтай пасадзе ў сярэдняй школе № 2 Віцебска імя Ф.Ц.Блахіна. Вольга Лапацінская, якая ўваходзіла ў склад журы на абласным этапе праекта, ацаніла запат­рабаванасць ініцыятывы, перспектывы маштабавання і неўзабаве прапанавала Івану Аляксандравічу рэалізаваць задуманае на базе ВАІРА. Сёння “Ваенрук” размешчаны на сайце інстытута.

Рэсурс ахоплівае ўсе напрамкі работы па ваенна-патрыятычным выхаванні. Напрыклад, тут сабраны апрабаваныя на практыцы метадычныя распрацоўкі і сцэнарыі, тэматычныя публікацыі СМІ, плакаты, фота- і відэаматэрыялы, нарматыўныя дакументы і метадычныя рэкамендацыі, падзённая хроніка вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, звесткі пра легендарных партызанскіх камбрыгаў і памятныя мясціны, звязаныя з падзея­мі Вялікай Айчыннай вайны. У раздзеле “Праф­арыентацыя” — адметны анлайн-ваенкамат са зручнымі спасылкамі на ваенны інфармацыйны партал Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь па кожным з магчымых крокаў, пачынаючы з тэрміновай службы, умоў атрымання звання малодшага камандзіра, службы па кантракце і ў рэзерве да шляху ў афіцэры. Асобна — інфармацыя для тых, хто зацікавіўся, як стаць кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні. З новага на партале можна вылу­чыць дакументальныя фільмы, інтэрактыўныя гульні і карту “Героі Віцебшчыны”.

— Рэалізацыя напрамкаў патрыятычнага выхавання прадугледжвае варыятыўнае выкарыстанне метадаў работы ў залежнас­ці ад пастаўленай задачы, абагульненне вопыту і ўкараненне перадавых методык у практыку, — адзначыла кіраўнік рэсурснага цэнтра метадыст ВАІРА Вольга Бельчанкова. — Так, для павышэння якасці арганізацыйна-метадычнага суправаджэння, трансляцыі педагагічнага вопыту на базе інстытута працуе абласное вучэбна-метадычнае аб’яднанне кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. На пасяджэннях мы абмяркоўваем надзённыя рабочыя пытанні, сумесна дапамагаем педагогам, асабліва пачынаючым, у вырашэнні канкрэтных працоўных цяжкасцей.

У цяперашні час актыўна ідзе фарміраванне банка метадычных матэрыялаў, якія адлюстроўваюць сістэму работы нашых кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. З 2024/2025 навучальнага года ў практыку гэтай катэгорыі педработнікаў ва ўстановах адукацыі вобласці будуць уве­дзены спецыяльныя журналы ўліку працы.

Сярод навацый навучальнага года — правядзенне конкурсу на лепшага кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Мы ажыццяўляем яго арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне на Віцебшчыне.

Конкурс у рэгіёне пройдзе ў два этапы з 1 верасня па 31 кастрычніка. Па яго выніках будзе сфарміравана каманда вобласці, а таксама пачнецца падрыхтоўка да ўдзелу ў рэспубліканскім фінале.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара