У верасні гэтага года дзіцячы сад № 110 Гродна па ўзросце будзе першакласнікам. Яму спаўняецца шэсць гадоў. Але ва ўстанове дашкольнай адукацыі ўпэўнены, што такі юны ўзрост не перашкода для паспяховай работы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Педагогі актыўна дзеляцца энергіяй з дзецьмі, а назапашаным вопытам і цікавымі практыкамі — з калегамі. Наладжваюць тут нават міжнародныя масты супрацоўніцтва.
Дыялог з загадчыцай дзіцячага сада Галінай Аляхновіч пачаўся літаральна з парога дашкольнай установы. І ўжо просты пералік напрамкаў работы, пра якія суразмоўніца планавала расказаць, даў зразумець: тут ёсць чым пахваліцца. Пераканалі ў гэтым і экскурсія па садзе, і рытмічнасць размовы.
Па прыкладзе маці
Шлях у педагогіку для кіраўніка дашкольнай установы пачаўся ў 1993 годзе ў Лідзе. А з 1 жніўня 2018 года яна ўзначаліла калектыў дзіцячага сада, які яшчэ толькі рыхтаваўся да сустрэчы з дашкалятамі.
— Мой шлях у прафесію пачаўся дзякуючы прыкладу, які заўсёды быў перад вачамі. Усё жыццё прысвяціла гэтай высакароднай прафесіі мая маці Валянціна Сафронаўна Шмара. 33 гады яна працавала ў Лідскім дзіцячым доме і ілюзій наконт таго, што педагогіка — лёгкі хлеб, ніколі не мела. Дзякуючы прыкладу галоўнага ў сваім жыцці настаўніка, заўсёды разумела, што гэта няпростая і адказная праца. А таму ў прафесію прыйшла свядома. Зрэшты, і сёння нярэдка звяртаюся па параду да мамы, — расказвае Галіна Аляхновіч.
Педагагічны стаж суразмоўніцы, якая літаральна нядаўна адзначыла юбілей, перасягнуў рубеж у 31 год. І багаты вопыт работы толькі пераканаў, што поспех — гэта вынік выключна калектыўнага руху ў адным кірунку, зацікаўленасці кожнага ў якасным выніку і адпаведных адносін да сваёй працы.
Удалае спалучэнне
Сёння калектыў дзіцячага сада № 110 Гродна — гэта ўдалае спалучэнне маладосці і вопыту. З 34 педагогаў амаль трэць — са стажам у прафесіі больш за 15 гадоў. І яны актыўна дзеляцца парадамі і дапамагаюць малодшым калегам.
— Чатыры маладыя спецыялісты робяць у нас свае першыя крокі ў прафесіі. За кожным з іх, безумоўна, замацаваны вопытны педагог. Але да гэтай справы далучаны практычна ўсе выхавальнікі, да кожнага можна прыйсці па параду, — адзначае Галіна Аляхновіч.
Пастаянна знаходзіцца ў цесным узаемадзеянні са спецыялістамі, стаж якіх не перавышае двух гадоў, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Святлана Матусевіч.
— У нас працуе школа маладога педагога, і ў яе межах нашы маладыя калегі ў форме самапрэзентацыі падводзяць вынікі работы за год. Гэта своеасаблівая магчымасць зірнуць на сябе збоку, каб адзначыць найбольш важнае, ацаніць, што атрымалася і на якія моманты варта звярнуць больш увагі, — гаворыць Святлана Матусевіч.
Прадугледжвае школа маладога педагога і розныя адукацыйныя інтэрактывы. Нядаўна педагогі-настаўнікі ва ўстанове дашкольнай адукацыі, напрыклад, арганізавалі для маладых калег гульню “Што? Дзе? Калі?”.
— Як вядома, лепш за ўсё засвойваюцца веды, атрыманыя ў форме гульні, — з усмешкай дадае Галіна Вацлаваўна. — Відэапытанні, якія падрыхтавалі знаўцы маладым спецыялістам, тычыліся розных аспектаў вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Групавое абмеркаванне паказала, што маладыя спецыялісты добра валодаюць вучэбнай праграмай і выдатна засвоілі асаблівасці работы па патрыятычным выхаванні дашкольнікаў.
Патрыятычныя акцэнты
Патрыятычнаму выхаванню ў дзіцячым садзе № 110 Гродна садзейнічаюць не толькі тэматычныя куткі ў групах. У дашкольнай установе ёсць свой міні-музей “Беларуская хатка”. На заняткі і экскурсіі дзеці заўсёды спяшаюцца сюды з задавальненнем, бо ў цікавай інтэрактыўнай прасторы з паметкай “этна” ім дазваляюць браць у рукі ўсе экспанаты. Нярэдка апошнія падарожнічаюць і непасрэдна ў групы.
— Напрыклад, на занятках па электрабяспецы з карцінкай сучаснага праса суседнічае яго прататып, які награваўся з дапамогай вугалю, з нашага музея, — прыводзіць прыклад выхавальніца Святлана Мінько.
Педагогі Галіна Кармільчык і Святлана Матусевіч, дарэчы, распрацавалі экскурсію і цыкл заняткаў у музеі.
— Аб важнасці ведання і шанавання мінулага нагадваем дзецям у тым ліку на мове творчасці. Штогод напярэдадні 9 Мая прапаноўваем хлопчыкам і дзяўчынкам разам з бацькамі падрыхтаваць паштоўкі для ветэранаў. Што важна, перадаюць паштоўкі старшыні савета ветэранаў Кастрычніцкага раёна Гродна самі выхаванцы старшых груп. І дзеці да гэтага заўсёды адказна рыхтуюцца: вучаць вершы і пажаданні, — расказвае Галіна Аляхновіч.
Міжнароднае сяброўства
Усім добра вядома, што лепш за ўсё выхоўваць сваім прыкладам. Калектыў дашкольнай установы — наглядны ўзор актыўнасці для дзяцей. Штодзень выбудоўваючы ўзаемаадносіны з дашкольнікамі, выхавальнікі паспяваюць прадукцыйна ўзаемадзейнічаць не толькі з калегамі з розных куткоў Прынямоння, але і з замежнымі.
У гэтым годзе ў рамках міжнароднага праекта “Расія — Беларусь. Садружнасць” наладзілі цесны кантакт з педагогамі з дзіцячага сада № 132 Калінінграда.
— У сакавіку правялі з педагогамі з Расіі сумесныя майстар-класы па гатаванні страў расійскай і беларускай кухні. У красавіку падчас анлайн-сустрэчы абмяняліся цікавымі ідэямі. А ўжо ў пачатку мая педагогі разам з выхаванцамі, якія выконвалі ролю юных экскурсаводаў, запісалі для калінінградскіх сяброў відэаэкскурсію па Гродне, — знаёміць з праектам у дзеянні кіраўнік дашкольнай установы.
У межах праекта малышы з Гродна разам з выхавальнікамі падрыхтавалі равеснікам з Калінінграда сувеніры з беларускім каларытам. А ў падзяку атрымалі незвычайныя малюнкі ад дзяцей з Расіі. На іх не проста выявы славутасцей Калінінграда, а размешчаны QR-коды, якія адсылаюць да адпаведнага відэасюжэта.
Цікавую ідэю ў Гродне ўзялі на заметку і ўпэўнены, што спатрэбіцца яна не раз, бо сябруюць тут яшчэ і з педагогамі з Паўднёва-Сахалінска. Сёлета для ўдзелу ў міжнародным фестывалі “Немагчымае магчыма” ў гэтым кутку Расіі педагогі дашкольнай установы сумесна з выхаванцамі падрыхтавалі мультфільм, які агучылі дзеці з групы з цяжкімі парушэннямі маўлення.
Галоўны рэсурс — людзі
Прымалі ў дзіцячым садзе № 110 Гродна ў гэтым навучальным годзе і калег з Томска. Галоўнай тэмай дыялогу аб адукацыі тады сталі заняткі для дашкалят “Інфарматыка без разеткі”.
Выхавальнікі дзіцячага сада Гродна далучыліся да яго аднымі з першых у Беларусі. І ўжо на працягу трох гадоў пад кіраўніцтвам вопытнага цьютара Ірыны Бодак дзеці з цікавасцю знаёмяцца са светам алгарытмічнага мыслення.
У 2020 і 2022 гадах дзіцячы сад № 110 Гродна быў у тройцы лідараў у гарадскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы. Кіраўнік дашкольнай установы ўпэўнена, што за гэтым поспехам стаіць увесь калектыў. І пра сваіх педагогаў нярэдка гаворыць як пра лепшых. Напрыклад, педагог Галіна Кармільчык стала пераможцай раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2023” у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”.
Актыўна прэзентуе свае напрацоўкі калегам рэгіёна і Святлана Мінько. У адным з нядаўніх раённых фестываляў прафмайстэрства вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў выклікаў яе поліфункцыянальны дапаможнік у форме куба, кожная грань якога вырашае сваю адукацыйную задачу.
Сярод згаданых Галінай Аляхновіч педагогаў хочацца спыніцца на асобе кіраўніка фізічнага выхавання Юліі Варожка, якая актыўна знаёміць дзяцей з алімпійскім рухам. У межах прапанаванага Беларускай алімпійскай акадэміяй праекта “Марафон 3.0 алімпійскай адукацыі” яна праводзіць з дзецьмі цыклы адпаведных заняткаў. Акрамя таго, мінулым летам выхаванцы дзіцячага сада па яе прапанове з цікавасцю выконвалі заданні распрацаванага акадэміяй алімпійскага адвент-календара: знаёміліся з Алімпійскімі гульнямі, стваралі свае медалі, глядзелі сюжэты пра спартсменаў, скакалі, як Мішка-алімпішка, паўтаралі заданні чэмпіёнаў і інш.
— Робячы стаўку на сучаснасць, у сваёй рабоце абапіраемся на фундаментальныя асновы педагогікі. Так, стараемся рухацца наперад упэўненым крокам, — рэзюмуе нашу сустрэчу загадчыца дашкольнай установы.
І перад намі зноў жа прыклад удалага тандэма маладосці і вопыту — сучаснасці і мінулага. І вельмі важна, што ў сваёй узаемасувязі яны працуюць на карысць галоўных герояў любой дашкольнай установы — дзяцей.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва ўстановы дашкольнай адукацыі