Адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Кіраўнікі абмяняліся віншаваннямі з нагоды чарговай гадавіны ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем (пад знакам гэтай даты і прайшла размова), падрабязна абмеркавалі розныя сферы супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін канстатавалі высокі ўзровень беларуска-кітайскіх палітычных адносін, якія паспяхова развіваюцца ў фармаце давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. З улікам існуючай высокай дынамікі ва ўзаемадзеянні бакі гатовы і далей павышаць узровень супрацоўніцтва і ўзгадняюць тэкст адпаведнай дэкларацыі.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Старшыні КНР за падтрымку Беларусі на міжнароднай арэне. Як адзначыў у гэтым кантэксце кітайскі лідар, толькі народ можа вырашаць і вызначаць будучыню сваёй краіны. У цэлым жа стратэгічныя партнёры Беларусь і Кітай будуць разам процістаяць знешнім пагрозам. Беларусь таксама прадоўжыць аказваць Кітаю падтрымку па ўсіх ключавых пытаннях.
Значная ўвага ў размове была ўдзелена сітуацыі з пандэміяй COVID-19. Бакі абмяняліся інфармацыяй аб мерах па процідзеянні распаўсюджванню інфекцыі. Кітайская Народная Рэспубліка пацвердзіла гатоўнасць паставіць у Беларусь вакцыну ад COVID-19 у патрэбным аб’ёме.
Як безумоўна пазітыўны факт Прэзідэнт Беларусі і Старшыня КНР адзначылі рост двухбаковага гандлю. Яны з задавальненнем канстатавалі, што спаду ўдалося не дапусціць у складаных умовах пандэміі і зніжэння дзелавой актыўнасці. У якасці прыкладу ў гэтым выпадку былі прыведзены пастаўкі беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на рынак КНР.
У цэнтры ўвагі былі і пытанні далейшага развіцця і рэалізацыі патэнцыялу індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, які з’яўляецца ключавым элементам удзелу Беларусі ў ініцыятыве “Пояс і шлях”. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь традыцыйна будзе актыўным удзельнікам ініцыятывы. Таму стратэгічна важна актывізаваць знакавае супрацоўніцтва ў індустрыяльным парку “Вялікі камень” і істотна пашырыць прысутнасць вядучых кітайскіх кампаній і банкаў у Беларусі.
У мэтах развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва прапанавана аб’явіць Год рэгіёнаў Беларусі і Кітая і правесці яго на працягу трох гадоў, з 2021 па 2023 год.
Прэзідэнт Беларусі і Старшыня КНР абмеркавалі і пытанне найбліжэйшай вочнай сустрэчы.