У гэтым навучальным годзе звыш 13 тысяч абітурыентаў прайшлі рэпетыцыйнае тэсціраванне ў БНТУ. Самым масавым па традыцыі стаў трэці этап, у якім паўдзельнічала амаль 5 тысяч чалавек. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Нагадаем, рэпетыцыйнае тэсціраванне можна прайсці па 15 вучэбных прадметах, папярэдне зарэгістраваўшыся на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Традыцыйна пляцоўкамі пробнага тэсціравання становяцца ўстановы вышэйшай адукацыі. Але не толькі яны праводзяць РТ. Поўны спіс навучальных устаноў, якія прымаюць удзельнікаў тэсціравання, размешчаны на сайце РІКВ. Адна з іх — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, куды мы і завіталі днямі.
“Мы праводзім рэпетыцыйнае тэсціраванне больш за 15 гадоў. Сёлета павялічылі колькасць дзён РТ. Так, калі ў мінулыя гады мы яго праводзілі з серады па суботу, то зараз ва ўсе дні, акрамя нядзелі. Да таго ж і час пачатку РТ таксама зменены. Калі здаюцца фізіка, матэматыка і хімія, якія абітурыенты пішуць 150—210 мінут, то тэсціраванне пачынаецца ў 15.30. РТ па астатніх прадметах, на якія адводзіцца ад 90 да 120 мінут, пачынаецца ў 17.30. Чаму такі час мы прапаноўваем абітурыентам? Усе этапы тэсціравання праводзяцца выключна ў галоўным корпусе нашага ўніверсітэта, і неабходна, каб скончыліся студэнцкія заняткі. Акрамя гэтага, і школьнікам трэба перакусіць пасля ўрокаў і паспець даехаць да нас. У суботу ж РТ пачынаецца а 14-й гадзіне”, — паведаміла намеснік дырэктара Інстытута інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі Святлана Грыбкова.
Старт трэцяму этапу рэпетыцыйнага тэсціравання ў БНТУ быў дадзены 2 сакавіка, завяршаецца ён 28 красавіка.
“Апошні этап РТ традыцыйна самы масавы. Для параўнання: у сакавіку, за адзін месяц, тэсціраванне ў нас здалі столькі ж чалавек, колькі за ўвесь другі этап. А ў красавіку яшчэ больш. Паводле тэндэнцыі, з году ў год расце колькасць абітурыентаў, якія прыходзяць на рэпетыцыйнае тэсціраванне, прычым пачынаючы ўжо з 9 класа. А сёлета тым больш выпускнікі школ масава пайшлі на РТ, бо асабліва хвалююцца з-за здачы ЦЭ, а РТ дазваляе падрыхтавацца і да яго”, — патлумачыла Святлана Міхайлаўна.
Па яе словах, найбольш папулярнымі прадметамі рэпетыцыйнага тэсціравання ў БНТУ застаюцца руская мова, матэматыка, англійская мова, фізіка і беларуская мова.
“Так, на першым этапе РТ па рускай мове да нас прыйшло больш за 1350 чалавек, на другім — 1870, а на трэцім — звыш 1900. У сваю чаргу матэматыку здавалі так: на першым этапе — амаль тысяча абітурыентаў, на другім — крыху больш за 820, а на трэцім — звыш 1100, — праінфармавала намеснік дырэктара ІІФНіМА. — Зыходзячы з вопыту, сярэдні час выканання тэставых заданняў — 60 мінут. Хоць заўсёды ёсць і тыя, хто любіць сядзець да апошняга”.
Дарэчы, у час рэпетыцыйнага тэсціравання будучыя абітурыенты часцей за ўсё пытаюцца, калі можна атрымаць вынікі, ці будуць падобныя заданні на ЦТ, чаму толькі два варыянты РТ і г.д. Часам арганізатары РТ, каб разрадзіць атмасферу, жартуюць з будучымі абітурыентамі.
“Асабліва вылучаюцца тыя, хто ўпершыню прыйшоў на РТ, яны моцна хвалююцца, у іх нават рукі дрыжаць. Мы спрабуем іх супакоіць, гаворачы, што гэта толькі рэпетыцыя, ды і ўвогуле, стараемся настройваць абітурыентаў на пазітыў, — расказала Святлана Міхайлаўна. — Адзінае, пастаянна нагадваем ім, што і на РТ, і асабліва на ЦТ нельга карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Іх можна пакінуць у спецыяльных скрынях. Бо калі, напрыклад, у час ЦТ нехта патэлефануе і гэта зафіксуе экзаменацыйная камісія, абітурыент будзе выдалены з аўдыторыі і, на жаль, у гэтым годзе не зможа пераздаць ЦТ, адпаведна, не зможа прэтэндаваць на паступленне ва ўніверсітэт”.

Удзел у рэпетыцыйным тэсціраванні дазваляе абітурыентам азнаёміцца з тэматыкай тэставых заданняў, праверыць узровень уласных ведаў, набыць навыкі запаўнення бланкаў і псіхалагічна падрыхтавацца да будучых выпрабаванняў. Гэта пацвярджае і вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 173 Мінска Паліна: “Сёння я здавала РТ па беларускай мове. Да гэтага ўдзельнічала ў другім этапе, і хоць набрала нядрэнныя балы, лічу, трэба яшчэ падрыхтавацца. Бо мне для паступлення на журфак неабходны высокі бал. Добра, што яшчэ ёсць час. Увогуле, карысць РТ у тым, што ты разумееш не толькі, дзе засталіся прабелы, але і як праходзіць такі экзамен, як трэба запаўняць бланк, што, як аказалася, не менш важна. Раю ўсім узмоцнена рыхтавацца, ніколі не ленавацца, верыць у свае сілы і не хвалявацца”.
Святлана Грыбкова таксама пераканана, што чым больш абітурыенты ходзяць на РТ, тым больш спакойна і ўпэўнена адчуваюць сябе на ЦТ: “Многія глядзяць, як фармулююцца заданні, па якіх тэмах найбольш часта трапляюцца пытанні, разумеюць, дзе ў іх прабелы і што небходна паўтарыць або падвучыць”.
Дарэчы, апрацоўка адказаў і падлік вынікаў РТ ажыццяўляюцца па тэхналогіі ЦТ. Пасля завяршэння кожнага этапу абітурыенты атрымліваюць рашэнні тэставых заданняў для правядзення работы над памылкамі.
Да таго ж РІКВ штогод прапануе абітурыентам бясплатна прайсці дыстанцыйнае рэпетыцыйнае тэсціраванне таксама па 15 прадметах. Тэсты ДРТ па структуры і тэматыцы падобныя да тых, што здаюцца на РТ і ЦЭ/ЦТ. Таму кожны, хто хоча паспяхова справіцца з іспытамі, можа прарашаць тэсты і адразу атрымаць вынікі.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара
Чытайце матэрыялы дадатку да “Настаўніцкай газеты” “Абітурыент” у нумары ад 28 красавіка 2023 года.





