У гісторыю ўвайсці

- 18:53Выхаванне, Выхаваўчая работа

На базе лагера “Рэспубліка Спадчына” сярэдняй школы № 8 Гродна арганізаваны профільны атрад “ГІсТорыкі”.

Мерапрыемствы былі звязаны вядучым матывам — раскрыць розныя грані гістарычнай памяці. Асаб­лівасцю заняткаў з выхаванцамі атрада, навучэнцамі 5—8 класаў, стаў новы падыход правя­дзення практычнай часткі мера­прыемстваў. Педагогі вырашылі паспрабаваць новы напрамак пры арганізацыі аздараўлення — інфармацыйныя тэхналогіі, праз якія дзеці вывучалі гісторыю і культуру роднага горада, яго славутасці. Бо “ГІсТорыкі” — гэта Гродна + ІТ + гісторыя.

Кожны дзень дзеці выконвалі новыя заданні на кемлі­васць, логіку, па камп’ютарнай графіцы, вывучалі робататэхніку і камп’ютарныя праграмы для стварэння творчых работ па гісторыі Гродна. Невыпадкова выхавальнікамі ў атрадзе працавалі настаўнікі гісторыі і інфарматыкі. Немалаважным таксама з’яўлялася ўзаемадзеянне з установамі дадатковай адукацыі, а менавіта з абласным цэнтрам тэхнічнай творчасці, у якім право­дзілася значная частка заняткаў на камп’ютарах. Гэта дазволіла знайсці новы занятак многім падлеткам і вызначыць у далейшым іх занятасць пасля ўрокаў.

— У пачатку змены мы атрымалі білет у віртуальны свет камп’ютарнай гульні. А назад выйсці і атрымаць суперпрыз атрымалася толькі ў тых, хто змог прайсці гульню да канца і выканаць задачы кожнага ўзроўню. Для гэтага нам трэба было запоўніць чэк-ліст, дзе кожны адзначаў выкананыя заданні, — падзялілася Паліна Кісялёва, выхаванка атрада “ГІсТорыкі”. — Таксама мне вельмі спадабаліся заняткі ў робаклубе ў цэнтры тэхнічнай творчасці, больш за ўсё запомніўся віртуальны бой, дзе мы шукалі стратэгію для абароны Гродна ў часы Вялікай Айчыннай вайны. І, вядома, мы не забывалі спартыўныя мерапрыем­ствы, наведвалі басейн, бо самае галоўнае заданне — стаць сапраўднай камандай, каб перамагчы ў фінальнай бітве са штучным інтэлектам.

Для таго каб запоўніць чэк-ліст, выхаванцам трэба было навучыцца выконваць заданні пяці ўзроўняў. На працягу змены неабходна было зрабіць малюнак у праграме Paint на тэму “Замкі Беларусі”, фотакалаж “Гістарычнае Гродна”, прайсці сімулятар бою “Вызваленне Гродна”, стварыць прэзентацыю ў праграме PowerPoint на тэму “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Гродна”, відэаролік у праграме VivaVideo на тэму “Славутасці Гродна”, прайсці віктарыну ў сэрвісе LearningApps.org
“Гістарычнае Гродна”, ства­рыць ­гульню на мове праграмавання Scratch на тэму “Маё Гродна”. Каб сабраць матэрыял і выка­наць заданні, дзеці займаліся з настаўнікамі гісторыі, шукалі звесткі пра Гродна ў інтэрнэце, наведвалі экскурсіі.

Большая частка мерапрыемстваў тычылася гісторыі ваеннага Гродна. Да 22 чэрвеня выхаванцы атрада самастойна падрыхтавалі прэзентацыю “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Гродна”. У 12.00 падчас Усебеларускай мінуты маўчання дзеці прадэманстравалі прэзентацыю выхаванцам іншых атрадаў.

У канцы змены лагера ўсе выхаванцы атрада атрымалі сертыфікат аб засваенні курса, салодкія тэматычныя падарункі, а самыя старанныя і актыўныя былі ўзнагароджаны білетамі на наведванне “Цягніка Перамогі”.

— Выхаванцам атрада “ГІсТорыкі” выпаў гонар прыняць удзел у экскурсіі. Было адчуванне рэальнасці таго, што адбывалася ў ваенныя гады, пакуты ў вачах людзей, карціна разрухі і жа­ху ваенных злачынстваў гітлераўскіх войскаў, непахісная воля да перамогі савецкіх людзей, — адзначыла настаўніца гісторыі выхавальнік атрада Кацярына Апон.

Атрымаўся адначасова вясёлы і сур’ёзны, забаўляльны атрад для дзяцей і падлеткаў. Яны змаглі праявіць свае творчыя і лідарскія якасці, правесці час з карысцю і знайсці новых сяброў.

Сняжана КІСЯЛЁВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце 
сярэдняй школы № 8 Гродна.