Адкрыты ваенна-патрыятычны турнір імя Міхаіла Сцяпанавіча Грыневіча сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту прайшоў у Полацку.

Спаборніцтвы былі арганізаваны ў рамках Года гістарычнай памяці і прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння М.С.Грыневіча. Мэта турніру — выявіць узровень фізічнай падрыхтоўкі да службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і матываваць моладзь да яго пастаяннага павышэння. У ліку пастаўленых задач — папулярызацыя заняткаў спортам сярод навучэнцаў школьнага ўзросту, прапаганда здаровага ладу жыцця, набыццё вопыту ўдзелу ў спаборніцтвах, выяўленне наймацнейшых спартсменаў і каманд.
У праграму ўваходзілі візітная картка (прадстаўленне каманды), стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, падцягванне на перакладзіне і ваенная эстафета. Апошні этап самы відовішчны: эстафета ўключала разборку зброі — бег 20 м, зборку зброі — бег 20 м, апрананне бронекамізэлькі — бег 20 м, апрананне ІСА — бег 20 м.
— Спаборніцтвы адбыліся на базе вайсковай часці 5530, з якой мы цесна супрацоўнічаем, — пракаменціравала дырэктар сярэдняй школы № 14 Полацка Аксана Грыб. — У нашых партнёраў вялікі вопыт работы з моладдзю. Агульнае кіраўніцтва падрыхтоўкай і правядзеннем турніру ажыццяўлялася педагагічным калектывам школы сумесна з камандаваннем часці.
М.С.Грыневіч нарадзіўся ў Смаленскай вобласці малодшым сынам у вялікай сям’і, дзе было дзесяць дзяцей: тры браты і сем сясцёр. 22 чэрвеня 1941 года быў прызваны ў Чырвоную Армію і пасля паскоранага курсу ў Тамбоўскім пяхотным вучылішча 19-гадовым юнаком трапіў на фронт. З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл праявіў сябе як кемлівы і бясстрашны воін, за выкананне спецыяльных заданняў разведкі і захопу “языкоў” адзначаны некалькімі баявымі ўзнагародамі. У чэрвені 1944 года М.С.Грыневіч атрымаў цяжкае раненне і пры гэтым працягваў кіраваць боем, пакуль не страціў прытомнасць. У медсанбаце параненага палічылі безнадзейным. Міхаіл застаўся жывы і пазней даведаўся, што медыкі збіраюцца яго камісаваць. Хітрасцю дастаў салдацкае абмундзіраванне і без дакументаў уцёк са шпіталя, на спадарожных машынах дабраўся да сваёй дывізіі. Пасля гэтага ўдзельнічаў у вызваленні Украіны, Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны М.С.Грыневіч быў цяжка паранены 5 разоў. У Савецкай Арміі служыў да 1973 года на розных пасадах. Адразу пасля звальнення ў запас пачаў працаваць ваенным кіраўніком у сярэдняй школе № 14 Полацка.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 14 Полацка.





