Калі ў новы дзіцячы сад № 6 Фаніпаля прыходзяць госці, іх заўсёды сустракаюць Фаня і Поля — дзяўчынкі, з імёнамі якіх звязана гісторыя паходжання горада.
Думаючы над канцэпцыяй сваёй дашкольнай установы яшчэ на этапе яе будаўніцтва, загадчыца сада № 6 Юлія Пражэнік вырашыла: выхаванне дзяцей трэба пачынаць з самага простага, але вельмі важнага — з прывіцця любові і павагі да роднага краю і яго гісторыі.
“Фаня і Поля — гэта дзве сястрычкі, якія дапамагалі людзям і ў гонар якіх на ўскраіне Фаніпаля расце велізарны яблыневы сад, — расказвае Юлія Пражэнік. — Менавіта таму на нашых калідорах намаляваны дзяўчынкі з яблыкамі ў руках. А калі прыязджаюць у садок госці, нашы маленькія выхаванкі ў ролі Фані і Полі сустракаюць іх”.
Але не толькі гістарычная канцэпцыя вызначае адметнасць новага дзіцячага сада. Установа прыемна здзіўляе і радуе новымі тэхналогіямі, якія ў яго былі закладзены падчас праектавання.
Для таго каб стварыць бяспечныя ўмовы знаходжання выхаванцаў, на брамцы цэнтральнага ўвахода ва ўстанову ўсталяваны электрамеханічны замок і дамафонная сістэма з магчымасцю дыстанцыйнага кіравання. Трапіць на тэрыторыю дзіцячага сада могуць толькі педагагічны калектыў і бацькі дзетак — ва ўсіх іх ёсць дамафонныя ключы.
“Усе чатыры ўваходы ў будынак аснашчаны сістэмай з карткай кантролю і доступу, — зазначае Юлія Пражэнік. — Таксама ў нас абсталяваны прапускны пункт з устаноўленай трывожнай кнопкай, а ў холах, харчаблоку і па агульным перыметры будынка ўстаноўлена сістэма відэаназірання. Усюды ёсць пажарная сігналізацыя”.
У садку, які пачаў сваю работу ў верасні мінулага года, створаны аптымальныя ўмовы для арганізацыі вучэбнай і гульнявой дзейнасці больш чым 200 дзяцей. На розных паверхах будынка размясціліся музычная і фізкультурная залы, медыцынскі блок, пункт карэкцыйнай дапамогі, кабінет настаўніка-дэфектолага, сенсорны пакой. Для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прадугледжаны маўленчыя інфарматары, пасажырскія ліфты, пандус, поручні, тактыльныя мнемасхемы, таблічкі са шрыфтам Брайля, тактыльная тратуарная плітка
і інш. У холах і кабінетах будынка абсталяваны SMART-цэнтр, цэнтр “STEAM-гульня”, а таксама спецыялізаваныя кабінеты выяўленчага мастацтва і мультыстудыя, цэнтр патрыятычнага выхавання, экалагічны пакой, пакой навучання дзяцей асновам бяспекі, зала для гульні ў шашкі і шахматы. Вельмі цікавым не толькі для дзяцей, але і для дарослых з’яўляецца цэнтр астраноміі, у якім, калі зойдзеш, можна надоўга затрымацца.
Чытайце матэрыял Наталлі Сахно ў нумары ад 10 лютага 2023 года.