У Гродне адкрыецца новая школа, якая прэтэндуе на званне адной з самых буйных у рэспубліцы

- 9:00Главная, Образование

Установу, якая адкрыецца ў самым маладым мікрараёне абласнога цэнтра Грандзічы, будуць наведваць 1020 дзяцей у адну змену. Ад бацькоў першакласнікаў паступіла ўжо 499 заяў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Нон-стоп падрыхтоўка

У кожным кутку ўстановы адукацыі, як і на прылеглай да яе тэрыторы, на ўсю моц кіпіць работа. Будаўнічыя брыгады на сённяшні дзень працуюць у рэжыме нон-стоп: у некалькі змен пачынаючы з сямі раніцы і да дзевяці вечара. Не спыняецца работа нават у нядзелю.

Да таго ж свой уклад уносяць і будучыя педагогі школы. Яны прыводзяць у парадак ужо ўкамплектаваныя мэбляй кабінеты і ствараюць утульную атмасферу для галоўных навасёлаў — школьнікаў.

Прыём дакументаў ад жыхароў мікрараёна завяршаецца 15 жніўня. Але можам ужо з упэўненасцю казаць, што парог новай школы 1 верасня пераступяць больш за 2000 навучэнцаў. Толькі першых класаў будзе сфарміравана не менш як 18, — гаворыць дырэктар новай школы Аліна Жук.

Кадры вырашаюць усё

Адказваць за адукацыйны працэс ва ўстанове адукацыі будуць больш за 120 педагогаў. А першым працоўным месцам школа пад нумарам 42 стане для 21 маладога спецыяліста. Папрасіць парады яны заўсёды змогуць у педагогаў з вялікім вопытам работы.

— Працую настаўніцай з 1993 года, і мой педагагічны стаж у гэтым годзе ўжо перасягнуў мяжу ў 30 гадоў. Да нядаўняга часу працавала настаўнікам у гродзенскай гімназіі № 10 імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева). Зараз вось новая старонка ў працоўнай біяграфіі, новы вопыт у вельмі вялікім калектыве. Чаканні самыя аптымістычныя. Упэўнена, што ў новай установе будуць створаны ўсе ўмовы, каб праявіць і паказаць сябе, — падзялілася настаўніца гісторыі Анжаліка Калоша.

Значная частка калектыву ўжо знаёмы паміж сабой. Усіх іх сёння аб’ядноўвае важная справа — падрыхтоўка школы да сустрэчы з навучэнцамі. Для апошніх тут будуць створаны ўсе ўмовы для вучобы.

Усё для вучобы

Дастаткова сказаць, што ў новай школе будзе абсталявана шэсць лінгафонных кабінетаў. Сваё месца ў іх зоймуць камп’ютары са спецыяльнымі праграмамі для займальнага вывучэння замежнай мовы. Праслухоўваць, напрыклад, аўдзіраванне школьнікі змогуць праз навушнікі. Акрамя традыцыйных кабінетаў хіміі і біялогіі, у новай школе будуць асобныя лабараторыі для вывучэння гэтых прадметаў. У іх для зручнасці школьнікаў да кожнага стала будзе падведзена электра- ці водазабеспячэнне.

У вучэбных кабінетах свае месцы зоймуць некалькі інтэрактыўных дошак і больш за дзясятак праектараў, а таксама тэлевізары для трансляцыі дынамічнай нагляднасці.

Акрамя тэхнічнага абсталявання вучэбных класаў, закупілі ў школу ўжо і турыстычны інвентар. Палаткі з рэчмяшкамі, са слоў дырэктара, знойдуць сваё прымяненне, магчыма, ужо наступным летам. Навучэнцы змогуць адправіцца ў паход ці ў лагер з кругласутачным знаходжаннем, як кажуць, у палявых умовах.

Сацыякультурны цэнтр мікрараёна

Што да сталовай, у прасторнай зале абедаць змогуць адразу 340 навучэнцаў. А ў падвальным памяшканні школы размесціцца не толькі гардэроб, але і стралковы цір. Дырэчы спартыўная інфраструктура ўстановы адукацыі заслугоўвае асобнай увагі. Акрамя спартыўнай залы павялічанай плошчы, у школе будуць трэнажорная, гімнастычная і харэаграфічная залы. Дапаўняюць гэтую спартыўную кампанію басейн з двюма ваннамі і сучасны стадыён з футбольным полем высокай якасці.

— На школьнай тэрыторыі сваё месца зоймуць таксама забаўляльныя лакацыі, даступныя для дарослых і дзяцей. Адным словам, ёсць усё неабходнае, каб навучальная ўстанова стала для жыхароў маладога мікрараёна сапраўдным сацыякультурным цэнтрам, — дадае кіраўнік установы адукацыі Аліна Казіміраўна.

Сумнявацца ў гэтым не даводзіцца. У пацвярджэнне гэтай здагадкі быў выпадак падчас знаёмства карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з новай установай адукацыі. Адзін з жыхароў мікрараёна шукаў сустрэчы з дырэктарам, каб пацікавіцца магчымасцю пагуляць у футбол з дваровай камандай хлопцаў на новым полі. Пакуль гэтая опцыя яшчэ недаступна з прычыны актыўнай працы ля сцен школы, аднак у хуткім часе дзіцячыя галасы тут будуць сціхаць толькі з заходам сонца.

Сімвалічнае месца на карце

На лагічнае і заканамернае пытанне аб планах на найбліжэйшы час адказ дырэктара быў відавочны. План нумар адзін зараз — стварыць усе ўмовы для сустрэчы са школьнікамі. І ўсё ж, забягаючы наперад, Аліна Казіміраўна дадала:

— Ёсць ідэя стварэння ў нашай школе музея хлеба. Разгарнуцца ў раскрыцці зместу тэмы сапраўды ёсць дзе. Бо хлеб — гэта не проста сімвал гасціннасці і нялёгкай працы хлебаробаў. Хлеб у некаторым сэнсе аб’ядноўвае ўсіх беларусаў, а яго каштоўнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны складана пераацаніць.

Сімвалічным можна лічыць і месца размяшчэння школы. Шырокай чатырохпалоскай з аднаго яе боку цягнецца гарадская вуліца Макаравай. Сумняваюся, што памылюся, сказаўшы, што кожны педагог горада адразу суадносіць імя са знакавай у гэтай прафесіі асобай Валянціны Макаравай. Выдатнік адукацыі была ўзнагароджана ордэнам Францыска Скарыны і ўнесена ў кнігу славы Гродна. Многія гады яна ўзначальвала калектыў гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага, а з 2018 года яе імя прысвоена вуліцы мікрараёна, які актыўна будуецца.

Застаецца спадзявацца, што і новая школа паспрыяе з’яўленню новых зорак у прафесійнай сям’і Гродзеншчыны.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара