Прэзідэнту Беларусі прадставілі новы дапрацаваны праект Канстытуцыі Беларусі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з рабочай групай па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі.
— Канстытуцыйная камісія правяла пэўную работу, прапанавала свае варыянты, а цяпер рабочая група спецыялістаў, створаная распараджэннем Прэзідэнта, працуе над шліфоўкай гэтай Канстытуцыі. І, калі па-народнаму ўжо гаварыць, прапісвае гэтую Канстытуцыю юрыдычнай мовай, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Я атрымаў апошні варыянт, прапісаны варыянт, Канстытуцыі з улікам нашых ранейшых дамоўленасцей у рабочай групе.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што таксама хацеў бы пачуць, чым было матывавана выключэнне некаторых артыкулаў і асабліва дабаўленне новых палажэнняў.
Перад рабочай групай стаяла задача адпрацаваць прынцыповыя пытанні, якія тычацца падрыхтоўкі канстытуцыйных змяненняў. Галоўныя з іх, паводле слоў Прэзідэнта, замацаванне ролі Усебеларускага народнага сходу, пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады, захаванне збалансаванасці дзяржапарату і інш. Пры гэтым важна, перакананы Аляксандр Лукашэнка, ні ў якім разе не разбураць існуючую ў Беларусі сістэму ўлады.
Па словах беларускага лідара, спатрэбіцца яшчэ адно пасяджэнне рабочай групы, а потым варыянт будзе вынесены на Канстытуцыйную камісію. У далейшым адбудзецца грамадскае абмеркаванне праекта Асноўнага закона, канчатковы варыянт Канстытуцыі будзе вынесены на рэспубліканскі рэферэндум.
Прэзідэнт заўважыў, што эксперты рабочай групы падтрымалі не ўсе прапановы Канстытуцыйнай камісіі:
— Гэта добра, што ёсць розныя пункты гледжання. Напэўна, любая канкурэнцыя, любыя пункты гледжання, якія маюць права быць, пры сутыкненні садзейнічаюць выпрацоўцы нармальных палажэнняў будучай Канстытуцыі. Толькі так, я лічу, мы выйдзем на дастойны праект Асноўнага закона, які, вядома ж, людзі ўжо чакаюць.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што работа па абнаўленні Канстытуцыі Беларусі праводзіцца ў інтарэсах большасці грамадзян, але жыць па Асноўным законе давядзецца ўсім грамадзянам Беларусі і тым, хто прыедзе ў Беларусь.
Як заявіў у час сустрэчы кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, прадстаўлены кіраўніку дзяржавы новы дапрацаваны праект Канстытуцыі — вынік дэталёвага, напружанага абмеркавання:
— Намі прапрацаваны кожны артыкул праекта. І нават пасля таго, як ён быў накіраваны вам, актыўнае абмеркаванне з членамі рабочай групы працягваецца, і сёння яшчэ ўносяцца асобныя дапаўненні, удакладненні.
Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Кацярына РУМЯНЦАВА.