Івацэвіцкі дзяржаўны аграрны каледж рыхтуе рабочых для аграпрамысловага комплексу, сферы абслугоўвання, лёгкай прамысловасці і будаўнічай галіны. Навучэнцы з АПФР тут таксама могуць асвоіць адну з шасці кваліфікацый. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сёння ў каледжы рэалізуюцца адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі па 14 спецыяльнасцях. Сярод іх “Зварачныя работы”, “Эксплуатацыя і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі”, “Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў”, “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”, “Выраб мэблі”, “Абслугоўванне і выраб прадукцыі ў грамадскім харчаванні”, “Выраб швейных вырабаў”. З году ў год набор на тыя ці іншыя спецыяльнасці мяняецца, фарміруючыся з улікам патрэб заказчыкаў кадраў і трэндамі рынку працы. Навучэнцы з АПФР могуць асвоіць такія спецыяльнасці, як “Агародніцтва, садоўніцтва і пчалярства”, “Аддзелачныя будаўнічыя работы”, “Рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі”, “Вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі”.
Кожны год рады навучэнцаў каледжа папаўняюць больш за 150 учарашніх школьнікаў. У асноўным гэта юныя жыхары Івацэвіцкага, Бярозаўскага і Пружанскага раёнаў. Паступіўшы вучыцца пасля 9 класаў, юнакі і дзяўчаты атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю. За тры гады навучання юнакі становяцца трактарыстамі-машыністамі сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый С і D, электраманцёрамі па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, электразваршчыкамі ручной зваркі, абіўшчыкамі мэблі. Дзяўчаты выбіраюць звычайна прафесію кухара і швачкі.

— Падрыхтоўка рабочых ва ўстанове адукацыі вядзецца на аснове інтэграванай сістэмы навучання — нашы падапечныя асвойваюць адразу некалькі прафесій і атрымліваюць адначасова 2—3 кваліфікацыі. Асноўная прафесія для юнакоў — гэта трактарыстмашыніст сельгасвытворчасці, а для дзяўчат — кухар. Яны чаргуюцца ў розных камбінацыях, — расказвае дырэктар каледжа Міхаіл Дымовіч. — Юнакі, напрыклад, атрымліваюць прафесіі электразваршчыка, вадзіцеля і трактарыста-машыніста; электраманцёра, абіўшчыка мэблі і вадзіцеля. Таксама дзве спецыяльнасці асвойваюць нашы асаблівыя навучэнцы. За 2 гады навучання яны могуць атрымаць такія камбінацыі прафесій, як швачка і аператар машыннага даення; слесар і тынкоўшчык; агароднік і тынкоўшчык; слесар і абліцоўшчык-плітачнік.
На базе каледжа працуе цэнтр па падрыхтоўцы дзяцей з АПФР. Прафесію атрымліваюць 65 чалавек. Асаблівыя юнакі і дзяўчаты прыязджаюць на вучобу з усёй Брэстчыны і вучацца ў невялікіх групах па спецыяльных праграмах ПТА для асоб з АПФР. На групу ў 12 чалавек прызначаецца выхавальнік, куратар і 2 майстры.
У будучыні наяўнасць некалькіх прафесій дапамагае выпускнікам установы адукацыі пашырыць гарызонты для самарэалізацыі і паспяховага працаўладкавання.
За першыя два гады навучэнцы засвойваюць школьны курс і атрымліваюць адну з прафесій, практыкавацца ў ёй пачынаюць з другога курса. А на трэцім курсе хлопцы і дзяўчаты атрымліваюць яшчэ адну-дзве прафесіі. Першыя практычныя навыкі адпрацоўваюць у майстэрнях і на сваёй навучальнай гаспадарцы. А гэта 415 га зямлі, больш за 100 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, 315 галоў жывёлы, з іх 90 галоў — дойны статак.

— Калі на 1 курсе будучыя трактарысты асвойваюць асновы язды на сельгастэхніцы на трактарадроме, то на 2 курсе, калі трэба вывучаць падрыхтоўку машынатрактарных агрэгатаў, спачатку практыкуюцца ў слясарнай справе ў майстэрнях, рамантуючы тэхніку, а вясной выязджаюць у поле пад наглядам майстра. Прымаючы актыўны ўдзел у палявых работах, юныя аграрыі ўносяць арганіку, аруць зямлю, сеюць збожжавыя, — апісвае Міхаіл Яўгенавіч, як хлопцы асвойваюць аграрную навуку не на камп’ютарах і трэнажорах, а ў рэжыме рэальнага часу падчас працы ў полі. — Штогод пад азімае трыцікале — пшанічна-жытні гібрыд — адводзіцца каля 100 га. Яшчэ каля 70 га ў маі, калі адступілі замаразкі, засейваюцца кукурузай і пшаніцай. Травой засейваюцца пашы для трох соцень галоў буйной рагатай жывёлы. У пачатку лета актыўна вядзецца нарыхтоўка корму для рагатага пагалоўя: закладваецца на захоўванне 200 тон сіласу і прыкладна 300—400 тон сенажу. У ліпені да выхаду на палі ўжо гатовы збожжаўборачны камбайн. Збожжа ўбіраецца, сушыцца ў нашым мабільным зернесушыльным комплексе і складуецца. Сабраны ўраджай ідзе на продаж, а за атрыманыя грошы закупляецца камбікорм для статка. Увосень трактар з плугамі зноў працуе ў полі, пераворваючы зямлю.
Хлопцы ў полі працуюць у падгрупах па графіку, чаргуючыся так, каб кожны змог асвоіць усе віды работ. З ядахімікатамі працуюць штатныя супрацоўнікі каледжа. Не менш насычаны графік і ў будучых аператараў машыннага даення падчас вытворчага навучання. У 5 раніцы яны прачынаюцца і едуць на дойку. Да поўдня вяртаюцца і адпачываюць, а ў 17.00 іх чакае вячэрняя дойка. Будучыя даяркі асвойваюць як механізаваны працэс даення, так і вучацца працаваць на індывідуальных даільных апаратах. Мяркуючы па тым, што каровы даюць малако гатунку экстра, навучэнцы са сваімі абавязкамі на ферме па дойцы, доглядзе і кармленні спраўляюцца добра.
У рамках сеткавага ўзаемадзеяння навучэнцы каледжа павышаюць свае ўменні і навыкі, а таксама знаёмяцца з новымі тэхналогіямі ў цэнтрах кампетэнцый на базе іншых устаноў адукацыі, абсталяваных самай сучаснай тэхнікай. Так, будучыя трактарысты адпраўляюцца ў Драгічынскі дзяржаўны аграрны каледж, швачкі едуць у Баранавіцкі дзяржаўны каледж тэхналогіі і дызайну, кухары — у Брэсцкі дзяржаўны гандлёва-тэхналагічны каледж, а зваршчыкі — у Пінскі дзяржаўны каледж будаўнікоў.

Размеркаванне выпускнікоў стапрацэнтнае. З кожным годам павялічваецца набор на мэтавае навучанне. Летась, напрыклад, было набрана 19 мэтавікаў. Традыцыйна спіс найбольш запатрабаваных спецыялістаў узначальваюць трактарысты. Сярод пастаянных заказчыкаў кадраў, якія ў іх запатрабаваны, ТАА “Косава”, ТАА “Мілейкі”, ТАА “Падстарынь”, ТАА “Новыя Стайкі”, якое спецыялізуецца на рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі, ТАА “Івацэвічыагратэхсэрвіс”, ТАА “Івацэвічы-аграхімсэрвіс”, ТАА “Поліполь мэбля Бел”. Зрэшты, і ва ўсіх іншых спецыялістах, як заўважае кіраўніцтва ўстановы адукацыі, патрэба сёння вялікая.
Выхаваўчая работа
Правесці вольны час цікава і з карысцю юнакі і дзяўчаты могуць, займаючыся ў спартыўных секцыях па міні-футболе, валейболе, настольным тэнісе або ў аб’яднаннях па інтарэсах тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Усяго ва ўстанове больш за два дзясяткі аб’яднанняў самай рознай накіраванасці. Яны працуюць пры швейнай і тынкавай майстэрнях, пры лабараторыі па кулінарыі і гандлёвай справе. Ёсць і гурток “Юны зваршчык”. Хлопцы з карысцю праводзяць час, удасканальваючы свае здольнасці і навыкі па рабоце з металам, а таксама ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх творчых конкурсах і выставах, дзе часта перамагаюць і займаюць прызавыя месцы.
Заключны этап рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2023” прынёс дыпломы I ступені ўдзельнікам аб’яднанняў па інтарэсах “Вакальны” і “Эстрадны”. У рэспубліканскім конкурсе “ТэхнаЁлка” работы навучэнцаў вызначыліся ў дзвюх намінацыях — “Дызайн-ёлка” і “Сімвал 2024 года”, заняўшы адпаведна 1-е і 3-е месцы.
Летась у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus у кампетэнцыі “Агароднік” навучэнка каледжа заняла 1-е месца, а ў кампетэнцыі “Маляр” юнак атрымаў 3-е месца. Яшчэ адна навучэнка з АПФР перамагла ў чэмпіянаце прафесійнага майстэрства для людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Абілімпікс” у кампетэнцыі “Швачка”.
Усе аб’яднанні па інтарэсах прафесійнай накіраванасці вядуць майстры вытворчага навучання і выкладчыкі. Яны, як правіла, вучаць сваіх падапечных таму, што не прадугледжана вучэбным планам. Калі ж, скажам, у аб’яднанне “Кройка і шыццё” запісаліся будучыя тынкоўшчыкі, яны пачынаюць вывучаць швейную справу з самых асноў. Гурток “Юны зваршчык” часцей за ўсё наведваюць трактарысты, якія хочуць набыць дадатковы навык, які спатрэбіцца ў працы. А хтосьці выбірае аб’яднанне па інтарэсах, каб удасканальвацца ў выбраным кірунку, як Ігнат Сямішкін. Ён паступіў вучыцца ў каледж, жадаючы стаць кухарам. Зараз хлопец вучыцца на
3 курсе і з цікавасцю набывае навыкі ў швейнай справе і дадаткова наведвае аб’яднанне па інтарэсах “Кройка і шыццё”.

— Выбіраючы прафесію, я разважаў так: “Кухар і сябе пракорміць, і іншых!” А тут яшчэ выдалася магчымасць атрымаць некалькі прафесій. Шыць мне падабаецца. А галоўнае, яшчэ і атрымліваецца. Ужо навучыўся шыць прасціны, навалачкі. На занятках у гуртку мы выраблялі пуфікі, шоперы, асвойвалі фотавышыўку на спецыяльнай машынцы. Калі не буду працаваць па другой прафесіі, то карысны навык, напэўна, спатрэбіцца ў побыце, — разважае юнак.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара





