У калекцыю нумізматаў краіны і свету

- 12:00Кампетэнтна

“Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. 100 гадоў”. Памятную манету з такім надпісам выпусціў Нацыянальны банк у гонар векавога юбілею БДУ. Гэта першы выпадак у сучаснай гісторыі, калі манета прысвечана ўстанове адукацыі.

Рэктар БДУ Андрэй Кароль прэзентуе памятную манету.

Дызайнерам памятнай манеты выступіла мастак Нацыянальнага банка Святлана Заскевіч. Выраблены грашовы знак у Казахстанскім манетным двары.

Пярэдні бок манеты дэкарыраваны фірменным элементам БДУ ў выглядзе беларускага арнаменту “васьмірог”. У цэнтры размешчаны надпіс “Рэспубліка Беларусь” і Дзяржаўны герб, пазначаны намінал і год выпуску — 2021. На адваротным баку  адлюстраваны фасад галоўнага корпуса БДУ і лагатып 100­годдзя ўніверсітэта.

Урачыстая прэзентацыя памятнай манеты адбылася ў гарадской ратушы пры ўдзеле першага намесніка міністра адукацыі Ірыны Старавойтавай, рэктара БДУ Андрэя Караля, кіраўніцтва факультэтаў і студэнтаў.

Рэверс манеты.

— Сёння БДУ — наймацнейшы культурны, даследчы, навуковы, адукацыйны цэнтр, дасягненнямі якога ганарыцца ўся краіна, а юбілейная манета — знак магутнага дабрабыту БДУ, — заявіла Ірына Старавойтава.

Вітаючы гасцей, Андрэй Кароль адзначыў важнасць выпуску памятнай манеты, бо гэтая падзея падкрэслівае асаблівае прызначэнне БДУ ў станаўленні айчыннай вышэйшай адукацыі.

У далёкім 1921 годзе БДУ прак­тычна з нуля пачаў фарміра­ваць універсітэцкую сістэму і заклад­ваць навуковы падмурак у краіне. З БДУ пачынаецца гісторыя многіх айчынных універсітэтаў. Бібліятэка БДУ паслужыла асновай для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Пры актыўным удзеле навукоўцаў БДУ пачалі сваю дзейнасць акадэмія навук і дзясяткі аўтарытэтных навуковых школ у галіне прыродазнаўчых і гуманітарных навук. Андрэй Кароль назваў манету сімвалам памяці і павагі ўсім датычным да стварэння і развіцця БДУ, а таксама сучаснікам, якія працяг­ваюць дзейнасць заснавальнікаў галоўнага ўніверсітэта краіны.

Усяго ў продаж паступіць 999 сярэбраных і 1999 медна­нікелевых манет. Набыць іх можна ў касах Нацыянальнага банка Беларусі. Манета стане каштоўным сувенірам для прадстаўнікоў БДУ, а таксама папоўніць калекцыі беларускіх і замежных нумізматаў.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт адзначыць 100­гадовы юбілей 30 кастрычніка 2021 года. Гэтая падзея ўнесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА, што надзяляе мерапрыемства міжнародным статусам і пацвярджае значны ўклад  універсітэта ў развіццё сусветнай адукацыі і навукі.

Паводле глабальніх аўтарытэтных рэйтынгаў, сёння БДУ ўваходзіць у 1% лепшых універсітэтаў свету, а яго элект­ронная бібліятэка — у ліку трох лепшых універсітэцкіх рэпазіторыяў планеты.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.