У калектыве іх прынялі як родных. У дзіцячым садзе № 1 Расонаў працуюць педагогамі сёстры-двайняты

- 9:00Главная, Образование

Марыя Чумакова прыйшла працаваць у дзіцячы сад № 1 гарадскога пасёлка Расоны музычным кіраўніком. Разам з ёй выхавальніцай па размеркаванні ўладкавалася і яе сястра­-двайнятка Дар’я. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сёстры скончылі Полацкі каледж ВДУ імя П.М.Машэрава, а зараз працягваюць вучобу ва ўніверсітэце завочна. У калектыве іх прынялі як родных. У шасці ўзроставых групах тут выхоўваюцца 102 дзіцяці, а штат супрацоўнікаў складаецца з 38 чалавек, у тым ліку 19 педагогаў.

— Кожны год у нашым дзіцячым садзе з’яўляюцца новыя ўсмешкі і зіхатлівыя вочкі дзяцей, якія застаюцца з намі надоўга. Гэтак жа ў 2008 годзе да нас прыйшлі сёстры Марыя і Дар’я Чумаковы. І ўсмешка, і вочы
нібы адно дзіця, але ўсё ж усё на дваіх. Чароўныя, музыкальныя сястрычкі-двайняткі, падобныя адна на адну як дзве кроплі вады, — расказвае загадчыца дзіцячага сада Людміла Юр’еўна Крыжэвіч. — Менавіта тады ў садзе музычны кіраўнік Любоў Данілаўна Мялешка, якая зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, прывіла Марыі і Дар’і захапленне музыкай, любоў да заняткаў, ігры на музычных інструментах, спеваў і танцаў. І вось вынік: 2023 год — Дар’я і Марыя — мае калегі, мае маладыя спецыя­лісты.

Педагагічнае сённяшняе Марыі і Дар’і было закладзена іх прабабуляй Рэгінай Ісакаўнай Садоўскай, настаўніцай пачатковых класаў і гісторыі, заслужаным настаўнікам Рэспублікі Беларусь. Закладзена і любоў да дзяцей, без якой немагчыма працаваць у дзіцячым садзе.

Сёння Даша захоплена працуе з малымі 2—3 гадоў. Гэта няпроста, бо кожнаму трэба ўдзяліць увагу, быць клапатлівай і разумець кожнага. На этапе адаптацыі дзяцей да садка выхавальніца плакала разам з імі. Вельмі блізка да сэрца прымала слёзы малых. Затое сёння кожную раніцу дзеці адказва­юць Дашы сваёй удзячнай усмешкай. А падчас заняткаў з радасцю выконваюць любыя заданні, гуляюць. І сама Даша на пытанне калег “Як твае справы, настрой?” адказвае: “У мяне ўсё добра, мне вельмі камфортна — і ўсё падабаецца”.

Марыя — у поўным сэнсе музычны кіраўнік. Яна шукае індывідуальны падыход да кожнага выхаванца, раскрывае іх пеўчыя і артыстычныя здольнасці. І сапраўды кіруе дзецьмі, захапляючы іх музыкай, заняткамі, святамі і забаўкамі.

Праявіць свае здольнасці за кароткі тэрмін работы Марыя змагла на мерапрыемствах “Дзень ведаў”, “Падарожжа ў восеньскі лес”, фальклорным свяце “Восеньскі кірмаш”, тэатралізаваным прадстаўленні “Калабок” і г.д. Асабліва хвалюючым было свята “Дзень маці” — першае свята для Марыі з прысутнасцю строгіх гледачоў — баць­коў. І яно атрымалася! Таму што за кароткі тэрмін Марыя змагла падрыхтаваць дзяцей, паказаць іх уменні іграць на музычных інструментах у аркестры, выкон­ваць пяшчотныя і вясёлыя песні і танцы, сацыяльную актыўнасць і ўменне трымацца перад гледачамі. Зараз ідзе работа па падрыхтоўцы навагодніх свят, а хутка і юбілей дзіцячага сада — 55 гадоў.

Марыя прафесійна расце пры поўнай падтрымцы ўсіх педагогаў. Заўсёды побач і першы выхавальнік Галіна Іванаўна Караткова, якая працуе ў дзіцячым са­дзе з 1986 года, а таксама Вольга Васільеўна Падгола, якая сёння з’яўляецца намеснікам загадчыцы, а сястрычак Чумаковых выхоўвала ў ясельнай групе. Разам яны абмяркоўва­юць і ствара­юць сцэнарыі, рыхтуюць дэкарацыі і касцюмы, рэпеціруюць ролі казачных герояў.

Маша і Даша прыходзяць на дапамогу адна адной, пры неабходнасці могуць і падмяніць. Напрыклад, калі трэба на вуліцу апранаць дзяцей або пагуляць з імі ў групе. Каб іх не блыталі, стараюцца апранацца ў рознае адзенне. Але ж якое гэта мае значэнне, калі дзеці аднолькава моцна любяць Марыю і Дашу, заўсёды абдымаюць іх пры сустрэчы.

Дзяўчаты вельмі хутка заваявалі любоў дзяцей, павагу калег і бацькоў. Яны па праве атрымліваюць самую вялікую ўзнагароду за сваю працу — дзіцячую ўсмешку і яркія шчаслівыя вочы. Такія ж, як у іх тады, 15 гадоў назад!

Пажадаем маладым спецыялістам застацца ў прафесіі надоўга, як і іх першыя настаўнікі, стаць прафесіяналамі дашкольнай адукацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота БелТА