Ва ўстановах вышэйшай адукацыі краіны падводзяцца і аналізуюцца вынікі сёлетняй уступнай кампаніі. Аб яе ходзе ва ўніверсітэтах Брэстчыны расказалі ў прыёмных камісіях.
У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна набор абітурыентаў ажыццяўляўся на 9 факультэтаў па 26 спецыяльнасцях, у тым ліку па дзвюх новых (“Інфармацыя і камунікацыя” — 2,7 заявы на месца і “Урбаналогія і сіці-менеджмент” — 1,65).
Як паведаміў першы прарэктар БрДУ імя А.С.Пушкіна намеснік старшыні прыёмнай камісіі Сяргей Андрэевіч Марзан, на дзённую форму навучання за кошт бюджэту залічаны 435 абітурыентаў, на завочную — 67 (летась 431 і 85 адпаведна). Найбольшай папулярнасцю карысталіся спецыяльнасці “Псіхалогія” — 7,8 заявы на месца, “Лагапедыя” — 4,4, “Практычная псіхалогія” — 3,4, “Гiсторыя (палiталогiя)” — 3,25, “Сучасныя замежныя (англійская, нямецкая) мовы” са спецыялізацыяй “Камп’ютарная лінгвістыка” — 2,9, “Фiзiчная культура” — 2,4 i “Руская фiлалогiя” — 2,3.
Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання — 1,7 заявы на месца (летась 1,6). Прахадныя балы — ад 197 да 323 (летась ад 175 да 316). Ва ўніверсітэце задаволены якасным складам абітурыентаў (59 медалістаў, 17 выпускнікоў педагагічных класаў, 18 пераможцаў і прызёраў чэмпіянатаў і кубкаў Беларусі па розных відах спорту, 41 мэтавік). Сярод абітурыентаў — прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны.
Сёлета ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце на дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 402 чалавекі, на завочную бюджэтную — 17 (летась 449 і 63 адпаведна).
— Выканаць план удалося дзякуючы не толькі актыўнай прафарыентацыйнай рабоце, якую ўніверсітэт праводзіць на працягу ўсяго навучальнага года ў школах і ПТНУ, але і факультэцкім конкурсам, — расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДТУ Андрэй Мікалаевіч Парфіевіч. — Конкурсы праходзілі на 5 факультэтах — будаўнічым, эканамічным, інжынерных сістэм і экалогіі, электронна-інфармацыйных сістэм і машынабудаўнічым. Падаючы туды дакументы, абітурыенты маглі пазначыць у заяве не адну, а нават усе спецыяльнасці ў парадку прыярытэту. Падобныя ўмовы, з аднаго боку, дазволілі ўніверсітэту адабраць лепшых, а з другога — далі ўчарашнім школьнікам больш магчымасцей паступіць ва УВА. Калі абітурыент не праходзіў на больш прэстыжную (на яго думку) спецыяльнасць, то мог прэтэндаваць на іншую — з меншым прахадным балам. Сярэднія конкурсы на факультэтах БрДТУ стабільныя на працягу многіх гадоў. Конкурс на тую ці іншую спецыяльнасць вызначаўся планам набору, у выніку чаго абмежаваная колькасць бюджэтных месцаў спараджала вялікія конкурсы. Набор вёўся на 5 факультэтаў па 29 спецыяльнасцях. Сярэдні конкурс — каля 2,3 заявы на месца (летась каля 2).
З году ў год у абітурыентаў БрДТУ не зніжаецца цікавасць да эканамічных спецыяльнасцей (“Электронны маркетынг” — 7 заяў на месца, “Лагістыка” і “Маркетынг” — 6, “Эканоміка электроннага бізнесу” — 5,7). Карыстаюцца папулярнасцю спецыяльнасці факультэта электронна-інфармацыйных сістэм (“Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” — 7,2 заявы на месца). Найменшыя конкурсы склаліся на спецыяльнасцях “Водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў” — 0,7 заявы на месца і “Машыны і апараты харчовых вытворчасцей” — 0,75. Прахадныя балы вагаліся ад 203 да 374 (летась ад 167 да 341).
У Палескім дзяржаўным універсітэце, як расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі Ірына Аляксандраўна Прыгодзіч, эканамічныя спецыяльнасці традыцыйна карыстаюцца добрым попытам, улічваючы былую прыналежнасць УВА да Нацыянальнага банка Беларусі. Сярэдні конкурс на гэтыя спецыяльнасці склаў 1,7 заявы на месца (летась 2).
Самымі папулярнымі сярод учарашніх школьнікаў былі спецыяльнасці “Маркетынг” — 2,7, “Бізнес-адміністраванне” — 2,4, “Аздараўленчая фізічная культура” — 2,2, “Біяхімія і прамысловае рыбаводства” і “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” — 1,9. Найменшыя конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях “Ландшафтнае праектаванне” (1,2) і “Біялогія (навукова-вытворчая дзейнасць)” — 1. Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў 1,6 заявы на месца (летась 1,7).
У ПалесДУ набор студэнтаў ажыццяўляўся на 4 факультэты (эканомікі і фінансаў, інжынерны, біятэхналагічны, арганізацыі здаровага ладу жыцця) па 18 спецыяльнасцях. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 436 чалавек, на завочную — 48 (лічбы набору засталіся на мінулагоднім узроўні). Прахадныя балы вагаліся ад 204 да 316 (летась ад 200 да 311).
Па словах І.А.Прыгодзіч, якасны склад абітурыентаў ПалесДУ вельмі добры. Так, кожны пяты з іх — выпускнік гімназій і ліцэяў, 8% — медалісты. Сярэдні бал атэстата — 8,5. Сярод студэнтаў даволі шмат учарашніх школьнікаў з Гомельшчыны (каля 9%), Гродзеншчыны (амаль 8%) і Міншчыны (каля 12%). Каля 68% абітурыентаў — жыхары Брэстчыны.
Самай папулярнай спецыяльнасцю ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце сёлета было “Правазнаўства” (10 заяў на месца).
Эканамічныя спецыяльнасці па-ранейшаму запатрабаваны ў абітурыентаў (“Электронны маркетынг” — 2,9). Добрыя конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях “Практычная псіхалогія” — 2,2 заявы на месца, “Сучасныя замежныя мовы” і “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” — 1,9. Найменшыя конкурсы — на спецыяльнасцях “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)” і “Дашкольная адукацыя” — 1 заява на месца, “Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)” — 1,1.
Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў 1,4 заявы на месца (летась 2,1).
Адказны сакратар прыёмнай камісіі БарДУ Дзіна Уладзіміраўна Лабун расказала, што набор ва ўніверсітэт вёўся на 4 факультэты (інжынерны, педагогікі і псіхалогіі, эканомікі і права, славянскіх і германскіх моў) па 24 спецыяльнасцях. План набору на дзённую бюджэтную форму навучання — 414 чалавек, на завочную — 95 (летась 416 і 95 адпаведна). Больш за 20% абітурыентаў — выпускнікі гімназій, ліцэяў, ПТНУ і ССНУ. Сярод іх прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.