У ляхавіцкай школе № 1 акцэнт робяць на фарміраванні ў навучэнцаў актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі

- 9:00Главная, Образование

Старажытная і самабытная, інклюзіўная і інавацыйная, спартыўная і тэатральная — так можна ахарактарызаваць сярэднюю школу № 1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці, дзе акцэнт робіцца на рэалізацыі прынцыпаў дыферэнцыраванага навучання школьнікаў і фарміраванні ў іх актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дастойная змена

Установа мае багатую гісторыю — вядзе свой летапіс з 1867 года з сельскай царкоўнапрыходскай школы — і слаўныя традыцыі. Сёння ў ёй вучыцца 571 школьнік, прычым амаль трэцяя частка дзяцей падвозіцца з сельскай мясцовасці (дарэчы, гэта самы вялікі падвоз у Ляхавіцкім раёне, у якім задзейнічаны пяць аўтобусаў!).

Дырэктар школы Надзея Лапіч (у цэнтры) са сваімі намеснікамі А. Камко, Н. Маслоўскай, Т. Пілінога і Н. Юрчык

— Адна з нашых галоўных задач — нацэльваць выпускнікоў на атрыманне запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцей, каб яны пасля навучання вярталіся на сваю малую радзіму і працавалі на яе карысць, — адзначае дырэктар школы Надзея Лапіч. — Адукацыйны працэс ва ўстанове накіраваны на тое, каб да канца 9 класа навучэнец дакладна ведаў, дзе будзе працягваць навучанне — у прафесійна-тэхнічнай установе ці ў школе, і калі ў школе, то вызначыўся з профілем навучання альбо са спецыяльнасцю прафесійнай падрыхтоўкі, якая арганізавана ў межах працоўнага навучання, а потым свядома выбраў прафесію, з якой плануе звязаць жыццё. На гэта накіраваны ўрокі, факультатывы, дадатковыя заняткі, шматвектарная прафарыентацыйная работа. Некалькі разоў на год педагог-псіхолаг школы Іна Варатынец праводзіць анкетаванне па вывучэнні запытаў дзяцей і іх баць­коў наконт таго, якія прадметы ім патрэбны. Шчыра скажу: не было ніводнага
выпадку, каб вучань хацеў памяняць профільную групу.

У раёне ладзяцца кірмашы вакансій, да якіх з кожным годам падключаецца ўсё больш арганізацый і якія карыстаюцца ў школьнікаў вялікай папулярнасцю. Змястоўная работа праводзіцца з бацькамі. Для іх арганізоўваюцца месячнікі, бацькоўскія сходы, на якія запрашаюцца прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Ляхавіч, Баранавіч, Клецка, Нясвіжа і інш.

— Выпускнікі школы вяртаюцца ў яе працаваць дыпламаванымі настаўнікамі. Сёння такіх 14 чалавек. Практычна штогод прыходзяць 1—2 маладыя спецыялісты з ліку выпускнікоў. Летась, напрыклад, ва ўстанову размеркавалася педагог-арганізатар Ксенія Палуян. А ў гэтым годзе 11 выпускнікоў выбралі педагагічныя спецыяльнасці, таму ў сувязі з запатрабаванасцю падрыхтоўкі ў гэтым напрамку і была адкрыта група педагагічнай накіраванасці. Штогод навучэнцы звяртаюцца па мэтавыя накіраванні. Сёлета, напрыклад, мэтавае накіраванне выдадзена на падрыхтоўку настаўніка фізічнай культуры і здароўя. Такім чынам, мы самі імкнёмся рыхтаваць сабе дастойную змену, — расказвае дырэктар школы.

Праз арганізацыю факультатыўных заняткаў ажыццяўляецца дапрофільная пад­рыхтоўка школьнікаў на другой ступені навучання. Сёлета на базе 9-х класаў арганізаваны факультатыўныя заняткі “Прафесія маёй мары”.

У гэтым навучальным годзе для дзесяцікласнікаў дзейнічаюць тры профільныя групы: фізіка-матэматычная (на яе базе функцыянуе група ваенна-патрыя­тычнай накіраванасці), па напрамку “англійская мова — грамадазнаўства” і па напрамку “біялогія — беларуская мова” (на яе базе адкрыта група педагагічнай накіраванасці). У 11-х класах навучэнцы вывучаюць на павышаным узроўні фізіку і матэматыку (дзейнічае група ваенна-патрыятычнай накіраванасці), англійскую і беларускую мовы, хімію і біялогію (дзейнічае група аграрнай накіраванасці).

Школа заключыла дагаворы з установамі адукацыі і мясцовымі прадпрыемствамі. Для эфектыўнай дзейнасці групы аграрнай накіраванасці дасягнута дамоўленасць з СВК “Ляхавічы”, дзе дзеці знаёмяцца з сельскагаспадарчымі прафесіямі, з Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжам, БДАТУ. З 2018 года на базе школы была арганізавана пад­рыхтоўка вучняў па прафесіі швачка, а з гэтага года ў межах сеткавага ўзаемадзеяння навучэнцы атрымліваюць спецыяльнасць на базе каледжа.

Ляхавіцкая “Фартэцыя”

З мая гэтага года ў школе дзейнічае ваенна­патрыятычны клуб “Фартэцыя”. У яго ўваходзяць 20 навучэнцаў 8—11 класаў.

— Чаму “Фартэцыя”? Гэтая назва прыйшла да нас з глыбіні вякоў і азначае стойкую абарону сваіх рубяжоў, — расказаў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Іван Шпак. — На Ляхавіччыне ў ХVІ стагоддзі было створана адно з самых магутных абарончых умацаванняў. Ляхавіцкая фартэцыя была пабудавана на левым беразе ракі Ведзьма Янам Каралем Хадкевічам, гетманам ВКЛ. На працягу ХVІІ стагоддзя фартэцыя неаднаразова падвяргалася асадам падчас казацка-сялянскай вайны 1648—1651 гадоў, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў, аднак сцены яе заставаліся непрыступнымі для ворага.

Клуб працуе пад дэвізам “Служым закону, народу, Айчыне” па трох напрамках: ваенна-геалагічным, ваенна-гістарычным і ваенна-спартыўным. Яго дзейнасць накіравана на выхаванне беражлівых адносін да гераічнага мінулага народа, вывучэнне гісторыі нашай краіны; выхаванне прававой культуры, грамадзянскасці, патрыятыз­му, фізічнае і духоўна-маральнае развіццё; знаёмства са спецыфікай праходжання службы ў органах унутраных спраў, садзейнічанне развіццю актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў.

Заключана дамоўленасць аб супрацоўніцтве з Ляхавіцкім РАУС. Пры фінансавай падтрымцы аддзела быў абсталяваны вучэбны кабінет са стэндамі і сімволікай, набыта форма. Супрацоўнікі РАУС з’яўляюцца частымі гасцямі ў школе, яны право­дзяць лекцыі, гутаркі, прафарыентацыйныя мерапрыемствы.

— Галоўная задача клуба — выхаваць дастойнага грамадзяніна-патрыёта сваёй краіны, — адзначыў Іван Іванавіч. — Праз уласны прыклад, экскурсіі, выхаваўчыя мерапрыемствы. Вучні ведаюць, што спачатку трэба абараніць сябе, затым — сваю сям’ю і Радзіму.

Вучні, якія ўваходзяць у склад клуба, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх школьных і раённых мерапрыемстваў. Так, на тыдзень бяспекі клубаўцы наведалі дзіцячы сад, дзе знаёмілі дашкалят з правіламі бяспечных паво­дзін на дарозе, а на мерапрыемствах да Дня адзін­ства расказвалі дзецям пра дзяржаўныя сімвалы.

Многія клубаўцы плануюць звязаць сваё жыццё з сілавымі структурамі. Напрыклад, Ксенія хоча паступіць у Ваенную акадэмію на спецыяльнасць “Пагранічная служба” і стаць кінолагам, а Дзмітрый — пайсці па слядах свайго таты і служыць у МНС.

Магія батлейкі

1­-я школа з’яўляецца апорнай для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Адукацыйны працэс накіраваны на стварэнне спрыяльнага інклюзіўнага асяроддзя, згуртаванне дзяцей, сацыялізацыю іх у калектыве.

Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяны Пілінога, у дзесяці класах інтэграванага навучання і выхавання вучацца 29 дзяцей, якія патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі. Для траіх школьнікаў заняткі арганізоўваюцца дома.

Установа цесна супрацоўнічае з раённым ЦКРНіР і дзіцячым садам № 1, з якім вядзецца актыўная работа ў плане пераемнасці. Вось і ў дзень наведвання ўстановы карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” выхаванцы старшых груп былі на паказе ў школе. Навучэнцы расказалі дашкалятам пра праект “Батлейка з-пад Ляхавіч”, гісторыю батлейкі, паказалі спектакль “Унучка Ульянка”.

Рэалізацыя праекта “Батлейка з-пад Ляхавіч” стала магчымай дзякуючы перамозе пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі названай установы ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы маладзёжны праект сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый устаноў адукацыі Беларускага прафесійнага саю­за работнікаў адукацыі і навукі.

Праект ажыццяўляўся творчай групай педагогаў і навучэнцаў. Яны вырабілі корпус батлейкі, дэкарыравалі батлеечную скрыню ў нацыянальных традыцыях, пашылі лялек.

— Батлейка стала своеасаблівым адкрыццём у нашым лічбавым свеце, — па­дзялілася ўражаннямі кіраўнік праекта Таццяна Абражэвіч, — таму што ў батлейцы ўсё жывое, у ёй ёсць магія прыцяжэння, жывая ўзаемасувязь з гледачамі. Яна захоплівае і факусіруе ўвагу дзяцей, бо цесна звязана з ролевай гульнёй і ўтрымлівае ў сабе элементы самых розных відаў творчасці. Сёння, як ніколі, важна аднаўляць і развіваць батлейку — гэта адзін з дзейсных спосабаў захавання народнай культуры і самабытнай традыцыі беларусаў.

У планах дырэктара школы — распрацаваць праект сеткавага ўзаемадзеяння з дзіцячым садам і ЦКРНіР “Адраджэнне батлейкі”, узяць шэфства над дзецьмі да­школьнага і малодшага школьнага ўзросту з асаблівасцямі ў развіцці і ўключыць іх у спартыўна-выхаваўчыя і забаўляльныя мерапрыемствы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара