У настаўнікі праз спаборніцтвы: спартыўна-педагагічная траекторыя аб’ядноўвае сям’ю Кавалеўскіх з Віцебска

- 9:04Главная, Образование

Анатоль і Анжаліка Кавалеў­скія — старшыя выкладчыкі кафедры фізічнай культуры ВДМУ, іх сын Дзмітрый вядзе ўрокі фізкультуры і здароўя ў гімназіі № 7 імя П.Я.Кандраценкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Анатоль Багданавіч і Анжаліка Мікалаеўна параўнальна нядаўна перайшлі ў сістэму вышэйшай адукацыі, настаўніцкі стаж у іх значна большы за выкладчыцкі. У мужа, напрыклад, ён складае 17 гадоў. Гэта не ўлічваючы таго, што Анатоль Кавалеўскі і зараз вядзе заняткі па валейболе ў аб’яднанні па інтарэсах сярэдняй школы № 40 імя М.М.Громава, дзе раней на працягу 28 гадоў працавала нас­таўніцай фізічнай культуры і здароўя яго жонка. Абое вучыліся на профільным факультэце педагагічнага інстытута ў Віцебску (цяпер ВДУ імя П.М.Машэрава). Там і пазнаёміліся на 1 курсе, адразу пасля восеньскага працоўнага дэсанту на калгасныя палі.

Па прызнанні Анатоля Багданавіча, быў класічны выпадак кахання з першага погляду: як убачыў на факультэцкім мерапрыемстве ў Дзень студэнта сваю прыгажуню, так і не змог адвесці вачэй. Далей па жыцці яны пайшлі разам. На 3 курсе зарэгістравалі шлюб, а на 4-м у маладой сям’і нарадзіўся Дзіма. Студэнты дастойна вытрымалі першае сур’ёзнае сямейнае выпрабаванне, акадэмічныя не бралі. Праўда, у інстытут давялося хадзіць па чарзе: пакуль бацька вучыцца ці сесію здае, маці сына даглядае, і наадварот. Калі Дзмітрый вырас, то паступіў на той жа факультэт у бацькоўскай альма-матар.

Усе трое прыйшлі ў прафесію праз спорт і ўдзячны лёсу, які аднойчы павёў настаўніцкай сцежкай.

— Мы з братам-блізнюком Сяргеем каля 7 гадоў займаліся фехтаваннем на рапірах, кандыдаты ў майстры спорту, — адзначае Анатоль Кавалеўскі. — У інстытуце вучыліся разам: я, Сяргей і мая Анжаліка — таксама кандыдат у майстры спорту па лёгкай атлетыцы. Атрымалі спецыяльнасць, спыніліся на ростанях: што далей? Брат выбраў сілавыя структуры. На маё рашэнне паўплывала размова з Любоўю Багданавай, якая ў нас выкладала канькабежны спорт. Яна даведалася пра вакансію і ўспомніла пра мяне, паклапацілася знайсці хатні тэлефонны нумар, бо век мабільнай сувязі настаў пазней. Доб­ра памятаю званок выкладчыцы, пытанне: “У школу № 11 трэба нас­таўнік фізкультуры. Хочаш гэтым заняцца?” Параіліся з жонкай і вырашылі: яна пабудзе колькі часу дома з сынам, а я паспрабую. Так амаль на паўтара дзясятка гадоў застаўся на першым працоўным месцы, пасля перавёўся ў суседнюю школу № 31 і яшчэ 3 гады там працаваў. Потым мой аднагрупнік Аляксандр Мусатаў запрасіў мяне на профільную кафедру ў ВДТУ трэніраваць баскетбалістаў. Далей педагагічная дзейнасць прывяла мяне ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Пару гадоў назад мне нарэшце ўдалося пераманіць на нашу кафедру Анжаліку. Яна для гэтага мела неабходны вопыт, кваліфікацыю, прафесійны аўтарытэт і нават жаданне, хацела развіцця на новым узроўні. Толькі ж, каб уладкавацца на работу ва ўніверсітэт, неабходна пакінуць школу. Па сабе ведаю: для настаўніка, які душой прыкіпеў да сваёй справы, гэта вельмі няпросты крок.

Як успамінае Анжаліка Мікалаеўна, яна да 12 гадоў не думала ні пра спорт, ні пра настаўніцтва, а ўяўляла сябе майстрам-кухарам. Але аднойчы дзяўчынку з вёскі Савіна, што на Дубровеншчыне, папрасілі замяніць аднакласніцу на раённым восеньскім кросе — тая па хваробе не магла бегчы. Выпадковая новенькая ўзяла ды прыбегла хутчэй за ўсіх! Пасля чаго рытм яе жыццю стаў задаваць спорт. Дзякуючы спаборніцтвам, на практыцы вывучала геаграфію Савецкага Саюза — ад беларускіх рэгіёнаў да Ташкента, Уфы і Алматы. Значных перамог было нямала, у тым ліку выйграла рэс­публіканскую спарта­кіяду школьнікаў і першынство СССР сярод школ-інтэрнатаў спартыўнага профілю — так тады называліся ву­чылішчы алімпійскага рэзерву.  

— З 9 класа па запрашэнні трэнера Мікалая Бабаева я перавялася ў Віцебск, у спартыўную школу-інтэрнат, — расказвае Анжаліка Кавалеўская. — На момант паступлення ў інстытут выразна ўсведамляла, што для на­дзейнай будучыні да спорту трэба прафесія, хаця ў перспектыве бачыла сябе хутчэй трэнерам. Аднак, відаць, наканавана мне быць нас­таўніцай. Прычым вырашальным зноў жа стала запрашэнне Мікалая Аляксеевіча: “Пойдзеш у школу № 40? Ёсць цікавая работа”. Параілася з мужам ды пайшла, праз год пасля заканчэння інстытута. Працаваць мне прапанавалі са спецыяльнымі медыцынскімі групамі. Праз 4—5 гадоў ужо рэгулярна давала адкрытыя заняткі для настаўнікаў горада, вобласці па гэтым напрамку, у мяне быў цікавы метадычны вопыт і добрыя вынікі. Зразумела, вяла ўрокі па сваім прадмеце. І ў школе адказ­вала за баскетбол, у нас з мужам атрымалася чарговае супадзенне па профілі. Таму нярэдка на гарадскіх спаборніцтвах нашы вучні сапернічалі за першынство — у Першамайскім і Кастрычніцкім раёнах, дзе размешчаны нашы школы, мы трымаліся сярод лідараў.

Па словах педагога, у параўнанні са школай універсітэт адкрыў перад ёй больш магчымасцей для навукова-метадычнай дзейнасці. Разам з тым часта гэта працяг пачатага ў школе. Напрыклад, калі Анжаліка Мікалаеўна пацвярджала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю ў Мінску, то прадаставіла даследаванне ўплыву атлетычнай гімнастыкі на развіццё арганізма школьніка. Ва ўніверсітэце яна разам з мужам і калегамі выступіла суаўтарам вучэбна-метадычнага дапаможніка “Развіццё атлетычнага цела­складу шляхам сілавых трэніровак”, які атрымаў грыф Міністэрства аховы здароўя і сёлета быў надрукаваны.

— Па-мойму, у педагагічных сем’ях не бывае абыякавых да нас­таўніцкай работы, — далучаецца да размовы Дзмітрый Кавалеўскі. — Прычым хтосьці без сумненняў ідзе ў прафесію следам за старэйшымі ў сям’і, а хтосьці, наадварот, заракаецца: “Ні ў якім разе не буду настаўнікам!” Звычайная гісторыя пра бацькоў і дзяцей, але не ўсё тут адназначна. І гэта якраз мой выпадак. Я з 6 гадоў зай­маюся футболам, быў у скла­дзе каманды, якая ў 2007-м упершыню ў гісторыі футбольнага клуба “Віцебск” стала чэмпіёнам рэспублікі сярод юнакоў. Ва ўніверсітэце вучыўся завочна. Шчыра кажучы, паступіў дзеля дып­лома. Аднак потым здарылася траўма, і з вялікім спортам давялося развітацца, а педагагічная спецыяльнасць спатрэбілася. На час заканчэння ўніверсітэта ў мяне ўжо была сям’я. З будучай жонкай Юліяй мы вучыліся на адной паралелі ў сярэдняй школе № 32, зараз гэта гімназія № 5 імя І.І.Люднікава. Гэтую ўстанову адукацыі некалі скончыў мой баць­ка, цяпер там вучацца нашы з Юляй дачка і сын, малодшая дачка яшчэ хо­дзіць у дзіцячы сад. Так, я шчаслівы мнагадзетны бацька! Дзякуючы дзяржаўнай дапа­мозе, у нас вырашана жыллёвае пытанне — атрымалі кватэру. Што да педагагічнай дзейнасці, то пачаў яе ў СДЮШАР “Дзвіна” і ўжо 7 гадоў працягваю ў гімназіі № 7 імя П.Я.Кандраценкі. Мне пашанцавала ўвайсці ў выдатны педагагічны калектыў, які натхняе праца­ваць творча і вынікова. З футболам не парываю сувязі: гуляю на аматарскім узроўні і трэнірую юных футбалістаў. 

Варта дадаць, у Юліі Кавалеўскай ёсць педагагічная спе­цыяльнасць, яна выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. З гэтага навучальнага года жонка настаў­ніка ў другім пакаленні працуе побач з мужам, у гімназіі № 8. А яшчэ — харэографам у школе танца “Менада” і балетмайстрам у заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь “Зорька”. Яна і сама выпускніца гэтага славутага харэаграфічнага ансамб­ля, і дзеці Юліі і Дзмітрыя там з задавальненнем займаюц­ца. Цікавы факт: іх старэйшая дачка ў трохгадовым узросце дэбютавала на галоўнай сцэне “Славянскага базару ў Віцебску”, зараз ёй ужо 9 гадоў.

— Важны бацькоўскі клопат — каб у дзяцей, акрамя вучобы ў школе, былі пэўныя захапленні, якія пазітыўна ўплываюць на станаўленне асобы і развіццё, — падкрэслівае Дзмітрый Кавалеўскі. — Роля сям’і тут адназначная: недакучлівае кіраўніцтва, максімальнае спрыянне і ўласны прыклад, пераемнасць. Плюс непасрэдная далучанасць усіх да кожнай сямейнай справы. Дагэтуль ярка памятаю, як здорава было, калі мы выступалі на спаборніцт­вах, а нашы таты аб’ядналіся ў нефармальны бацькоўскі клуб і ездзі­лі на ўласным транспарце ўслед за намі, і маці пастаянна былі з імі на сувязі — самая шчырая група падтрымкі! Для нашай сям’і гэта лад жыцця, аснова асноў.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара