Работа ў гэтым кірунку будуецца на аснове Праграмы супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы. Дзякуючы інавацыйным праектам, рэалізаваным на працягу 2012—2024 гадоў, удалося не толькі сабраць каштоўны метадычны вопыт, але і наладзіць цеснае ўзаемадзеянне з сем’ямі і праваслаўнымі прыходамі, падзялілася з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Мацукевіч.

З улікам праектных напрацовак функцыянуюць факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” для вучняў 5—7 класаў і аб’яднанне па інтарэсах “Праваслаўнае краязнаўства”, якое ўяўляе сабой адну з форм патрыятычнага выхавання, заснаванага на хрысціянскіх прынцыпах.
— Праводзім сумесныя мерапрыемствы з Пінскім каледжам БрДУ імя А.С.Пушкіна, накіраваныя на выхаванне ў дзяцей талерантных, паважлівых і добразычлівых адносін да ўсіх людзей, — працягвае Святлана Іванаўна. — У духоўна-асветніцкім цэнтры “Вытокі”, створаным у адной з бібліятэк Пінска, на працягу года ладзяцца тэматычныя гутаркі, сустрэчы і канферэнцыі, якія духоўна ўзбагачаюць вучняў і дапамагаюць фарміраваць у іх важныя маральныя якасці. Акрамя таго, наладжана ўзаемадзеянне з Мінскай духоўнай семінарыяй.
У гімназіі рэалізуецца гісторыка-краязнаўчы праект “Храмы Піншчыны”, які знаёміць вучняў з мясцовымі рэлігійнымі аб’ектамі. У рамках праекта быў выдадзены буклет “Пінск праваслаўны”, куды ўвайшлі распрацаваныя і апрабаваныя экскурсійныя маршруты па родным горадзе. Гэтым буклетам карыстаюцца многія педагогі.
У шосты школьны дзень ажыццяўляюцца гісторыка-краязнаўчыя праекты “На Беларусі Бог жыве” і “Айчыны зямной ласка”, у межах якіх арганізаваны экскурсіі ў розныя храмы малой радзімы. Узаемадзеянне з Пінскай епархіяй дазваляе вучням удзельнічаць у дабрачынных, асветніцкіх і пазнавальных мерапрыемствах.
— Важную ролю ў рабоце адыгрывае выпуск штомесячнай інфармацыйнай лістоўкі “Святло душы”, якая змяшчае гістарычныя звесткі, цікавыя факты, вершы, загадкі, крыжаванкі, парады для бацькоў, размалёўкі, рубрыку “Зрабі сваімі рукамі”, а таксама QR-коды са спасылкамі на адукацыйныя фільмы, — адзначае Святлана Мацукевіч. — Сталі традыцыйнымі штогадовыя тыдні бацькоўскай любові, месячнікі “Святло Хрыстова Раства”, дэкады “Дарогай дабра”, гімназічныя канферэнцыі “Пад аховай Багародзіцы”, “Мой нябесны заступнік” і “Святыя зямлі беларускай” з удзелам прадстаўнікоў БПЦ. Па выніках канферэнцый рыхтуюцца зборнікі матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе разам са зборнікам жыцій святых “Нашы нябесныя заступнікі”, створаным педагогамі і вучнямі.
У рамках тэматычных тыдняў ладзяцца дабрачынныя кірмашы. Сабраныя сродкі накіроўваюцца дзецям, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Акрамя таго, педагогі і вучні арганізуюць тэатралізаваныя пастаноўкі для гімназістаў і дашкольнікаў, а таксама святочныя флэшмобы. Члены ўзорнага хору “Пралескі” ўдзельнічаюць у міжнародным праваслаўным фестывалі “Радасць” і абласных “Велікодных сустрэчах”. Намаганнямі настаўнікаў і выхаванцаў праводзяцца дабрачынныя канцэрты “Святло Хрыстова Раства”.
— Важна, што да тэматычных вечарын, свят, экскурсій і работы сямейнага клуба “Школа любові” актыўна далучаюцца бацькі вучняў, дзякуючы чаму ў іх фарміруецца цэласная сістэма маральных і сямейных каштоўнасцей, — заўважае Святлана Іванаўна. — Паспяхова дзейнічае валанцёрскі атрад “Адкрытыя сэрцы”, удзельнікі якога запрашаюцца на маладзёжныя злёты БПЦ “Праваслаўе і сучасная моладзь”.
З 2019 года гімназія з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па духоўна-маральным выхаванні, дзе дзейнічае адкрыты праблемны семінар для педагогаў горада “Духоўна-маральная адукацыя школьнікаў на аснове праваслаўных традыцый”. Акрамя таго, на базе гімназіі праходзяць конкурсы буклетаў “Праваслаўныя святыні Беларусі”, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядны цуд”, малюнкаў “Прыгажосць Божага свету” і чытальнікаў “Хрыстос нараджаецца — слаўце!”, у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Пінска.
— Па суботах арганізаваны кінаўрокі, прагляды відэафільмаў і мультымедыйнай прадукцыі, — гаворыць Святлана Мацукевіч. — У дапамогу настаўнікам і бацькам створаны зборнік з медыятэкай праваслаўных мультфільмаў для самастойнага ці сямейнага прагляду.
Штогод у гімназіі ладзяцца педагагічныя чытанні “Сям’я. Школа. Маральнасць” з удзелам святароў Пінскай епархіі і настаўнікаў гарадскіх устаноў адукацыі. Вучні вынікова ўдзельнічаюць у конкурсе літаратурных і даследчых работ “Свет праваслаўя”, арганізаваным Інстытутам тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ.
На летніх канікулах у аздараўленчым лагеры гімназіі дзейнічае профільны атрад “Дарогай дабра”, створаны ў рамках супрацоўніцтва ўпраўлення па адукацыі Пінскага гарвыканкама і Пінскай епархіі БПЦ. Праграма лагера ўяўляе сабой своеасаблівы інтэнсіў пад агульнай назвай “Прыгажосць выратуе свет”, падчас якога дзеці ўмацоўваюць маральнае здароўе і развіваюць творчыя здольнасці. Кожны дзень у летніку тэматычны, насычаны рознымі формамі дзейнасці і ўтрымлівае пэўны маральны арыенцір.
— У пачатку змены атрадаўцы атрымліваюць блакноты з матывацыйнымі запісамі, якія на працягу трох тыдняў становяцца рэфлексіўнымі дзённікамі, — расказвае Святлана Іванаўна. — Напрыканцы кожнага дня дзеці ўспамінаюць найбольш яркія моманты, мудрыя словы і думкі, духоўныя азарэнні і важныя высновы, якія запісваюць у дзённік. Блакноты пасля змены застаюцца ў вучняў і з’яўляюцца своеасаблівым рэзервам для далейшага маральнага росту.
У рамках атраднага дыскусійнага клуба гімназісты глядзяць і абмяркоўваюць фільм “Чатыры ключы да поспеху”, які спрыяе развіццю патэнцыялу асобы праз адзінства фізічнай, інтэлектуальнай, сацыяльнай і духоўнай сфер.
Профільныя тэматычныя мерапрыемствы заклікаюць дзяцей чытаць, глядзець і слухаць тое, што развівае духоўна і інтэлектуальна, а таксама пазбягаць марнага баўлення часу. Асабліва запамінальнымі з’яўляюцца сустрэчы са святарамі, дзе закранаюцца важныя тэмы пра сэнс жыцця і станаўленне асобы.
— Духоўныя каштоўнасці немагчыма навязаць, бо яны набываюцца, асэнсоўваюцца і замацоўваюцца ў свядомасці толькі ўласнымі намаганнямі. Задача педагогаў — скіраваць выхаванцаў да правільных маральных арыенціраў на канкрэтных прыкладах, — падагульняе Святлана Мацукевіч.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





