У прафесію праз гульню

- 12:06Педагагічная майстэрня

З ранняга ўзросту настаўнікі і выхавальнікі працуюць над фарміраваннем у дзіцяці стаўлення да сябе як да суб’екта будучай прафесійнай дзейнасці. І менавіта ўзрост малодшага школьніка найбольш спрыяльны для такога фарміравання.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.

Знаёмства з прафесіямі ў групе прадоўжанага дня адбываецца ў першыя дні навучальнага года, калі я праводжу экскурсіі па школе і знаёмлю дзяцей з яе работнікамі: дырэктар, завуч, настаўнік, выхавальнік, медыцынскі работнік, бібліятэкар, кухар, тэхнічны работнік, прыбіральшчык тэрыторыі.

У пачатку навучальнага года разам з дзецьмі рыхтуем свята-сустрэчу, мэта якой — азнаямленне дзяцей з прафесіямі татаў і мам. Бацькі дапамаглі арганізаваць выставу “На прадпрыемствах горада”, “Сакрэты прафесій адкрываем”, дзе былі прадстаўлены буклеты прадпрыемстваў горада. Дзякуючы гэтаму, дзеці ведаюць не толькі, кім працуюць іх бацькі, а таксама якая прадукцыя выпускаецца на гэтых прадпрыемствах.

Калі мы арганізавалі наш маленькі тэатр інсцэніровак казак “Курачка Раба”, “Рукавічка”, то роляў на ўсіх не хапіла. Дзеці азнаёміліся з прафесіямі не толькі акцёра, але і выдатна адчувалі сябе ў ролі білецёра, рэжысёра, касіра, мастака. Перад Днём касманаўтыкі я вяду размову пра космас, першага касманаўта. Падчас завочнай экскурсіі ў ­аэрапорт (разглядаючы карцінкі) дзеці азнаёміліся з прафесіяй лётчыка і сцюардэсы.

Узрост малодшага школьніка найбольш спрыяльны для фарміравання стаўлення да сябе як да суб’екта будучай прафесійнай дзейнасці, але работа па праф­арыентацыі павінна быць пабудавана так, каб дзіцяці было цікава. А што цікава малодшаму школьніку? Гэта гульня.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.

Не толькі гульні, але і вершы, загадкі, прыказкі дапамага­юць абу­дзіць у дзяцей цікавасць да прафесійнай дзейнасці чалавека, пашырыць уяўленне аб прафесіях і тых якасцях, якімі неабходна валодаць, каб атрымаць тую ці іншую прафесію. На занятках выкарыстоўваю ролевыя гульні, накіраваныя на вырашэнне вучэбных і выхаваўчых задач. Гульнявыя практыкаванні не толькі садзейнічаюць засваенню ведаў, але і актывізуюць пазнавальныя працэсы, стымулю­юць  самастойнасць  і  самакантроль.

Саджаючы з дзецьмі кветкі, я ўпершыню загаварыла пра прафесію фларыста. Нечаканасцю для мяне стала тое, што гэтая прафесія зацікавіла не толькі дзяўчынак, але і хлопчыкаў. З дадатковых крыніц мы з дзецьмі даведаліся шмат цікавага аб гэтай прафесіі.

На занятках вельмі важна, каб дзіця захацела стварыць штосьці сваё, непаўторнае, непадобнае да таго ўзору, які часта прапануем мы, выхавальнікі. Напрыклад, пры разглядзе прафесіі архітэктара ­ўдзяляецца ўвага развіццю здольнасцей, звязаных з назіральнасцю, вакамерам, прасторава-вобразным, творчым мысленнем.

У многіх з нас дома ёсць жывёлы, але не ўсе ведаюць, як правільна клапаціцца пра іх. Таму адны заняткі былі прысвечаны прафесіі ветэрынара. Вучні самі падрыхтавалі матэрыял па гэтай тэме, прыводзілі шмат прыкладаў з жыцця сваіх гадаванцаў.

Сустрэча з татам Кірыла нікога з дзяцей не пакінула абыякавым. Ён цясляр. Дзеці разам з ім рамантавалі крэслы ў кабінеце. Традыцыйнымі сталі сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій нашага горада: супрацоўнікам упраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і супрацоўнікам унутраных спраў. Яны азнаёмілі дзяцей з правіламі пажарнай бяспекі і правіламі дарожнага руху.

Знаёмства з прафесіямі праводжу не толькі на сямейных святах, экскурсіях, але і на ўсіх занятках. Старанна прадумваю гэтую дзейнасць падчас падрыхтоўкі каляндарнага планавання на наступны навучальны год. На занятках разглядаецца пэўная прафесія, навучэнцы маюць магчымасць пашырыць свае ўяўленні аб свеце прафесій.

Важныя і такія моманты, як:

— гісторыя прафесіі (адкуль пайшло слова, як мянялася аблічча прафесіі і г.д.);

— змест працы;

— прафесійна важныя якасці;

— абмежаванні пры рабоце па гэтай прафесіі;

— цікавыя выпадкі.

Заняткі, гульні, выставы, конкурсы, інсцэніроўкі, сустрэчы, віктарыны, што праводзяцца ў рамках работы над тэмай “Самарэалізацыя асобы ў будучыні праз прафарыентацыю навучэнцаў у ГПД”, дазволілі замацаваць веды навучэнцаў аб розных прафесіях, сфарміраваць уяўленні аб важнасці і значнасці ўсіх прафесій, выхаваць павагу да людзей працы, іх дзейнасці і вынікаў.

Усе прафесіі патрэбныя. Усе прафесіі важныя

“Дарагія ўдзельнікі гульні! Вас чакаюць сёння складаныя конкурсы, цікавыя пытанні. Паглядзіце на тое, што вакол нас: гэта магазін, аптэка, школа і г.д. Гэта не проста будынкі, гэта яшчэ цікавы і займальны свет людзей розных прафесій. Вось пра гэта мы сёння і пагаворым. Такім чынам, мы пачынаем нашу цікавую і пазнавальную гульню-спаборніцтва “Усе прафесіі патрэбныя. Усе прафесіі важныя”. Група дзеліцца на дзве ­каманды: “Смайлікі” і “Непаседы”.

Мы верым, што ў вас усё атрымаецца. Ацэньваць гульню будзе наша журы.

“Размінка”

У мяне ў руках два канверты — жоўты і чырвоны, у іх знаходзяцца пытанні і заданні для нашых каманд. За кожны правільны адказ каманды бу­дуць атрымліваць зоркі: каманда “Смайлікі” — жоўтую, каманда “Непаседы” — чырвоную. Камандам будзе прапанавана па чатыры пытанні, на якія трэба адказваць хутка, дакладна, гучна. Каманды, гатовы?

Пытанні камандзе “Смайлікі”

Хто дзяцей вучыць чытаць, пісаць, каб яны сталі разумнымі?

Хто шые з тканіны сарафан для Тані?

Хто граніцы вартуе і ахоўвае наш сон?

Хто пасе авечак і коз там, дзе луг травой зарос?

Выхавальнік. Малайцы! Выдатна справіліся з заданнем.

Пытанні камандзе “Непаседы”

Хто вылечыць ад усіх хвароб і ведае, што каму карысна?

Хто прыб’е вам абцасік і замочак уставіць у боцік?

Хто пачастуе нас усіх на славу і згатуе цудоўны абед?

За парадкам хто сочыць і забараняе хуліганіць?

Вядучы. Выдатна! З першым заданнем справіліся абедзве каманды.

Конкурс “Чым падобныя і чым адрозніваюцца некаторыя прафесіі?”

Каманда “Смайлікі” — прафесія ўрача і ветэрынарнага ўрача.

Каманда “Непаседы” — шаўца і краўца.

Віктарына на тэму “Прафесія”

1. Пры дапамозе каго пабудаваны ваш дом? (Будаўнік.)

2. Хто складае план забудовы будынкаў? (Архітэктар.)

3. Дзякуючы гэтаму чалавеку людзі жывуць у прыгожых кватэрах. (Дызайнер.)

4. Яны гатуюць для вас многа смачнага. (Кухары.)

5. Дзякуючы гэтым людзям мы атрымліваем лісты і газеты. (Паштальён.)

6. Гэты чалавек можа зрабіць для вас шафу. (Цясляр.)

Віктарына

1. Работа гэтага чалавека заўсёды на колах. (Вадзіцель.)

2. Прафесія гэтага чалавека вельмі небяспечная, бо даво­дзіцца працаваць у паветры. (Лётчык.)

3. Хто для нас вырабляе абутак? (Шавец.)

4. У гэтага чалавека ёсць прадмет з драўлянай ручкай, і ён сочыць за парадкам на вуліцах. (Дворнік.)

5. Кім могуць стаць у будучыні эмацыянальныя і пластычныя дзеці? (Артыстамі.)

6. Гэты чалавек вельмі многа ведае. Ён працуе з металічнымі дэталямі на станку. (Токар.)

7. Казкі, апавяданні — усё гэта можа скласці гэты чалавек. (Пісьменнік.)

8. Ён добра разбіраецца ў сельскай гаспадарцы. (Аграном.)

9. На караблі ён самы галоўны чалавек, і мора — яго стыхія. (Капітан карабля.)

10. Часта мы карыстаемся паслугамі гэтага чалавека, калі захварэем. (Урач.)

Конкурсы “Пачынай на літару “п”, “Пачынай на літару “м”

Каманды па чарзе называюць па адной прафесіі, што пачынаецца на літару “п”. Выйграе ў гэтым конкурсе тая каманда, якая назаве прафесію апошняй.

(Пекар, паштальён, прагра­міст, прадавец, піяніст, паэт.)

(Музыкант, менеджар, міліцыянер, машыніст, маляр, механік, мэбельшчык, метэаролаг, манцёр.)

Конкурс “Хто гэта?”

Паказаць (пантаміма): цырульніка, піяніста, жанглёра, маляра, скрыпача, шафёра, клоўна, настаўніка.

Конкурс “Абганяй”

Задача каманд у гэтым конкурсе — як мага хутчэй па апісанні прафесіі вызначыць, што гэта за прафесія. На сталах у кожнай каманды па пяць лістоў жоўтага колеру са словамі — назвамі прафесій. Калі каманда ведае адказ, то дзеці падніма­юць рукі, адказваюць. Калі адказ правільны, каманда зарабляе адно ачко.

Рэфлексія

Падводзіцца агульны вынік спаборніцтваў.

Пройдзе яшчэ нямала часу, перш чым вы станеце дарослымі, атрымаеце прафесію. А пра якія прафесіі вы даведаліся сёння?

Раіса САКАВЕЦ,
выхавальніца групы прадоўжанага дня сярэдняй школы № 18 Пінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.