У садзіку № 2 Крупак маленькіх патрыётаў выхоўваюць праз сямейныя традыцыі, памяць аб мінулым і гордасць за сучаснасць

- 15:25Образование

У дзіцячым садзе № 2 Крупак маленькіх патрыётаў выхоўваюць праз сямейныя традыцыі, памяць аб мінулым і гордасць за сучаснасць. Дашкаляты з цікавасцю і захапленнем вывучаюць беларускую мову, знаёмяцца з сімваламі роднай краіны. Подробности — в материале корреспондента “Настаўніцкай газеты”.

Моцная матывацыя

Установе ёсць чым уразіць гас­цей. Хлопчыкі і дзяўчынкі ў прыгожых народных строях сустракаюць вясёлымі песнямі і танцамі, зачароўваюць неверагодным пазітывам. Гледзячы на радасных малышоў, прыемна ўсведамляць, што творчасць прыносіць ім сапраўднае задавальненне. А гэта моцная матывацыя для педагогаў, бо каштоўнасць іх працы выяўляецца ў радасці дзяцей ад уласных дасягненняў.

Калектыў прымае актыўны ўдзел у інавацыйных праектах фізкультурна-аздараўленчага, экалагічнага і культуралагічнага кірункаў. Сумесна з Крупскім гісторыка-краязнаўчым музеем паспяхова рэалізаваны праект па фарміраванні патрыятычных пачуццяў дашкольнікаў на аснове нацыянальных традыцый.

— Галоўнае — памятаць свае карані. Ад іх мы пайшлі, ад іх чэрпаем сілу, імі прывязаны да сваёй зямлі, — упэўнена загадчыца Наталля Антаневіч. — Наша задача — навучыць дзяцей дабрыні, развіць іх творчыя здольнасці, выхаваць любоў і павагу да роднага дому, садка, які яны наведваюць. Навучыць любіць і шанаваць Радзіму.

Акцэнт на каштоўнасцях

Музычная зала — творчае сэр­ца дзіцячага сада. Тут хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца рытмікай, спяваюць, танцуюць, а яшчэ рыхтуюцца да конкурсаў. Дзеці ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах, на конкурсах займаюць прызавыя месцы, пра што сведчыць мноства грамат і дыпломаў. І ўсё гэта — дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва і сумеснай працы: толькі ра­зам мы дасягаем пастаўленых мэт, — падкрэслівае музычны кіраўнік Ірына Шапавал. — Наша галоўнае прызванне — раскрываць таленты выхаванцаў.

Як адзначаюць педагогі, пат­рыятычны складнік — адзін з асноўных у іх рабоце. Праз заняткі, гульнявую і свабодную дзей­насць дзеці знаёмяцца з гісторыяй малой і вялікай Радзімы, традыцыямі, народнай творчасцю, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, дзяржаўнымі святамі і сімваламі. Ва ўстанове дзейнічае этнаграфічны міні-музей “Лялькі-абярэгі” пад кіраўніц­твам педагога Вольгі Змітраковіч.

Яго экспанаты шырока выкарыстоўваюцца на занятках, святах “Багач”, “Калядкі”, “Масленiца”, “Гуканне вясны”, “Купалле” і іншых. У ліку асноўных форм узаемадзеяння з дашкалятамі — майстар-класы па вырабе лялек з удзелам баць­коў, што з’яўляецца цудоўным сродкам як пат­рыятычнага, так і эстэтычнага выхавання. На занятках дашкаляты знаёмяцца са старадаўнімі беларускімі традыцыямі і звычаямі з акцэнтам на каштоўнасным стаўленні чалавека да прыроды, працы, сям’і. Адным словам, у садзе назапашаны вопыт патрыятычнага выхавання на аснове лепшых набыткаў народнай педагогікі. Шэраг заняткаў уключае экскурсіі ў міні-музей, якія праводзяць выхаванцы старшых груп.

Вольга Змітраковіч — з педагагічнай дынастыі. Яе маці Алена Канстанцінаўна Гайдук 40 гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў у сярэдняй школе № 2 Крупак, была нязменным кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў раёна, удастоена звання “Выдатнік народнай асветы”.

Пра беларускасць

Жывой крыніцай вопыту ў духоўна-маральным выхаванні дзяцей педагогі лічаць фес­тываль праваслаўнай культуры “Кладезь”. Для крупчан гэта значнае свята і форум лепшых выхаваўчых ідэй. А падчас тэматычнага тыдня дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ва ўстанове ладзяцца выставы вырабаў, якія майструюць дзеці з бацькамі.

— Мы вельмі рады, што таты і мамы з вялікім задавальненнем займаюцца творчасцю ра­зам з дзецьмі, — адзначае Наталля Уладзіміраўна.

На конкурсе навагодняй цацкі ў нацыянальным стылі, які прайшоў у садзе, панавала натхняльная і творчая атмасфера. Там можна было ўбачыць і вязаныя шары з беларускім арнаментам, і вышытую рукавічку Дзеда Мароза. Гэта сапраўды эксклюзіўны хэнд-мэйд.

— Вырабы з выкарыстаннем арнаменту — выдатная магчымасць папулярызацыі традыцый і пашырэння беларускасці, — упэўнена выхавальніца Вольга Змітраковіч.

Менавіта ёй належыць ідэя праводзіць у садзе дзень роднай мовы і вышыванкі. Задум у педагогаў нямала. Так, у сярэдняй групе захапіліся зборам элементаў вышыванкі на розных прадметах, у тым ліку на ўпакоўках вядомых у краіне і па-за яе межамі беларускіх прадуктаў.

— Гэта і новая форма ўзаемадзеяння з бацькамі, і развіццё ўвагі, творчых здольнасцей дзяцей, і выхаванне павагі да нацыянальных сімвалаў, фарміраванне патрыятычных пачуццяў, — падкрэс­лівае Вольга Уладзіміраўна.

Разам з калегамі і бацькамі выхаванцаў яна пабывала ў Мінску на Дні вышыванкі. Крупчане ўразіліся дэфіле дарослых і дзяцей у адзенні з элементамі вышыванкі ад сучасных беларускіх дызайнераў.

— Прыемна было бачыць крупскую мо­ладзь у першых радах святочнай калоны. Гэта было хвалююча, — адзначае выхавальніца.

У педагога і баць­коў адразу ўзнікла жаданне набыць для дзяцей спартыўную форму з патрыятычным лагатыпам і нацыя­нальным арнаментам. Цяпер на заняткі па фізічнай культуры хлопчыкі і дзяўчынкі ідуць з гордасцю. Выхавальніца сустракае іх таксама ў футболцы з арнаментам. Дарэчы, яна адправіла фотаздымак дзяцей на конкурс “Беларусікі” ў газету “Звязда”. Варта адзначыць, што крупскія малышы прыцягнулі да сябе шмат увагі на сайце выдання. На думку педагога, вышыванка ў штодзённым ужытку — не даніна модзе, а стыль жыцця. Дакладней, грамадзянская пазіцыя. Як, дарэчы, і паездкі на канцэрт беларускай песні.

Пры падтрымцы прафсаюза ва ўстанове склалася добрая традыцыя наведвання канцэртных залаў. Адсюль і захапленне “Залатой калекцыяй беларускай песні”, выступленнямі гурта “Чысты голас”, ансамбля “Харошкі” і іншых мастацкіх калектываў краіны. Падарожжы з дзецьмі і бацькамі ў музейныя комплексы выклікалі ў дашкалят цікавасць да знакавых мясцін краіны. Праект-фотасправаздача “Беларусь пад мірным небам” пад кіраўніцтвам Вольгі Змітраковіч натхніў бацькоў і дзяцей адкрываць для сябе родныя краявіды і захапляцца
імі.

Дзіцячы сад № 2 Крупак — лідар раёна ў дзіцячай даследчай дзейнасці. За апошнія пяць гадоў работы выхаванцаў адзначаны 13 дыпломамі, 8 з іх — I ступені.

На аснове фактаў аб франтавых і працоўных подзвігах удзель­нікаў Вялікай Айчыннай вайны — родных выхаванцаў і педагогаў — рэалізаваны праект “Мой герой” да 80-годдзя Перамогі. Вынік такой работы — моц­ны эмацыянальны водгук у дзяцей. Выхаванцы прадставілі сваё бачанне ваеннага мінулага ў літаратурна-музычнай кампазіцыі “Дзеці вайны”. Скажу шчыра: гэта было кранальна да слёз. Напрыканцы сустрэчы я спытала ў малышоў, як яны разумеюць слова “Радзіма” і хто такі патрыёт. Яны атаясамліваюць Радзіму са сваім домам, дзіцячым садам, мамай, татам і нават кветкамі, птушкамі, лесам і рэчкай. Яны дакладна ведаюць, што наша Радзіма — Беларусь, і з гордасцю адзначаюць, што чытаюць беларускія вершы і спяваюць беларускія песні. Дзеці таксама ведаюць, хто такі патрыёт.

— Гэта той чалавек, які любіць сваю краіну. Ён ніколі не пакрыўдзіць жывёл, не зламае галінку дрэва, дапаможа іншым у бядзе. Патрыёт — гэта той, хто паважае старэйшых, беражліва адносіцца да роднага горада, яго помнікаў, — разважаюць малышы.

Ці ж гэта не красамоўны доказ эфектыўнай выхаваўчай практыкі?

— Ушынскі сцвярджаў, што ёсць толькі адна агульная для ўсіх прыродная схільнасць, на якую заўсёды можа разлічваць выхаванне. Гэта тое, што мы называем народнасцю, — падкрэс­лівае Наталля Антаневіч. — Сапраўды, выхаванне, створанае самім народам і заснаванае на народных традыцыях, мае велізарную сілу.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота аўтара і прадастаўлены ўстановай