У школе маладога спецыяліста «Прафстарт» у Барысаве прайшла сустрэча з педагогамі

- 15:16Образование

У школе маладога спецыяліста “Прафстарт”, пасяджэнне якой адбылося ў дзіцячым садзе № 44 Барысава, прайшла сустрэча з педагогамі па тэме “Самаадукацыя педагога: учора, сёння, заўтра”. Пасяджэнне праходзіла ў форме ток-шоу “Місія невыканальная”.

Школа маладых спецыя­лістаў — гэта ўнікальная пляцоўка арганізацыі і ства­рэння ўмоў для прафесійнага росту пачы­наючых педагогаў.

На пачатку пасяджэння школы ўвазе маладых спецыялістаў была прадстаўлена прэзентацыя “Самаадукацыя — ключавая кампетэнцыя педагога”, падчас якой я абгрунтавала і аргументавала, чаму менавіта самаадукацыя сёння з’яўляецца ключавой кампетэнцыяй спецыяліста. Раскрыццё паняцця самаадукацыі і магчымасцей, якія з’яўляюцца ў педагога дзякуючы ёй, былі прадстаўлены ў інфарм-дайджэсце “Арганізацыя самаадукацыі”.

Падчас мерапрыемства маладым спе­цыялістам было прапанавана падумаць аб тым, якой будзе самаадукацыя ў будучыні. Пасля гэтага сваім вопытам па­дзяліліся педагогі дзіцячага сада № 44 Барысава. Так, творчай справаздачай “Выхаванне патрыятызму ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў працэсе азнаямлення з родным горадам” падзялілася выхавальніца Юлія Чуіс. Медыя­кейс “Забес­пячэнне развіцця дзяцей сярэдняга дашкольнага ўзросту з дапамогай выкарыстання здароўе­зберагальных тэхналогій” прадставіла выхавальніца Кацярына Плотнікава, а Алена Мірук, педагог-псіхолаг, пра­вяла трэнінг “Я гатовы ўсё пераадолець”.

Практычная частка мера­прыемства пачалася з дзелавой гульні, падчас якой маладыя спецыялісты стваралі вобразы педагогаў, паказваючы практычную значнасць самаадукацыі. Складанне перфакарты дапоўніла і замацавала ўяўленні ўдзельнікаў пра самаадукацыю, а таксама пра тое, як правільна і наколькі важна ў сваёй рабоце ставіць мэту і шукаць матывацыю.

Праводзячы напрыканцы сустрэчы рэ­флексію, маладыя спецыялісты падзяліліся сваімі думкамі і падзякавалі за магчымасць павышэння асабістай кампетэнтнасці ў пытаннях самаадукацыі. Удзельнікі мерапрыемства ўпэўніліся, што самаадукацыя — гэта важная і неабходная частка развіцця прафесійных кампетэнцый педагогаў.

Вераніка НЯЎЗОРАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 44 Барысава,
кіраўнік школы маладога спецыяліста “Прафстарт”
Фота аўтара