У скарбонцы беларусаў на 55-й Міжнароднай хімічнай алімпіядзе — тры сярэбраныя і адзін бронзавы медалі

- 17:46Главная, Образование

55-я Міжнародная хімічная алімпіяда прайшла з 16 па 25 ліпеня ў Цюрыху (Швейцарыя), паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Па выніках удзелу ўсе 4 удзельнікі каманды Беларусі ўзнагароджаны медалямі. Так, «серабро» заваявалі навучэнка 11-га класа гімназіі № 7 Маладзечна Марыя Стаўбунік, навучэнец 11-га класа гімназіі № 10 Маладзечна Аляксандр Шарайчук, навучэнка 11-га класа гімназіі № 5 Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе Антаніна Штыцко. «Бронза» — у навучэнца 11-га класа гімназіі № 2 Бабруйска Глеба Баравога.

Кіраўнікамі зборнай нашай краіны з’яўляюцца дацэнт кафедры неарганічнай хіміі хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдат хімічных навук Наталля Бабарыка і старшы выкладчык кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімічнага факультэта БДУ Уладзіслаў Будзевіч.

Міжнародная хімічная алімпіяда — штогадовае інтэлектуальнае спаборніцтва, упершыню прайшла ў 1968 г. у Чэхаславакіі. У 2023-м у ёй прынялі ўдзел 348 навучэнцаў старшых класаў сярэдніх школ з 87 краін. Фармат правядзення традыцыйны. Ёсць тэарэтычны тур, які ацэньваўся ў 60 балаў, і практычны тур — у 40 балаў. У тэарэтычным туры важна максімальна хутка ўсё паспець і зрабіць як мага менш памылак.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена ўдзельнікамі алімпіяды