У скарбонцы ўзнагарод 4 крыштальныя зубры: як дзіцячае тэлебачанне з Белаазёрска дасягае вяршынь тэлемайстэрства

- 9:05Главная, Образование

Кіраўнікі студыі дзіцячага тэлебачання “ПОИСК” з Белаазёрска Ірына Труцько і Юлія Васілеўская дзеляцца з чытачамі “Настаўніцкай газеты” сакрэтамі работы з юнымі зоркамі, расказваюць, што з’яўляецца візітнай карткай творчага аб’яднання і пры чым тут пеўні і куры з сядзібы Пуслоўскіх.  

Ад гурткоў да студыі

Упершыню стаць уладальнікамі галоўнага прыза рэспубліканскага конкурсу дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі “Свежы вецер”, што праводзіцца ў НДЦ “Зубраня”, студыі ўдалося ў 2018 годзе.

— Да гэтага мы неаднаразова прымалі ўдзел у конкурсе, станавіліся дыпламантамі, але, канечне, марылі атрымаць свайго крыштальнага зубра. І калі гэта ўдалося, колькі было радасці, не перадаць словамі! — дзеліцца ўспамінамі Ірына Труцько.

Яна, настаўніца рускай мовы і літаратуры, пэўны час кіравала гуртком “Мастацкае слова” ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Белаазёрска. Яе калега Юлія Васілеўская, таксама настаўніца па адукацыі, вяла заняткі ў тэатральнай студыі. Абедзве нават і падумаць не маглі, што іх творчы шлях так рэзка зменіць кірунак.

— Пачалося ўсё нечакана. Цэнтру падарылі відэакамеру. Дырэктар прапанавала нам паспрабаваць свае сілы ў відэаздымках, зрабіць выпуск навін нашай установы. Наш першы вопыт, нягледзячы на адсутнасць спецыяльных ведаў, атрымаў станоўчы водгук. І ўжо на наступны год мы сабралі групу юных тэлевізійшчыкаў — імі сталі дзеці з нашых гурткоў, — успамінае Юлія Васілеўская. 

— Асноўныя веды і навыкі па тэлевытворчасці мы набывалі ўжо ў працэсе работы разам са сваімі юнымі калегамі. Кіравала намі вялікае імкненне да сумеснага росту і развіцця. Пацвярджэннем прагрэсу з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды, якія атрымліваюць удзельнікі студыі. Яны неаднаразовыя лаўрэаты і дыпламанты абласных і рэспуб­ліканскіх этапаў конкурсаў відэапраграм, відэафільмаў і відэаролікаў “Свежы вецер”, “АрхНавацыя”, “Крыштальны бусел”, “Мая чароўная Беларусь”, “Ты ў эфіры”, “Самы лепшы дзень”, “Энергамарафон”, конкурсу экалагічных відэаролікаў, — з гордасцю пералічвае Ірына Труцько.

Падзяліцца, каб аб’яднацца

Студыя — гэта цэлая творчая планета з больш чым 100 жыхарамі. Яны падзелены на 11 груп адпаведна ўзросту і ўзроўню майстэрства.

Для самых маленькіх (1—2 класы) заняткі скіраваны на развіццё маўлення, артыкуляцыі, дыкцыі, дыяфрагмальнага дыхання. Аднак гэта не перашкаджае ім штурма­ваць YouTube. Менавіта з іх удзелам на канале студыі выходзіць пастаянная рубрыка “Чамучкі”. Яе сутнасць — пошук адказаў на самыя розныя пытанні, якія цікавяць дзяцей: чаму неба блакітнае, чым адрозніваецца мяцеліца ад завірухі, як пчолы робяць мёд… Старэйшыя дзеці дапамагаюць знайсці адказы і зрабіць цікавыя відэаролікі.

Сярэдняя ліга (3—6 класы): дзеці асвойваюць сцэнарнае майстэрства, асновы аператарскай работы, вучацца простым прыёмам мантажу ў прафесійных праграмах. Яны ствараюць першыя самастойныя ролікі — тэматычныя, забаўляльныя, края­знаўчыя замалёўкі.

Назва студыі — яе дэвіз: П — пробуй! О — обозначайся! И — интересуйся! С — совершенствуйся! К — конкурируй!

Навучэнцы 7—11 класаў — гэта, можна сказаць, галоўная рэдакцыя студыі. Яны штомесяц робяць паўнавартасныя выпускі навін пра падзеі, якія адбываюцца ў цэнтры дадатковай адукацыі, школах горада і ў Белаазёрску. Студыйцы самі збіраюць інфармацыю, пішуць сцэнарый, здыма­юць відэа, агучваюць і манціруюць з прымяненнем спецэфектаў кожны рэпартаж, а потым публікуюць на YouTube.

— Наша студыя — гэта не проста сукупнасць гурткоў, а адзі­ны калектыў. Таму і творчасць у нас атрымліваецца калектыўная. Калі аб’яўляецца чарговы конкурс (“АрхНавацыя”, “Свежы вецер”, “#Вамстоитэтоувидеть” і шмат іншых), мы збіраемся: абмяркоў­ваем ідэі, лепшыя ажыццяўляем сумеснымі намаганнямі. Паміж намі, кіраўнікамі, няма канкурэнцыі, толькі супрацоўніцтва і ўзаемадапамога, — падкрэслівае Ірына Труцько.

Кіраўнікі студыі імкнуцца развіваць у дзецях камунікатыўныя навыкі, лідарскія якасці, крытычнае мысленне, упэўненасць у сабе. Усе гэтыя якасці абавязкова ім спатрэбяцца ў жыцці, нават калі яны не стануць прафесійнымі журналістамі. 

— Выпадковых дзяцей тут не бывае. Творчыя, крэатыўныя, ініцыятыўныя. Кожны знаходзіць сабе занятак па душы. Колькасць жадаючых расце з году ў год. І калі раней дзеці марылі стаць тэлезоркамі, вядучымі, то зараз часцей за ўсё яны прыходзяць да нас з марай стаць блогерамі. Аднак далёка не кожнае дзіця адразу гатова працаваць у кадры. Патрэбна рашучасць! Гэта толькі збоку здаецца, што ўсё так лёгка. На практыцы мы бачым: навічкі губляюцца перад камерай, не ведаюць, куды дзець рукі, голас дрыжыць і прыглушаецца. Галоўнае — падтрымаць іх у такі момант, што мы і робім, — падкрэслівае Юлія Васілеўская.

Кантэнт вырашае!

— Нашай візітнай карткай з’яўляюцца выпускі навін. Спачатку яны выходзілі раз у два-тры месяцы, з цягам часу мы перайшлі на штомесячны фармат. Дзеці актыўна дапамагаюць: пішуць тэксты, здымаюць і робяць мантаж. Яны дзеляцца з намі навінамі сваіх школ, што робіць кантэнт яшчэ больш актуальным і цікавым, — гаворыць Ірына Труцько.

Сёння на YouTube-канале студыі не толькі каля сотні выпускаў навін, але і больш за сотню тэматычных відэаролікаў, прысвечаных здароваму ладу жыцця, краязнаўству і не толькі. Дзеці самі прапанавалі стварыць рубрыку “Кіналяпы”, дзе сабраны смешныя моманты, якія адбываюцца падчас здымачнага працэсу. І, канечне, канал увесь час папаўняецца YouTube-шортсамі.

Так, ад адной падоранай камеры студыя прыйшла да сучаснага абсталявання: тры камп’ютары, ноўтбук, хромакей, саббоксы. Але асноўны інструмент здымак сёння — мабільныя тэлефоны вучняў.

— “Дастаём мабільныя тэлефоны!” З такой фразы нярэдка пачынаюцца нашы заняткі. І дзеці разумеюць, што смартфон не цацка, а іх памочнік: яны вучацца ба­чыць кадр, будаваць сюжэт з яго дапамогай, — расказвае Юлія Васілеўская.

За час існавання студыі кіраўнікі аб’ез­дзілі з дзецьмі ўвесь Бярозаўскі раён, пабывалі ў многіх знакавых і цікавых месцах Брэсцкага рэгіёна.

— Такія сумесныя падарожжы вельмі запамінаюцца, бо не абыходзяцца без прыгод. Так, падчас адной з такіх рабочых камандзіровак мы селі на веласіпеды і адправіліся па маршруце парк Пуслоўскіх — Бярозаўская ДРЭС — возера Белае. Мэта была зрабіць відэаролік для абласнога конкурсу пра мясцовыя славутасці. Незабыўнай аказалася паездка да мемарыяльнага комплексу “Хаваншчына”, дзе ў часы ВАВ размяшчаўся партызанскі лагер. Каб скараціць шлях, паехалі па грунтавой дарозе. Якраз прайшлі дажджы, і машына некалькі разоў забуксоўвала. Прыходзілася яе ратаваць.

А калі здымалі ролік у сядзібе Пуслоўскіх, нам увесь час перашкаджалі пеўні і куры, якія чамусьці імкнуліся трапіць у кадр. Потым дзеці нават зрабілі сюжэт з тых момантаў для рубрыкі “Кіналяпы”, — з усмешкай расказвае Юлія Васілеўская.

Зазірнуць у творчы свет студыі проста — дастаткова знайсці іх канал у сетцы. Пошук таго варты!

Марына ЖДАНАВА
Фота прадастаўлены ўдзельнікамі студыі