Слабодкаўская сярэдняя школа Браслаўскага раёна — месца, дзе сапраўды адчуваеш сэнс слоў “асвета” і “выхаванне”. Яе настаўнікі перакананы: галоўнае ў школе — не сцены, а чалавек. Кожны дзень яны ствараюць адмысловую атмасферу, у якой дзіця расце, вучыцца, пазнае і захоўвае сваю гісторыю, а значыць, і смела глядзіць у будучыню. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Самабытнасць школьнага жыцця
Калі мы ідзём з дырэктарам школы па калідоры, заўважаю, што падчас перапынку нідзе няма звыклай мітусні. Усе вучні заняты справай: нехта абмяркоўвае рашэнне задачы, нехта рыхтуе праект, нехта гуляе з малодшымі.
Педагогі шчыра прызнаюцца: дзеці, як і ў любой школе, розныя, але менавіта ў сельскай настаўнікі ведаюць усіх не толькі па імёнах і характарах, але і “па марах”.

Тут сапраўды арганізавана індывідуальнае навучанне, а кожны вучань атрымлівае магчымасць знайсці сваю дарогу — у прафесію, у будучыню, да самога сябе.
А яшчэ ў сельскай школе — выхаванне ва ўсіх праяўленнях: трэба і школьны яблыневы сад даглядаць, і ў вясковым скверы помнік добраўпарадкаваць, і дапамагчы пажылому суседу прыбраць двор, і з хатняй гаспадаркай управіцца… “Не варта баяцца ўскладаць на дзяцей адказнасць — яны з задавальненнем бяруць удзел ва ўсіх справах”, — адказвае на мае разважанні дырэктар Ірына Іосіфаўна Гапон. А яе намеснікі дадаюць: “Галоўнае — паважаць дзіця і давяраць яму. Гэта — аснова супрацоўніцтва”.
Дарэчы, намеснікі дырэктара — прыклад таго, як вопыт і маладосць ствараюць плённы тандэм. Ала Альфонсаўна Шакель — строгая, але з пачуццём гумару і глыбокім разуменнем вучня. Лізавета Віктараўна Шорац — энергічная, здольная ўнесці ў выхаваўчы працэс тое, што “чапляе” сучасных дзяцей.
Жывыя праекты
Слабодкаўская школа адметная сваім унікальным вопытам шматгадовай працы па захаванні гістарычнай памяці. Тут перакананы: пакуль мы памятаем герояў — яны жывуць у нашых учынках.
Так, гісторыя Вольгі Максімовіч і братоў Фёдара і Спірыдона Дзярабаў стала вядомая яшчэ ў 1980-я, калі піянеры-следапыты сустракаліся са сведкамі тых падзей і запісвалі іх успаміны. У 2000-х школьнікі вызначылі дакладнае месца гібелі юных герояў. А ў 2022 годзе, які стаў Годам гістарычнай памяці, было прынята рашэнне аб усталяванні на гэтым месцы памятнага знака. Два гады падрыхтоўкі, плённай сумеснай працы дзяцей, бацькоў, педагогаў, прадстаўнікоў сельскага Cавета і дзяржорганаў — і вось 8 мая 2025 года найбуйнейшы праект завяршыўся ўзвядзеннем памятнага знака юным падпольшчыкам, якіх расстралялі ў Слабодцы за сувязь з партызанамі.
Сёння калектыў школы даглядае шэсць воінскіх помнікаў, арганізоўвае велапрабегі па месцах баявой славы і нават прымае ўдзел у міжнародных праектах. Дарэчы, 12 вучняў атрымалі дыпломы міжнароднай алімпіяды “Вялікая Перамога”. Традыцыйным стала не толькі вывучэнне школьнікамі гісторыі сваіх сем’яў, але і наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Такія мерапрыемствы становяцца для дзяцей не проста ўрокамі гісторыі, а моцным стымулам для ўсведамлення сваёй грамадзянскай пазіцыі.
У Слабодкаўскай школе ўмеюць працаваць так, каб кожны праект не проста рэалізоўваўся, а ўплываў на жыццё вёскі. Яскравы прыклад — свята “Слабодка збірае сяброў”, якое стала сапраўдным культурным брэндам. У яго праграме — майстар-класы, экскурсіі, спартыўныя спаборніцтвы і нават раённы турнір па міні-гольфе. Дарэчы, супрацоўніцтва з Цэнтрам па навучанні міні-гольфу і арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж” адкрыла дзецям новыя магчымасці для развіцця.
Удзел калектыву школы ў праекце “Школьны сад” таксама быў выніковым: бізнес-праект “Чай з аптэкарскага агарода”, турыстычная ідэя “Слабодкаўскі гасцінец”, упарадкаванне ўчасткаў па арганічным земляробстве, вырошчванне агародніны ў цяпліцы, стварэнне школьнага брэнда “Кладоўка гномаў”. Дапаўняе агульную карціну і сад надзеі, закладзены вучнямі: з 35 яблынь у першы ж год было сабрана 40 яблыкаў. Трэба адзначыць, што і дашкольнікі бяруць удзел у экалагічных праектах, а старшакласнікі працуюць у экалагічным атрадзе ў Нацыянальным парку “Браслаўскія азёры”. Гэта не проста вучэбная дзейнасць — гэта фарміраванне жыццёва важных навыкаў, выхаванне самастойнасці і адказнасці.
Музейны пакой у школе з’явіўся ў 2015 годзе, калі выпускнік Вікенцій Браніслававіч Ермалёнак дапамог набыць абсталяванне. З таго часу музей стаў цэнтрам захавання духоўнай спадчыны. Сярод экспанатаў асаблівае месца займаюць асабістыя рэчы заслужанага настаўніка БССР Міхаіла Баляслававіча Чэркаса — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, чалавека вялікага таленту і неверагоднай працаздольнасці. Яго саламяны капялюш, кнігі, тэксты песень і гімна школы — жывая ніць, што злучае мінулае з сучаснасцю. У музеі можна ўбачыць і ёлачныя цацкі розных эпох, і фотаздымкі знакамітых вяскоўцаў, і любімыя кнігі педагогаў. Гэта месца, дзе гісторыя становіцца часткай выхавання і служыць для фарміравання ў дзяцей агульначалавечых каштоўнасцей.
Калі кожны — важны
Калектыў маленькай школы нагадвае аркестр, у якім кожны педагагічны і тэхнічны работнік выконвае сваю ўнікальную партыю. Дырэктар прызнаецца: “Калі нават адзін выпадае — гармонія парушаецца”. Тут высока цэняць працу ўсіх без выключэння.
Кухар, вадзіцель школьнага аўтобуса, прыбіральшчыца, рабочы па рамонце — гэта не проста супрацоўнікі, а людзі, якія штодзень ствараюць камфорт для дзяцей і настаўнікаў. Прынцып іх працы — не “па штатным раскладзе”, а “гэта цяпер трэба школе”.
Што яшчэ адметна, усе педагогі нарадзіліся і раслі на Браслаўшчыне, палова педагагічнага калектыву — выпускнікі Слабодкаўскай школы. Сапраўды, Радзіма — месца сілы і галоўны стымул удасканальвацца.
Тут і дзяцей, і дарослых вучаць не баяцца памылак. Іх лічаць сапраўднымі рухавікамі развіцця. “Кожны можа памыляцца, але галоўнае — прызнаць свае недахопы, выправіць становішча і ісці далей”, — гаворыць дырэктар. Гэтая філасофія дапамагае ўсім без выключэння членам школьнай суполкі адчуваць сябе ўпэўнена — у рабоце, у вучобе, у жыцці.
Кіраўнік школы часта паўтарае: “Вучыць думаць, аналізаваць, прымаць рашэнні і несці адказнасць — вось што для мяне галоўнае”. Яе жыццёвыя прынцыпы простыя, але надзейныя: ніколі не здавацца, расці духоўна, шчыра працаваць, быць побач з дзецьмі, але ніколі не прыгнятаць іх, а даваць прастору для самастойнасці.
Прыгадваючы сваю першую настаўніцу Ядвігу Віктараўну Шавец, Ірына Іосіфаўна кажа: “Яна была маладой, шчырай, уважлівай. Самай звычайнай і разам з тым адметнай. Яна мяне ўразіла — і гэта вызначыла мой прафесійны шлях”. І гэты шлях ляжыць праз Слабодку.
Святлана МАЗУРЫНА
Фота аўтара





