У стваральнай плыні

- 10:03Адукацыйная прастора

Кастрычніцкі раён — адзін з найстарэйшых раёнаў сталіцы. Яго яшчэ называюць “варотамі Мінска”, бо менавіта тут знаходзяцца вядомыя будынкі па вуліцы Кірава, якія з’яўляюцца адным з сімвалаў горада, а яшчэ Нацыянальны аэрапорт Мінск­-2 і чыгуначны вакзал. Цікава, што ў яго межы ўваходзіць прамысловы вузел “Калядзічы” і жылы мікрараён Сокал, якія размяшчаюцца за межамі Мінскай кальцавой аўтадарогі. На працягу апошніх гадоў раён вельмі хутка расце за кошт будоўлі жылога комплексу “Мінск-­Мір”, а трэцяя Зеленалужская лінія мінскага метро пракладваецца якраз па тэрыторыі раёна. Усё гэта стала новым імпульсам для развіцця сістэмы адукацыі раёна.

С.М.Сборцаў.

Начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска С.М.Сборцаў адзначыў, што ў раёне дзейнічаюць 39 устаноў дашкольнай адукацыі і 18 — агульнай сярэдняй. У 2021/2022 навучальным годзе адкрыта 576 класаў, у якіх навучаецца 14 901 дзіця. Упершыню селі за парту 1805 першакласнікаў, адкрыта 67 першых класаў. Ва ўстановах адукацыі Кастрычніцкага раёна працуюць 2693 педагагічныя работнікі. Сёння на сістэму адукацыі ўскладзена мноства задач, у тым ліку і матэрыяльна-тэхнічных, рамонтных, эканамічных і г.д.

Дзіцячы сад № 49 у “Мінск-Міры” стаў першай новай установай дашкольнай адукацыі ў Кастрычніцкім раёне за апошнія 22 гады (адкрыты ў 2019-м). На сённяшні дзень у новым жылым комплексе ўжо функцыянуе і другая ўстанова дашкольнай адукацыі — дзіцячы садок № 578 (адкрылі ў 2021 годзе). Унутры — поўны камплект, неабходны для функцыянавання сучаснай установы дашкольнай адукацыі: утульныя спальні і гульнявыя, камп’ютарныя класы, басейны і медыцынскія блокі, спартыўныя залы.

У адпаведнасці з інвестыцыйнай праграмай Мінска, у верасні 2022 года чакаецца адкрыццё сярэдняй школы ў “Мінск-Міры”, распрацоўваецца праектная дакументацыя для будаўніцтва дзіцячых дашкольных устаноў з басейнамі ў кварталах №№ 23, 26, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з басейнам у квартале № 20. Але не толькі “Мінск-Мірам” жыве сістэма адукацыі Кастрычніцкага раёна. Многае зроб­лена за апошнія гады і для іншых устаноў.

Забудова Кастрычніцкага раёна ідзе хуткімі тэмпамі, а гэта значыць, навасёламі становяцца шмат сем’яў з дзецьмі, для навучання якіх неабходна стварыць самыя сучасныя ўмовы.

  Завершаны капітальны рамонт гімназіі № 75, капітальны рамонт даху з цеплавой мадэрнізацыяй будынка гімназіі № 74, у верасні 2021 года выканана рэканструкцыя стадыёна школы № 71, і цяпер гэта сучасная спартыўная пляцоўка не толькі для школьнікаў, але і для жыхароў мікрараёна, завершаны капітальны рамонт з мадэрнізацыяй дашкольнай установы № 249. Распрацоўваецца дакументацыя для дзіцячага садка і сярэдняй школы ў мікрараёне Сокал, які з’яўляецца часткай Кастрычніцкага раёна.

Зімовыя гульні ў яслях-садзе №578.

Астравок вясёлага дзяцінства

 Яслі-сад № 578 адкрыўся ў жылым комплексе “Мінск-Мір” напярэдадні 7 лістапада мінулага года. На адкрыцці прысутнічалі ганаровыя госці: кіраўнік Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Н.І.Качанава, старшыня Мінгарвыканкама У.Я.Кухараў, кіраўніцтва адміністрацыі Кастрычніцкага раёна. Прыгожы нетыпавы будынак дзіцячага ясляў-сада стаў упрыгажэннем жылога комплексу і выдатна ўпісаўся ў архітэктуру агульнай забудовы.

 Будынак мае 3 паверхі, у ім выкананы ўсе патрабаванні безбар’ернага асяроддзя і гарантавання бяспекі жыццядзейнасці выхаванцаў. Сярод шматлікіх спецыяльных прыстасаванняў для дзятвы — гамагеннае няслізкае пакрыццё падлогі. Уся тэрыторыя дзіцячай установы абгароджана, абсталявана камерамі відэаназірання, на брамцы ўсталяваны магнітны замок.

Новы яслі-сад мае сучасны басейн з падагрэвам. Плаванне ў басейне дастаўляе дзецям велізарнае задавальненне. Кожны тыдзень выхаванцы ясляў-сада ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў наведваюць заняткі ў басейне. Кіраўнік фізічнага выхавання право­дзіць з імі разнастайныя гульнявыя практыкаванні для асваення тэхнікі спартыўных і аблегчаных спосабаў плавання, рухавыя гульні на вадзе. У дзіцячым садку ёсць дзве музычныя залы са зманціраванай акустычнай сістэмай, фізкультурная зала, камп’ютарны пакой. Установа аснашчана маніторамі, інтэрактыўнай дошкай. Ёсць пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху. У двары ўсталяваны ценявыя навесы, малыя архітэктурныя формы, ёсць фізкульт­пляцоўка, зона гімнастычнага комплексу, і ўсе яны з гумовым пакрыццём.

— Наша дашкольная ўстанова разлічана на 230 месцаў, — расказвае загадчыца Вольга Мікалаеўна Ляшковіч.— У ёй сфарміраваны 2 ясельныя групы па 15 малышоў і 10 груп па 20 дашкалят. Але, магчыма, з прыростам насельніцтва жылога комплексу груп стане больш.

О.М.Ляшковіч.

Па словах Вольгі Мікалаеўны, бацькі выбіраюць гэты яслі-сад у першую чаргу з-за крокавай даступнасці. Чым бліжэй да жылога дома знаходзіцца дашкольная ўстанова, тым зручней. Але, безумоўна, разнастайнае жыццё дзяцей у яслях-са­дзе, клопат і любоў да іх з боку выхавальнікаў таксама павышаюць цікавасць да ўстановы з боку бацькоў. Сама Вольга Мікалаеўна Ляшковіч, можна сказаць, прафесійна вырасла ў дашкольнай адукацыі. Яе педагагічны стаж складае больш за 15 гадоў. Уся яе педагагічная дзей­насць праходзіла ў Кастрычніцкім раёне Мінска: выхавальнік дашкольнай адукацыі, кіраўнік фізічнага выхавання, намеснік загадчыка, загадчык дзіцячага сада. Больш як два гады яна працавала загадчыкам сектара дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ва ўпраўленні па адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.

— Мы называем наш яслі-сад астраўком вясёлага дзяцінства, дзе ствараем спрыяльную атмасферу для дапытлівых малышоў, для іх творчага і мастацкага развіцця, — дзеліцца Вольга Мікалаеўна. — Педагагічны калектыў дашкольнай установы працуе ў цесным кантакце з бацькамі. Разам мы рыхтуем цікавыя ранішнікі, музычныя забавы, спартыўныя святы, праводзім заняткі па далучэнні дзятвы да беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі і традыцый нашага народа, што з’яўляецца неад’емнай часткай духоўна-маральнага выхавання. Штодня ў групах праводзяцца займальныя заняткі з улікам індывідуальных асаблівасцей і патрэб дзяцей. Яны атрымліваюць тут усё неабходнае для свайго развіцця. Супрацоўнікі ўстановы імкнуцца да таго, каб кожнаму малышу ў садку было весела і цікава, а бацькі не турбаваліся за выхаванне і адукацыю свайго дзіцяці.

У гімназіі склаліся традыцыі зберагаць родную спадчыну, культуру і мастацтва свайго народа. Гэтыя запаветы, дзякуючы калектыву і навучэнцам, набываюць сучасныя рысы. Гімназія носіць імя народнага мастака лаўрэата дзяржаўнай прэміі Беларусі П.В.Масленікава, чым вельмі ганарыцца. Па сутнасці,  гэта прадвызначыла адзін з асноўных кірункаў дзейнасці ўстановы — развіваць творчасць маладых.

Адкрыць сябе — адкрыцца свету

Дырэктар гімназіі № 75 Мінска імя П.В.Масленікава Васіль Генадзьевіч Ананька кіруе установай ужо шмат гадоў. Ён сапраўдны прафесіянал сваёй справы, выдатны педагог і сучасны кіраўнік. Васіль Генадзьевіч расказвае пра гімназію, як пра свой родны дом, а навучэнцаў лічыць сваімі выхаванцамі.

— Сапраўды, я вельмі даражу сваёй гімназіяй, — расказвае дырэктар. — Тое, што створана, — гэта шматгадовая праца нашых педагогаў і саміх навучэнцаў у імя будучыні нашай краіны. Кожную раніцу я бачу яе ў нашым маладым пакаленні, радуюся разам з выхаванцамі новым поспехам і творчым здабыткам. Сёлета гімназія будзе адзначаць 70 гадоў. Нядаўна ў ёй правялі рамонт, пакрасілі ў прыгожы колер будынак. Кабінеты аснашчаны сучасным абсталяваннем, у калідорах развешаны прыгожыя карціны, расстаўлены барэльефы, скульптуры. Усё гэта стварае ўтуль­насць і камфорт.

Васіль Генадзьевіч ганарыцца педагагічным калектывам, у якім сабраліся таленавітыя, няўрымслівыя, творчыя настаўнікі, для якіх педагогіка — сэнс жыцця.

— Мы ствараем аптымальныя ўмовы для раскрыцця здольнасцей, развіцця інтэ­лектуальнага патэнцыялу і фарміравання асобы навучэнцаў, для іх прафесійнага самавызначэння, — расказвае кіраўнік. — У нашай гімназіі можна атрымаць шырокі спектр ведаў як па вучэбных прадметах, так і па дысцыплінах мастацкай накіраванасці. У выніку мы маем добрыя поспехі. Штогод гімназісты становяцца пераможцамі і прызёрамі прадметных алімпіяд, творчых і інтэлектуальных конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый. З мэтай развіцця ініцыятывы гімназістаў, фарміравання і праяўлення іх лідарскіх якасцей у навучальнай установе створана і функцыянуе гімназічнае навучэнскае самакіраванне. Найбольш актыўныя гімназісты сталі ініцыятарамі многіх мерапрыемстваў, праявілі сябе актыўнымі ўдзельнікамі і памочнікамі педагогаў у выхаваўчай дзейнасці.

У гімназіі функцыянуюць гімназічнае тэлебачанне, навуковае таварыства, інтэ­лектуальны клуб, літаратурная гасцёўня, клуб аматараў музыкі, выходзіць гімназічная газета, дзейнічае саюз юных мастакоў. Студыя юных архітэктараў працуе над гімназічным праектам “Нам засталася спадчына”, галоўная мэта якога — адраджэнне гістарычнай спадчыны нашай краіны, захаванне памяці аб гістарычным мінулым Беларусі праз аднаўленне гісторыка-архітэктурных помнікаў. У Год гістарычнай памяці гэтая тэма набывае асаблівае гучанне.

Ужо больш за 14 гадоў студыяй юных архітэктараў кіруе педагог-архітэктар Т.В.Вайтэнка. Таццяна Васільеўна расказвае, што за мінулы навучальны год у рамках гімназічнага праекта былі створаны і перада­дзены ў дар музею “Вучэбная кніга ў гісторыі адукацыі” архітэктурныя макеты будынкаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя.

З кастрычніка 2020 года юнымі аўтарамі вялася работа па стварэнні макета вёскі Хатынь даваеннага перыяду. У мінулым годзе напярэдадні Дня Перамогі макет быў перададзены ў мемарыяльны комплекс “Хатынь”, дзе заняў дастойнае месца ў музейнай экспазіцыі. Каб развіваць творчыя здольнасці выхаванцаў, фарміра­ваць творчую асобу, у гімназіі быў створаны саюз юных мастакоў. Кожны навучэнец, які прысвячае сябе мастацкай творчасці, можа прадставіць персанальную выставу творчых работ у гімназічнай галерэі “Вытокі”. Лепшыя работы выхаванцаў гімназіі штогод выстаўляюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Юныя мастакі — частыя госці ў гэтым музеі, дзе іх сардэчна сустракае генеральны дырэктар У.І.Пракапцоў. Гімназія наладзіла цесныя адносіны і з іншымі музеямі нашай краіны, дзе на выставах прадстаўляюцца мастацкія творы яе навучэнцаў.

Ала КЛЮЙКО.