У стылі фолк­-мадэрна

- 10:12Адукацыйная прастора

Пятнаццаць гадоў назад у сярэдняй школе № 1 Ляхавіч з’явіўся невялікі калектыў. Спачатку гэта быў тэатр аднаго акцёра: дзяўчынка ў кужэльнай сукенцы пад акампанемент скрыпкі з народнымі мелодыямі расказвала паданні і легенды роднага краю. Артыстызм і чароўныя гукі пакаралі многіх. У выніку праз паўгода самадзейны тэатр стаў фальклорным гуртом “Кужалёк”.

Яго ідэя належыць настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Мікалаеўне Сідор, якая цікавіцца культурнай спадчынай землякоў і перадае сваё шчырае захапленне выхаванцам. Разам з педагогам “кужалькоўцы” праводзяць фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі па вёсках Ляхавіччыны, дзе запісва­юць ад старажылаў пацешкі, калыханкі, прыказкі, прымаўкі, песні, жарты, легенды, паданні, загадкі, рэцэпты народнай кухні, традыцыі і абрады. Сабраныя матэрыялы аналізуюцца і сістэматызуюцца.

Падчас паездак вучні даведаліся, што, напрыклад, вясельны абрад у вёсцы Ураджайная адрозніваецца ад вясельнага абраду ў вёсцы Гайнін: у першай вясельны картэж ехаў па дарозе, усыпанай кветкамі, а ў другой — пад пераплеценымі ў арку бярозкамі. Па-рознаму танцуюць кракавяк у вёсках Гайнін і Зарытава.

Але самым багатым набыткам для “кужалькоўцаў” з’яўляюцца песні. Гуртоўцы аддаюць перавагу фолк-мадэрну. Вучні апрацоўваюць песні, ствараюць сучасныя трэкі да мясцовых песень, захоўваючы гармонію і каларыт першакрыніц. Якіх толькі песень няма ў скарбонцы “Кужалька”: “Вецер”, “Добра тому йсці ў салдаты”, “Дубе зялёны”, “Пава лугавая”, “Ці дома пан гаспадар?”, “Як павесіў я дуду”, “Ой, за гаем, гаем”… Акрамя таго, дзеці танцуюць “Мальвіну”, “Суботу” і інш.

Увагу прыцягваюць нацыянальныя строі “кужалькоўцаў”, выкананыя па прыкладзе адзення, якое насілі падлеткі ў ХІХ стагоддзі.

Без гуртоўцаў не абыходзяцца многія мерапрыемствы. “Кужалькоўцы” — пастаянныя ўдзельнікі і прызёры абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”, навукова-практычных канферэнцый, творчых конкурсаў. Набыткі калектыву ўвасабляюцца ў даследчых работах і праектах (“Роля і сімволіка раслін у вусным фальклоры Ляхавіччыны”). Гуртоўцы вядуць YouTube-канал, дзе знаёмяць з кухняй продкаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.