У ВДУ імя П.М.Машэрава сёлета адкрываецца новая спецыяльнасць «Мікрабіялогія»

- 11:40Абитуриент, Образование

Калі вы марыце стаць вучоным, які будзе вывучаць мікраскапічныя формы жыцця, то вам дарога ў ВДУ імя П.М.Машэрава. Там сёлета адкрываецца новая спецыяльнасць “Мікрабіялогія”.

Сёння ў Віцебскай вобласці актыўна развіваецца харчовая і фармацэўтычная прамысловасць, дзейнічае медыка-фармацэўтычны кластар “Саюз “Медыцына і фармацэўтыка” — інавацыйныя праекты”, вядзецца работа па стварэнні біятэхналагічнага кластара. Зразумела, што для іх паспяховай дзейнасці неабходны кваліфікаваныя спецыялісты, для падрыхтоўкі якіх на факультэце хіміка-біялагічных і геаграфічных навук Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава адкрываецца спецыяльнасць “Мікрабіялогія”.

Для асваення гэтай спецыяльнасці была істотна абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база факультэта. Цяпер тут функцыя­нуюць лабараторыі ПЛР-аналізу і структурна-функцыянальных даследаванняў з сучасным абсталяваннем. Арганізацыяй адукацыйнага працэсу займаецца ўвесь прафесарскі корпус факультэта, асабліва актыўна — доктар біялагічных навук Д.Д.Жарнасекаў, адзін з асноўных ініцыятараў адкрыцця гэтай спецыяльнасці.

Дарэчы, адным з першых заяўку на нашых будучых выпускнікоў па гэтай спецыяльнасці зрабіла прадпрыемства ААТ “БелВітуніфарм”. Яно займае адну з лідзіруючых пазіцый на рынках Беларусі і краін СНД і выпускае больш за 150 найменняў ветэрынарных прэпаратаў, а ў хуткім часе тут бу­дзе наладжана вытворчасць вакцын для чалавека.

Уступныя іспыты: ЦЭ/ЦТ па рускай/беларускай мове, біялогіі, хіміі.

Кваліфікацыя: “мікрабіёлаг“.

Мікрабіялогія — навука, якая вывучае разнастайнасць, будову, жыццядзейнасць і ўзаемадзеянне з навакольным светам самых дробных форм жыцця, не бачных няўзброеным вокам. Мікрабіёлаг з дапамогай рознага аптычнага абсталявання, напрыклад, светлавога або электроннага мікраскопаў, вывучае асаблівасці жыцця­дзейнасці мікраарганізмаў, якія выкарыстоўваюцца ў харчовай прамысловасці, і мікраарганізмаў, якія выклікаюць захворванні ў людзей і жывёл, а таксама механізмы ўздзеяння лекавых прэпаратаў. Акрамя гэтага, мікрабіёлаг кантралюе вытворчы пра­цэс на харчовых і фармакалагічных прадпрыемствах, стварае і тэсціруе новыя медыкаменты, праводзіць мікрабіялагічныя экспертызы, вывучае праблемы на ўсіх узроўнях: малекулярным, клетачным, папуляцыйным, генетычным.

Мы рыхтуем кадры для харчовай прамысловасці, фермерскіх гаспадарак, арганізацый фармацэўтычнай прамысловасці, навукова-вытворчых арганізацый. Тым, хто гатовы звя­заць сваё жыццё з навукай, хацелі б паведаміць: новым навуковым напрамкам на факультэце стала вывучэнне і культываванне розных відаў ксілатрофных грыбоў і біялагічна актыўных рэчываў.

Для паступлення на спецыяльнасць “Мікрабіялогія“ абітурыентам неабходна здаць ЦЭ па рускай/беларускай мове і па адным з профільных прадметаў — біялогіі або хіміі. Другі профільны прадмет давядзецца здаваць у форме ЦТ. Дарэчы, спецыяль­насць “Мікрабіялогія” разам са спецыяльнасцямі “Прыродазнаўчая адукацыя (біялогія і хімія)” і “Экалогія” будуць складаць агульны конкурс факультэта хіміка-біялагічных і геаграфічных навук, таму шанс паступіць будзе павялічаны.

Між тым наш факультэт адкрыты для прафарыентацыйных экскурсій. Для навучэнцаў 10—11 класаў дзейнічаюць два бясплатныя праекты: па аўторках праводзяцца прафесарскія лекцыі, а па чацвяргах — разбор заданняў ЦТ па біялогіі і хіміі. А 4 сакавіка адбудзецца дзень адкры­тых дзвярэй.

Таццяна ТАЎКАЧОВА,
дэкан факультэта хіміка-біялагічных  і геаграфічных навук;

Дзмітрый ЖАРНАСЕКАЎ,
прафесар кафедры заалогіі і батанікі ВДУ