Падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Марафон педагагічнай творчасці не толькі выявіў лепшых, але і прадэманстраваў, што ў сістэме адукацыі Гродзеншчыны працуюць настаўнікі-прафесіяналы, адказныя і добрасумленныя людзі. Як паведамілі ў ГрАІРА, у першым туры конкурсу прынялі ўдзел 1543 настаўнікі з 464 устаноў адукацыі, у другім — 359 настаўнікаў з 276 устаноў. Удзельнікі прадстаўлялі відэа- і мультымедыйныя самапрэзентацыі, метадычныя распрацоўкі і апісанні педагагічнай дзейнасці, праводзілі адкрытыя ўрокі і майстар-класы.
“Настаўнік спрычыняецца да вечнасці: ён ніколі не ведае, дзе канчаецца яго ўплыў” — тэма заключнага выступлення 24 фіналістаў абласнога этапу конкурсу, якая выявіла грамадзянскую і прафесійную пазіцыю педагогаў, іх справы. Так, настаўнік фізікі гімназіі № 10 імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) Гродна Аляксей Кавалевіч, які стаў пераможцам у намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”, пачаў педагагічную дзейнасць яшчэ студэнтам. У 2008 годзе ён падрыхтаваў дыпламанта заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, у 2016 годзе вучань Аляксея Валер’евіча заваяваў “золата” на 47-й Міжнароднай фізічнай алімпіядзе ў Швейцарыі. Штогод вучні настаўніка становяцца пераможцамі алімпіяд па фізіцы рознага ўзроўню. Аляксей Кавалевіч носіць званне “Чалавек года Гродзеншчыны” і вучыць сваіх выхаванцаў не баяцца цяжкасцей.
— Конкурс дазволіў мне яшчэ раз упэўніцца, што быць настаўнікам — маё прызванне, — гаворыць Аляксей Валер’евіч. — Штодзень я трымаю ў сваіх руках будучыню краіны. Настаўнік, выхаваўшы дастойнага вучня, здольны змяніць не толькі сучаснасць, але і будучыню роднай краіны.
Пераможца ў намінацыі “Замежная мова” настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Ксенія Арцюх працуе ў школе з 2015 года. А ўжо ў 2018 годзе Ксенія Георгіеўна была адзначана Ганаровай граматай Ваўкавыскага райвыканкама за прафесіяналізм. Вучні Ксеніі Георгіеўны з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі раённых і абласных алімпіяд па замежнай мове, TED-канферэнцый, а сама настаўніца пастаянна павышае кваліфікацыю праз курсы, анлайн-семінары, курсы на платформе Maximus.
Яшчэ адна прадстаўніца калектыву сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска выступіць у фінале конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Настаўніца пачатковых класаў Аксана Свістунова перамагла ў намінацыі “Пачатковыя класы”. Аксана Віктараўна адзначыла, што для яе ўдзел у конкурсе — гэта рух наперад, да новых прафесійных вяршынь, гэта вялікая праца і магчымасць пазнаёміцца з таленавітымі калегамі.
Два педагогі са Свіслачы будуць прадстаўляць Гродзеншчыну ў рэспубліканскім фінале. Гэта настаўніца музыкі гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Ніна Віктараўна Саўко (намінацыя “Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура), працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе”) і настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Уладзімір Уладзіміравіч Міхальчык (намінацыя “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”).
Настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 40 імя В.І.Крамко Гродна Алеся Валер’еўна Давыдзік стала пераможцай у намінацыі “Хімія, біялогія”, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 34 Гродна Юлія Анатольеўна Фядзюк — лепшая ў намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”.
Упершыню ўдзельнічала ў конкурсе прафесійнага майстэрства выхавальніца дзіцячага сада № 21 Ліды Настасся Харужая, і адразу такі поспех — перамога ў намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Як адзначае загадчыца дзіцячага сада № 21 Ліды Валянціна Палейчык, Настассю Аляксандраўну вылучае пошук новых форм работы, удзел у інавацыйнай дзейнасці. Яе выхаванцы — пастаянныя ўдзельнікі і пераможцы конкурсаў юных даследчыкаў. А яшчэ яна вельмі добры, адкрыты чалавек, умее наладзіць кантакт з кожным дзіцем і бацькамі, стварыць утульную атмасферу ў групе.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ
Фота прадастаўлена ГрАІРА