Настаўнік геаграфіі Бярэзінскай гімназіі і класны кіраўнік з 30-гадовым вопытам ведае, як зрабіць дзіцячы калектыў сацыяльна бяспечнай прасторай для кожнага навучэнца. Што яму ў гэтым дапамагае, педагог расказаў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты».
Тры правілы
Гэты навучальны год для настаўніка юбілейны: 40 гадоў назад пачаўся яго педагагічны шлях. Больш за 10 гадоў Уладзімір Расціслававіч кіраваў сельскай школай у Пагосце. Потым працаваў там настаўнікам геаграфіі і біялогіі. Апошнія 20 гадоў выкладае ў гімназіі.
За гэты час у яго былі 4 выпускныя класы, апошні – гэтым летам. І кожны раз моцным падмуркам у выкананні абавязкаў класнага кіраўніка выступалі тры важныя моманты.

– Першы – вельмі сур’ёзнае стаўленне да дзяцей. Адразу казаў навучэнцам, што я не нянька, не таварыш, а чалавек, які нясе за іх адказнасць перад бацькамі і адміністрацыяй школы. Паміж намі дзелавыя адносіны, дзе ёсць месца памылкам, але не свавольству. Другі момант – словы не павінны разыходзіцца са справамі. У кожнага дзіцяці былі свае абавязкі ў класе, за якія ён адказваў, – расказвае настаўнік.
Не менш важнай у рабоце класнага кіраўніка ён лічыць непахісную прынцыповасць без кампрамісаў.
– Настаўнік павінен быць носьбітам высокіх маральных прынцыпаў, тлумачыць дзецям, што добра, што дрэнна, што недапушчальна. Калі сказаў, што гэта чорнае, то гэта застанецца чорным назаўсёды. Так, курэнне, непавага да сям’і, фізічная агрэсія – табу. І ніяк інакш, – падкрэслівае Уладзімір Расціслававіч.
Гаранты сацыяльнай бяспекі
Нязменным абавязкам класнага кіраўніка ўвесь час былі візіты ў сем’і. Настаўнік упэўнены, што менавіта ў сям’і закладваюцца асновы маральнасці і пераносіць адказнасць за недахопы ў выхаванні дзіцяці на ўстанову адукацыі недапушчальна.
– Ніколі не прыходзіў без папярэдняй дамоўленасці. Прасіў сабрацца ўсіх за сталом на кухні, каб уражанне аб сям’і было поўным. Такім чынам я мог убачыць, у якіх умовах дзіця жыве, выхоўваецца, якія адносіны да яго з боку родных. Зробленыя падчас візіту высновы рэдка былі памылковымі. Дарэчы, ніколі не саромеўся ісці на размову з бацькамі, як толькі заўважаў, што нешта не так з паводзінамі ці вучобай гімназіста. Лічу гэта абавязковай умовай правільнага выхавання дзяцей, – запэўнівае настаўнік.
Размеркаванне абавязкаў паміж аднакласнікамі праводзілася ў 5 класе звычайна ў трэцяй чвэрці. Рабілася яно класным кіраўніком на падставе назіранняў за навучэнцамі: што кожнаму з іх больш за ўсё падабаецца, што цікава.
– Сектароў звычайна было 6: культурна-масавы (дзеці адказвалі за віншаванні з днём нараджэння адно аднаго, за святочныя класныя мерапрыемствы), спартыўны (рыхтавалі каманду да спаборніцтваў), вучэбны (вялі ўлік паспяховасці), санітарная тройка (сачылі за парадкам і чысцінёй у кабінеце, вызначалі, наколькі ахайны знешні выгляд у аднакласнікаў), група, якая кантралявала стан падручнікаў і дзённікаў, і адказныя за сталовую. Старасту класа і яго намесніка вызначалі самі навучэнцы. Не заўсёды выбар лідара супадаў з маім бачаннем кандыдатуры. Але нічога страшнага ў гэтым не было, проста ў такім выпадку я працаваў са старастай індывідуальна, тлумачыў, падказваў, падтрымліваў, – дзеліцца настаўнік.
У канцы чвэрці кожы сектар рабіў справаздачу. Такі падыход прывучае школьнікаў да адказнасці і абавязковасці.
– Шчыра скажу, з апошнім выпускам работа была аслаблена, на жаль. Не было санітарных троек, кніжчынай бальніцы. Астатнія сектары працавалі. Прычына ў тым, што дзеці шмат часу аддавалі вучобе. Клас меў фізіка-матэматычны і хіміка-біялагічны профіль. Пяцёра скончылі гімназію з залатым медалём. Студэнтамі ўніверсітэтаў сталі амаль усе вучні, – з гордасцю паведамляе Уладзімір Расціслававіч.

Роўны сярод розных
Гэтыя словы не проста дэвіз, які прыдумаў педагог, а аснова бяспекі кожнага члена дзіцячага калектыву.
– Класны кіраўнік павінен бачыць, адчуваць і ўмець карэкціраваць маральны і эмацыянальны стан класа і кожнага гімназіста, прадухіляць узнікненне канфлікту, рабіць усё магчымае, каб адносіны паміж аднакласнікамі складваліся калі не сяброўскія, то роўныя. Гэта мая галоўная задача з самага першага дня, калі дзеці прыходзяць да мяне. Адразу агучваю: кагосьці абражаць і тым больш пускаць у ход кулакі недапушчальна! Яшчэ адно табу: хлопчыкам нельга крыўдзіць дзяўчынак, – адзначае настаўнік.
Наладжваць адносіны паміж аднакласнікамі, разумець стан навучэнцаў мне дапамагала ўдумлівае супрацоўніцтва з псіхолагам нашай навучальнай установы Уладзімірам Віктаравічам Ганчуком, які працуе з моманту адкрыцця гімназіі. Не саромеўся звяртацца да яго па прафесійную параду.
На яго погляд, прычына таго, што аднакласнікі не прымаюць кагосьці ў калектыў, крыецца ў недапрацоўцы сямейнага выхавання. Часцей за ўсё аўтсайдарам становіцца дзіця з агрэсіўнымі паводзінамі, з неахайным знешнім выглядам.
– Калі заўважаю такое, іду ў сям’ю. Праводжу індывідуальную работу з гімназістам. Ніколі не дазваляю сабе рабіць акцэнты на недахопах навучэнца пры іншых дзецях. Гэта можа нанесці сур’ёзную псіхалагічную траўму. Бывалі выпадкі, калі мае вучні звярталіся да мяне і расказвалі, што пэўны настаўнік пакрыўдзіў іх, некарэктна зрабіўшы заўвагу ў іх адрас. На жаль, слова не верабей… Важным было не даць канфлікту разгарэцца. Я заўсёды высвятляў падрабязнасці сітуацыі, якая здарылася. Прапаноўваў дзецям браць за аснову паводзін вытрымку, успрымаць педагогаў як жывых людзей, спрабаваць пагаварыць з імі сам-насам. Часам сам падыходзіў да іх і прасіў больш так не рабіць, – прыгадвае Уладзімір Тыцюк.
Выхаваўчы працэс у адносінах да старшакласнікаў Уладзімір Расціслававіч будуе на аснове тых маленькіх крокаў, што былі зроблены ў 5 і 6 класах. І ажыццяўляецца ён па прынятых у гімназіі праграмах «Я – асоба», «Я – сем’янін», «Я – грамадзянін», «Я – патрыёт».
– Канечне, на працягу ўсяго навучання з 5 па 11 клас змест праграм ускладняецца, як і запатрабаванні навучэнцаў. Так, у адпаведнасці з праграмай «Я – асоба» ў пяцікласнікаў імкнуся развіваць станоўчыя асабістыя якасці, матывуючы іх на добрыя ўчынкі. Шмат увагі ўдзяляю праграме «Я – сем’янін». Заўсёды гавару навучэнцам: ваша сям’я – самае дарагое, што ёсць у жыцці. Лічу агідным і недапушчальным, калі дзеці падчас канфліктаў пачынаюць кранаць бацькоў. Бацькі – гэта святое! Калі робім тэматычныя класныя гадзіны, прысвечаныя 8 Сакавіка, 23 лютага, Дню пажылых людзей, прашу пахваліць сваіх татаў і мам, – тлумачыць класны кіраўнік.
Ён лічыць вельмі важным праяўляць прынцыповасць, расказваючы старшакласнікам аб недапушчальнасці парушэння законаў краіны, у якой яны жывуць.
– Законы трэба ведаць і выконваць. Сярод маіх навучэнцаў не было тых, хто здзяйсняў сур’ёзныя правапарушэнні. Да таго ж сёння вельмі актуальныя пытанні гендарнага выхавання. Класны кіраўнік павінен правільна даносіць да дзяцей інфармацыю пра абавязкі мужчын і жанчын. Свет хутка мяняецца, навамодныя тэндэнцыі, на вялікі жаль, знаходзяць водгук у маладых людзей. Яркі макіяж у дзяўчынак, пазногці з манікюрам… Раней у школу так не хадзілі. Вельмі памяркоўна да гэтага ставяцца самі бацькі дзяцей. Лічу, што нам усім не хапае прынцыповасці і цярпення, – разважае педагог.
Выхаванню патрыятызму, на яго думку, садзейнічаюць сумесныя падарожжы, паходы, экскурсіі па Беларусі.
– З дзецьмі аб’ехалі ўсё Палессе, пабывалі ў розных кутках краіны. У нефармальных абставінах яны па-іншаму раскрываюцца. А галоўнае, што падлеткі бачаць, якая прыгожая і цудоўная іх Радзіма, – заўважае Уладзімір Расціслававіч.
Мудрасць у кожнай літары
Добрай традыцыяй стала пытанне, з якім класны кіраўнік звяртаецца да выпускнікоў напярэдадні апошняга званка:
– Як вы разумееце слова «прыстойнасць»? – цікаўлюся ў маіх навучэнцаў, якіх адпраўляю ў дарослае жыццё. – І гімназісты па чарзе падбіраюць назоўнікі ці прыметнікі, якія пачынаюцца на кожную літару гэтага слова. Цяжкасці выклікае літара «я», таму прапаноўваю замяніць яе якасцю ці рысай характару, над якімі неабходна папрацаваць, каб змяніць сябе да лепшага. Мне хочацца, каб мае навучэнцы ў дарослым жыцці абавязкова былі прыстойнымі людзьмі, грамадзянамі, сем’янінамі, якія ніколі не пойдуць на здзелку з сумленнем, для якіх недапушчальныя подласць, здрада сваім прынцыпам. Прыстойнасць – тое пачуццё, якое дазваляе адчуваць сябе сапраўдным чалавекам.
Браць пад сваё крыло новых падапечных настаўнік пакуль не плануе, хаця многія бацькі спадзяваліся, што класным кіраўніком іх дзяцей будзе менавіта Уладзімір Расціслававіч.
– Самай высокай ацэнкай маёй працы з’яўляюцца словы, якія я чую ад выпускнікоў, калі сустракаю іх: «Мы не маглі зрабіць інакш, бо гэта засмуціла б вас». Прыемна ўсведамляць, што яны паважаюць мяне, ведаюць, што я за іх па-сапраўднаму перажываю, – прызнаецца суразмоўнік. – Яшчэ раз паўтаруся: з дзецьмі неабходна працаваць, выхаваннем трэба займацца! Няхай гэта не заўсёды проста, ганарова, вынікова… Але гэта вельмі важна, калі мы хочам жыць у мірнай краіне.
Марына ЖДАНАВА
Фота прадастаўлены суразмоўнікам





