У час унутранага ўступнага экзамену на гістарычным факультэце БДПУ былі адпрацаваны два пакрокавыя алгарытмы: першы — суправаджэнне экзамену, другі — суправаджэнне абітурыента.

Экзамен прымалі выкладчыкі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, і я была ў ліку экзаменатараў. Хочацца адзначыць: на гістарычным факультэце ўнутраныя ўступныя экзамены прайшлі ў адпаведнасці з нарматыўна-прававымі дакументамі па правядзенні ўступных іспытаў.
Пры падрыхтоўцы да экзамену па вучэбным прадмеце “Сусветная гісторыя” абітурыенты выкарыстоўвалі вучэбную праграму, зацверджаную пастановай № 131 Мінадукацыі ад 21.06.2021. У праграму ўключана сем тэм сусветнай гісторыі найноўшага часу (1918 год — пачатак ХХІ стагоддзя), якія неабходна было вывучыць для паспяховай здачы ўнутранага іспыту.
Экзамен пачынаўся а дзясятай гадзіне раніцы і праводзіўся ў вуснай форме. Бланкі вуснага адказу адпавядалі колькасці абітурыентаў, ацэньванне адказаў адбывалася па дзесяцібальнай шкале. Ва аўдыторыях прысутнічалі грамадскія назіральнікі. Іх асноўная ўвага была накіравана на тое, каб ніхто не меў магчымасці штосьці спісаць і не было падказак з боку саміх абітурыентаў, экзаменатараў, пабочных асоб, каб не было дадатковых размоў.
У адпаведнасці з памяткай уступных іспытаў, абітурыентам на падрыхтоўку адводзілася 90 мінут, а на адказ — 15 мінут. Абітурыент, увайшоўшы ў аўдыторыю, прадастаўляў пашпарт (дакумент, які сведчыць асобу), знаёміўся з правіламі на памятцы, а затым цягнуў білет, які складаўся з двух пытанняў па праграме.
Большасць з 26 абітурыентаў складалі юнакі. Адчувалася, што хваляваліся і хлопцы, і дзяўчаты. Аднак праз некалькі хвілін пасля азнаямлення з памяткай і выцягнутым білетам усё мянялася. Было відаць, што многія задаволены пытаннямі, іх твары прасвятляліся, і яны рашуча ішлі адказваць.
Адказы многіх абітурыентаў былі поўныя і лагічна выбудаваныя, яны дэманстравалі глыбокія веды і разуменне гістарычнага працэсу, падзеі або факта. Аднак былі і іншыя адказы, калі экзаменатары задавалі навадныя пытанні па тэме, якую абітурыент раскрыў няпоўна. Многія спраўляліся з пастаўленымі пытаннямі, адзінкі іх не адолелі.
Найбольш складанымі для адказаў абітурыентаў аказаліся тэмы 7-га раздзела “Краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі пасля Другой сусветнай вайны”. Гэта такія тэмы, як “Распад каланіяльнай сістэмы”, “Краіны мусульманскага свету”, “Краіны Лацінскай Амерыкі”, “Лакальныя войны і канфлікты”. Адказы абітурыентаў па гэтых тэмах былі няпоўныя, яны блыталіся ў храналогіі, назвах гістарычных аб’ектаў і арганізацый.
Выразныя, змястоўныя і поўныя адказы былі па 5-м раздзеле “Другая сусветная вайна. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа”, у які былі ўключаны тэмы “Пачатак Другой сусветнай вайны”, “Пачатак Вялікай Айчыннай вайны”, “Карэнны пералом у ходзе Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў”, “Заключны этап Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў”.
Немагчыма сказаць адназначна, хто падрыхтаваны лепш — абітурыенты з сельскай ці гарадской мясцовасці. Усе былі матываваны на станоўчую адзнаку. Экзаменатары кожнага ацэньвалі індывідуальна, абмяркоўвалі адзнакі ў прысутнасці абітурыента, выстаўляючы сярэднеарыфметычную ў экзаменацыйны ліст.
У аўдыторыі панавала камфортная, добразычлівая атмасфера. Сярод экзаменатараў з першай хвіліны было паразуменне і педагагічнае супрацоўніцтва.
Галіна ГАЛУЗА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна
Фота Марыны КУНЯЎСКАЙ выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі





