Урокаў фізкультуры стане больш. Пра перавагі новаўвядзення разважаюць педагогі сярэдняй школы № 12 Гомеля

- 9:05Главная, Образование

З новага навучальнага года ў беларускіх школах замест двух урокаў фізкультуры у тыдзень стане тры. Нагадаем, раней праводзіліся два ўрокі ў тыдзень па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” і адзін урок — “Гадзіна здароўя і спорту”. Падчас апошняга дзеці пераважна гулялі ў рухавыя гульні — футбол, валейбол, баскетбол, гандбол, хакей, і адзнакі на ім не выстаўляліся ў журнал. Што прынцыпова зменіцца з 1 верасня 2025 года, падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Аб важным новаўвядзенні, якое было прынята Міністэрствам адукацыі для павышэння рухальнай актыўнасці вучняў і ўмацавання іх здароўя, разважаюць дырэктар сярэдняй школы № 12 Гомеля Вячаслаў Антоненка і настаўнік фізічнай культуры і здароўя Яўген Курака.

Дарэчы, у гомельскай школе фізічнай актыўнасці дзяцей надаецца асаблівае значэнне. Тут праводзяць раённыя спаборніцтвы па бадмінтоне, турніры па валейболе і іншых відах спорту, што садзейнічае фарміраванню ў школьнікаў цікавасці да здаровага ладу жыцця, развіццю каманднага духу і спартыўных навыкаў. Рэгулярны ўдзел у такіх мерапрыемствах дапамагае дзецям не толькі ўмацоўваць здароўе, але і дасягаць новых мэт. Для забеспячэння паўнацэннай фізічнай падрыхтоўкі ў школе функцыянуюць дзве сучасныя спартыўныя залы, абсталяваныя ўсім неабходным інвентаром для правядзення заняткаў. Гэта стварае камфортныя ўмовы як падчас урокаў фізкультуры, так і ў пазаўрочны час. Акрамя таго, на тэрыторыі школы размешчана спартыўная пляцоўка — гэта адкрытая зона для гульні ў футбол, баскетбол, валейбол. Наяўнасць такой інфраструктуры дазваляе вучням займацца спортам на свежым паветры ў любы час і са­дзейнічае папулярызацыі актыўнага ладу жыцця сярод моладзі.

Яўген Курака:

— З 1 верасня ва ўсіх навучэнцаў у дзённіку ўрок фізічнай культуры і здароўя будзе прапісаны тройчы. Важны плюс новаўвядзення ў тым, што навучэнцы змогуць атрымліваць адзнакі не за два заняткі, а за тры. Раней дзеці скардзіліся, што іх намаганні падчас “Гадзіны здароўя” заставаліся незаўважанымі і ў дзённіках, і ў журнале. Цяпер жа ў іх з’явіцца магчы­масць праявіць сябе поўнасцю і зарабіць высокую адзнаку і за трэці ўрок. Адзіны нюанс — трэба будзе перагле­дзець каляндарна-тэматычнае планаванне.

Думаю, што гэтае змяненне пой­дзе толькі на карысць усім навучэнцам, асабліва высокаматываваным. Яны змогуць лепш прадэманстраваць свае спартыўныя навыкі, гуляючы ў баскетбол ці футбол, зарабіць 9 ці 10, што абавязкова адаб’ецца на агульным самаадчуванні і працаздольнасці дзяцей. І гэта выдатна! А педагогі прыкладуць усе намаганні, каб зрабіць урокі цікавымі, карыснымі і крэатыўнымі.

Вячаслаў Антоненка:

— Думаю, з інфармацыйнай падтрымкай не будзе праблем, зараз каляндарна-тэматычнае планаванне перайшло на новы ўзровень афармлення дзякуючы навуковаму супрацоўніку аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі Акадэміі адукацыі Алене Мікалаеўне Чужба. Дарэчы, яна распрацавала планаванне, падобнае на тое, якое ёсць у іншых вучэбных прадметах. Ламаць галаву не прыдзецца, у жніўні інфармацыя будзе апублікавана і даведзена да нас­таўнікаў.

Нагадаю, раней “Гадзіна здароўя і спорту” не рэгламентавалася дакументамі. У інструктыўна-метадычным пісьме было згадана, што гэтую га­дзіну можна планаваць па любых праграмах факультатыўных заняткаў, у тым ліку абапіраючыся на вучэбны матэрыял і праграму па спартыўным арыентаванні, атлетычнай гімнастыцы, гульнявых відах спорту. Настаўнік сам складаў праграму-канструктар, сам вырашаў, на што зрабіць упор падчас заняткаў. Цяпер “Гадзіну здароўя і спорту” ў Міністэрстве адукацыі вырашылі зарэгламентаваць, усе заняткі пяройдуць у варыятыўны кампанент, плюс павялічыцца інварыянтны кампанент з акцэнтам менавіта на спартыўных гульнях. Гэта тое, што нам патрэбна! У адрозненне, скажам, ад цыклічных або развіццёвых заняткаў, гэтыя знаходзяць большы эмацыянальны водгук у дзяцей, дае ім магчымасць праявіць свае эмоцыі ці выпрацаваць лідарскія якасці.

Дарэчы, гэта не навіна для педагагічнай грамадскасці. Напрыклад, у 2008 годзе ўрок фізкультуры право­дзілі тройчы і не было “Гадзіны здароўя і спорту”. Спрабавалі па-рознаму. У тым ліку давалі вучням старшых класаў і сярэдняга звяна магчымасць хадзіць на “Гадзіну здароўя”, не хвалюючыся, што можна атрымаць дрэнную адзнаку. Вядома, адзнака ў якасці перніка ці бізуна добра працуе. Аднак, акрамя яе, добра матывуюць дзяцей спаборніцтвы на лідарства: хто першы, самы хуткі, самы гнуткі. Школьнікам падабаецца ў рэйтынгу класа займаць не апошняе месца, гэта надае ім дадатковы стымул на старце, напрыклад, каб прыбегчы да фінішу не апошнім.

Будзем спрабаваць, будзем вяртацца да традыцыйнага падыходу, уключаючы ў яго новаўвядзенні, якія дазволяць рыхтаваць навучэнцаў з улікам таго, што на ўроку яны ўсё ж у большай ступені атрымліваюць эмацыянальную разрадку. Гульні вучаць працаваць у камандзе, спраўляцца са стрэсам; важна цаніць гэтую магчымасць — камунікаваць у асяроддзі аднагодак не за партамі ў класе, а ў спартыўнай зале ў гульнявой атмасферы.

Скажу як дырэктар: калі ў класе 30 чалавек і ўсе яны прысутнічаюць на ўроку, ніхто не імкнецца адвільваць і прыдумваць прычыну, каб адседзецца на лаўцы запасных. Гэта сведчыць аб прафесіяналізме педагога, высокай матывацыі і зацікаўленасці навучэнцаў у занятках. Стварэнне пазітыўнай атмасферы на ўроку садзейнічае актыўнаму ўдзелу кожнага вучня і павышае эфектыўнасць заняткаў. У такіх умовах педагогам лягчэй рэалізоўваць вучэбную праграму, праводзіць разнастайныя актыўнасці і развіваць камандны дух. Гэта таксама сведчыць аб тым, што школа стварае спрыяльныя ўмовы для фарміравання ў дзяцей цікавасці да фізічнай культуры і здаровага ладу жыцця. Важна данесці школьнікам, навошта патрэбны бег, развіццё сілы і вынослівасці. Гэтыя навыкі дапамагаюць не толькі ў спорце, але і ў штодзённым жыцці, умацоўваюць здароўе і фарміруюць характар. Так, калі мужчына не можа падняць жанчыну на руках ці хаця б падцягнуцца, каб падняць уласную вагу, гэта сведчыць аб яго недастатковай фізічнай падрыхтоўцы. Такі ўзровень фізічнай формы перашкаджае выконваць простыя бытавыя задачы і можа негатыўна адбіцца на агульным здароўі. Таму важна прывіваць дзецям разуменне таго, што фізічная актыўнасць — гэта не толькі спорт, але і залог іх будучага дабрабыту і ўпэўне­насці ў сабе.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара