Настаўніца Чабатовіцкай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна Мая Галіцкая — уладальніца больш чым 600 узнагарод за перамогі ў творчых, літаратурных спаборніцтвах і конкурсах прафмайстэрства. Яна паспяхова спалучае інавацыйныя метады выкладання — ад урокаў з выкарыстаннем ШІ да стварэння віртуальных VR-экскурсій. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мая Галіцкая стала пераможцай і міжнароднага конкурсу прафмайстэрства замежных выкладчыкаў-русістаў, які праходзіў у Маскве. Конкурс сабраў больш за 600 выкладчыкаў з 30 краін, у фінал прайшоў 31 канкурсант з 14 краін, у тым ліку пяць — з Беларусі.
— Удзельнічаючы ў конкурсе, выканала анлайн-заданне па арфаграмах, прайшла тэст, стварыла відэапрэзентацыю на тэму “Выкарыстанне электронных сродкаў навучання ў практыцы”. Праз тры дні прыйшло паведамленне: я ў фінале, і мяне чакаюць у Маскве. У фінале прадстаўляла дзесяцімінутны фрагмент урока на сцэне. Выбрала тэму “Урок у 5 класе па правапісе ы—і пасля ц”. Мы з дзецьмі замацавалі тэорыю, перайшлі да выключэнняў і з дапамогай нейрасеткі паспрабавалі скласці некалькі сказаў. Увялі ключавыя словы, задалі промт, і ШІ выдаў варыянты: два з пяці аказаліся цікавымі і прымальнымі.
Прыемна было бачыць, як у зале калегі з усяго свету ажыўлена ўзаемадзейнічалі, калі я паказвала прэзентацыю па арфаграмах, праводзіла фізкультхвілінку. Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў рамках XVII асамблеі рускага свету. Калі абвясцілі вынікі, у мяне былі слёзы на вачах. Некалькі секунд шоку, а потым усведамленне: я змагла! — расказвае суразмоўніца.
Мая Аляксандраўна параўноўвае гэты поспех з удзелам у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2023”, дзе яна стала суперфіналістам. Таксама педагог не раз узнімалася на п’едэстал у розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Яна лаўрэат I Сусветнага фестывалю рускай мовы, XII Пушкінскага конкурсу, міжнароднага літаратурнага конкурсу імя Ф.І.Цютчава “Думаючы трыснёг”, міжнароднага літаратурнага конкурсу “Хрустальная крыніца”. На XV Міжнародным фестывалі-свяце “Славянскія літаратурныя Дажынкі”, прадставіўшы цыкл апавяданняў “Вобразы”, яна стала ўладальніцай абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага ў намінацыі “Адкрыццё года”.
Навучыць і не ўскладніць
Мая Аляксандраўна родам з Буда-Кашалёва, пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны вярнулася ў родны раён, дзе працавала ў Недайскай школе. Пасля перайшла ў Чабатовіцкую сярэднюю школу. Дарэчы, выбар педагогікі прадыктаваны жаданнем займацца літаратурнай дзейнасцю, якая натхняе яе штодзённа дзяліцца з дзецьмі гісторыямі пра герояў са звышрэсурсамі ўнутранага свету і прыроднай прыгажосцю.
На яе думку, творчасць — стымул да прафесійнага росту і самаўдасканалення, работы над сабой. Дасягненні на розных конкурсах — паказчык прафесіяналізму.
Педагог з жалем гаворыць, што сучасныя дзеці без энтузіязму вывучаюць мову і творы рускай і беларускай літаратуры. Таму іх цікавасць даводзіцца пастаянна падсілкоўваць. Дарэчы, настаўніца ведае некалькі прыёмаў:
— Кожны раз імкнуся прапанаваць нешта новае на сваіх уроках, каб у дзяцей гарэлі вочы. Руская мова па ступені складанасці стаіць на другім месцы пасля іерагліфічнага пісьма, і каб яе вывучалі на сур’ёзным узроўні, трэба прыкладаць вялікія намаганні не толькі настаўніку, але і іншым удзельнікам адукацыйнага працэсу: дзецям і бацькам. Многія школьнікі застаюцца толькі з тымі ведамі, якія ўхапілі на ўроку, таму што дамашняе заданне за іх робяць рашэбнікі, нейрасетка. Аднак ёсць навучэнцы, якія па-сапраўднаму захоплены навучаннем, сярод іх — тыя, хто піша вершы, хто ў далейшым становіцца настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Нават працуючы маладым спецыялістам, матывавала дзяцей удзельнічаць у праектах, творчых работах, на чым і сёння раблю акцэнт.
Творчасць дазваляе Маі Аляксандраўне эксперыментаваць на занятках. Яна прымяняе вывучаемыя правілы на ўроках рускай і беларускай моў і на хаду складае апавяданні, чым сапраўды ўражвае вучняў.
Дзеці добра ведаюць, што лепшымі героямі настаўніцы становяцца мілыя каты. Менавіта яны часцей за іншых ажываюць у яе гісторыях, дадаючы ўрокам ноткі радасці і фантазіі.
Гэта стварае асаблівую атмасферу, дзе навучанне становіцца сапраўднай прыгодай.
— Аднак, калі момант гульні пераважае над адукацыяй, гэта не ёсць добра, — дадае Мая Аляксандраўна. — Таму стараюся прытрымлівацца традыцыйных метадаў навучання, якія накіраваны на засваенне ведаў.
Выкладанне беларускай мовы ў школе, канечне, накладвае долю адказнасці за захаванне культурнай спадчыны. Важна ўсведамляць маштаб гэтай адказнасці: мы вучым пакаленне дзяцей, якое будзе жыць пасля нас. І тое, што мы ўкладзём у іх сёння — веды, каштоўнасці і навыкі, — стане асноватворным падмуркам для іх далейшага жыцця і вызначыць, як яны будуць ствараць сваю будучыню. У ролі настаўніка кожны чалавек знаходзіць свайго роду неўміручасць, паколькі ён працягваецца ў сваіх вучнях. Кожны педагог пакідае след у душах сваіх выхаванцаў. У нашых сілах зрабіць так, каб гэты след быў максімальна пазітыўным. Каб праз гады яны маглі захоплена сказаць: “Вось у наш час былі настаўнікі!”
Па старонках кніг
Мая Галіцкая таксама адзначае, што ў сучасных школьнікаў рассеяна ўвага і разам з тым дзеці любяць выразна чытаць, вучыць вершы на памяць. Дзеля добрай адзнакі яны сапраўды стараюцца расказаць верш з пачуццём, з толкам. А яшчэ ім падабаецца маляваць і падбіраць ілюстрацыі да прачытанага твора. Гэта прыўносіць яркасць і крэатыўнасць ва ўрокі.
— Праўда, гэта тычыцца невялікіх твораў. Калі справа даходзіць да аб’ёмных тэкстаў, школьнікі сутыкаюцца з цяжкасцямі: дрэнна запамінаюць змест і губляюцца ў сюжэтных лініях. У такой сітуацыі адзіным эфектыўным падыходам становіцца каменціраванае чытанне на ўроках, якое дапамагае арыентавацца і ўтрымліваць ніць апавядання. Таксама школьнікам цяжка выявіць прычынна-выніковыя сувязі, зразумець, чаму вучыць тое ці іншае апавяданне, бо гэта патрабуе аналітычных навыкаў. Плаўная інтэграцыя метадаў дапамагае вучням паступова пераадольваць бар’еры і глыбей спасцігаць літаратуру, — падкрэслівае педагог. — Заўсёды акцэнтую ўвагу дзяцей на тым, што ўнутраны свет не можа быць поўным без рознабаковага вопыту. Прыклад бацькоў важны, але зусім іншая справа — досвед выдуманых персанажаў, змешчаных аўтарамі ў сітуацыі, блізкія да рэальных. Літаратура праз лёсы герояў здольна выклікаць эмоцыі і вучыць таму, што, магчыма, не дасць блізкае асяроддзе.
Настаўніца прыводзіць прыклады з жыцця пісьменнікаў, прычым не толькі станоўчыя, расказвае пра складаныя лёсы, каб дзеці лепш разумелі шматграннасць свету і літаратуры.
Бо пісьменнікі — не міфічныя фігуры, а звычайныя людзі, якія ўпарта працавалі над сабой, пераадольваючы перашкоды, і пакінулі значны след для будучых пакаленняў. Прыгадваючы біяграфію Сяргея Ясеніна, нельга не адзначыць яго хуліганскае мінулае, якое становіцца мастом да разумення яго ўнутранага свету. Усё гэта выклікае ў дзяцей жывы эмацыянальны водгук, дзякуючы чаму яны ўспрымаюць літаратуру не як абстрактнае мастацтва, а як жывое адлюстраванне чалавечага вопыту. Гэта робіць працэс навучання больш займальным і шматгранным.
— У Маскве ўдалося наведаць Дзяржаўны гістарычны музей і выставачную лакацыю, прысвечаную праўленню Кацярыны II. Дарэчы, адна з вітрын знаёміла з Емяльянам Пугачовым. А мы ў 7 класе якраз праходзілі “Капітанскую дачку”, дзе Пугачоў паўстае як складаная і супярэчлівая фігура. У музеі я зрабіла некалькі здымкаў. На ўрок прынесла ноўтбук і паказала дзецям тое, што паспела зняць. Адзін сямікласнік толькі пасля дэманстрацыі нагляднасці паверыў, што гэтая гістарычная асоба насамрэч рэальная, а не выдуманая. Так і атрымліваецца: тое, што сказаў настаўнік на ўроку, і тое, што напісана ў кнізе, — гэта адна справа: у адно вуха ўляцела, у другое — вылецела. А калі дзеці ўбачылі артэфакты (як выглядала клетка, у якой яго трымалі, кайданы, якія на ім былі) — зусім іншае ўспрыманне. Школьнікі да канца не разумеюць, што значыць “напісана на рэальнай аснове”. Таму, калі можна паказаць навучэнцам нейкую нагляднасць, заўсёды стараюся гэта рабіць.
У 11 класе пісалі пераказ па тэме “Подзвіг рускіх жанчын” пра жонак дзекабрыстаў, якія адправіліся за сваімі мужамі ў ссылку ў Сібір, — пра княгінь Кацярыну Валконскую і Марыю Трубяцкую. Калі я паказала фатаграфію карэты, на якой ехала Трубяцкая, асабістыя рэчы (нацельныя крыжыкі, лісты, якія захоўваюцца ў музеі), гэта дапамагло вучням успрыняць інфармацыю як гістарычны факт, асэнсаваць подзвіг жанчын на больш высокім узроўні, — адзначае суразмоўніца.

VR-паляванне за спадчынай
Педагог больш за 10 гадоў дзеліцца вопытам сваёй работы на Тураўскіх Епархіяльных і Пакроўскіх адукацыйных чытаннях. Раней прадстаўляла вопыт сваёй работы адна, а зараз у яе з’явіўся аднадумец — муж, які дапамагае з праектамі. Ён адказвае за тэхнічную частку: здымку на камеру 360 градусаў, мантаж маршрутаў і алічбоўку. А Мая Аляксандраўна займаецца мастацкай часткай: напісаннем тэкстаў, агучкай і зборам матэрыялаў:
— У гэтым годзе на Тураўскіх чытаннях прадставілі праект па ўвекавечанні памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Буда-Кашалёўскага раёна. Сабралі матэрыялы, наведалі ўсе месцы гісторыка-культурнай спадчыны, стварылі прэзентацыю і віртуальную экскурсію ў фармаце 360 градусаў з выкарыстаннем VR-акуляраў. Таксама падрыхтавалі інтэрактыўныя плакаты, квестбук па месцах воінскай славы. На Тураўскіх чытаннях заваявалі дыплом I ступені.
На Пакроўскіх чытаннях прэзентавалі праект аб праваслаўнай гісторыка-культурнай спадчыне раёна. У нас на тэрыторыі размяшчаюцца 12 храмаў. Тыя, што блізка, наведалі разам са школьнікамі. Гутарылі са святарамі, збіралі ўнікальныя факты і стварылі віртуальную карту, дзякуючы якой можна адчуць эфект прысутнасці ў храмах. Для праекта таксама распрацаваны квестбук.
Сярод іншых значных ініцыятыў вылучаецца праект рэспубліканскага маштабу — гэта віртуальная экскурсія ў цэнтр народнай творчасці ў Чабатовічах, якая ўключае пяць лакацый (36 панарам) у фармаце 360 градусаў, агучаных на беларускай мове, відэа рамёстваў і інсцэніровак, інтэрактыўныя тэматычныя гульні. Праект адаптаваны для дзяцей рознага ўзросту і ўключае заданні па QR-кодах і гіперспасылках. Ініцыятыва атрымала прызнанне на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і заваявала дыплом ІІ ступені.
У размове з настаўніцай удалося даведацца і пра яе планы, якія яна імкнецца рэалізаваць. Так, яна хоча запусціць віртуальную экскурсію па Буда-Кашалёве. Дарэчы, ужо знята больш за 50 значных лакацый, і з багатай гісторыяй гэтага краю абавязкова варта азнаёміцца.
— Праз паўгода можна будзе палюбавацца славутасцямі нашага краю з любога пункта свету, не ўстаючы з канапы: патрэбен толькі тэлефон або ноўтбук, — тлумачыць педагог. — Усе сілы кінуты на стварэнне “Азбукі ваеннай гісторыі Гомельскай вобласці” з дапоўненай рэальнасцю, каб захаваць памяць аб мінулым.
Гасцям педагог параіла б пачаць знаёмства з раёнам, наведаўшы брацкую магілу ў цэнтры горада. Там пахавана шмат адважных людзей, у тым ліку чэшскі салдат Ладзіслаў Дында, які добраахвотна перайшоў на бок партызан, ваяваў у партызанскім атрадзе “Бальшавік”, і генерал-маёр Мікалай Прышчэпа, таленавіты палкаводзец, які ўдзельнічаў у абароне раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і быў смяротна паранены, але да апошняга ўдыху кіраваў боем. У яго гонар таксама названа вуліца.
Другая лакацыя — помнік воінам-інтэрнацыяналістам, устаноўлены ў памяць аб земляках, якія не вярнуліся з Афганскай вайны. Мая Аляксандраўна добра памятае дзень адкрыцця гэтага помніка: вучылася ў 4 класе і разам з аднакласнікамі чытала вершы, ускладала кветкі.
Яшчэ адно знакавае месца — помнік ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, мірным жыхарам. Брацкая магіла, размешчаная на вуліцы Лаўрыновіча на месцы расстрэлу яўрэйскага насельніцтва горада, якое ўтрымлівалася ў гета ў будынку былой 1-й школы. Гэтае месца энергетычна вельмі цяжкае… Тут пахавана больш за 400 чалавек, але ўстаноўлены прозвішчы толькі каля 100.
За межамі кабінета
Напрыканцы размовы Мая Галіцкая падзялілася захапленнямі, якія выходзяць далёка за межы школьнага кабінета. Акрамя літаратуры, яна займаецца рукадзеллем: вышывае крыжыкам, вяжа і працуе з бісерам. Нядаўна прайшла яе персанальная выстава, дзе былі прадстаўлены вышыўкі, вязаныя вырабы, кнігі. З бісеру педагог стварае абразы, букеты і брошкі — непаўторныя ўпрыгажэнні. Самай працаёмістай аказалася вялізная вышыўка памерам каля 1,5 метра, над якой яна працавала больш за два гады. Часцей за ўсё настаўніца стварае краявіды і выявы катоў. Дарэчы, у яе літаратурных творах пушыстыя сябры — частыя персанажы, за што ў пісьменніцкіх колах яе называюць сапраўднай катысткай. Нядаўна Мая Аляксандраўна аддала ў выдавецтва метадычную распрацоўку — камплект рабочых лістоў па рускай мове для вывучэння тэмы “Займеннік” — “Казкі ката Беляша”. Муж склаў гісторыі, а яна адаптавала іх для заданняў.
— Імкнуся напоўніць кожны дзень яркімі эмоцыямі. Бо наша жыццё — у нашых руках: толькі мы вырашаем, якімі пачуццямі яго ўзбагаціць, — падсумоўвае педагог.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара





