Праграма аб’яднання па інтарэсах “Урокі жыцця і дабра” Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прызнана лепшай і ўдастоена дыплома I ступені па выніках Гродзенскага абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу адукацыйных праграм грамадска-гуманітарнага профілю.

У конкурсе прынялі ўдзел 26 праграм аб’яднанняў па інтарэсах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці.
Аўтарамі праграмы, накіраванай на развіццё валанцёрскага руху ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, з’яўляюцца педагог дадатковай адукацыі метадыст Людміла Івашчанка і намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Ваўкавыскага ЦТДіМ Таццяна Балоцкая. Праграма базавага ўзроўню разлічана на трохгадовы тэрмін навучання і прызначана для вучняў 14—17 гадоў.
Развітую рэгіянальную мадэль добраахвотніцтва ў Ваўкавыскім раёне прадстаўляе валанцёрскі рух “Тэрыторыя дабра”, які аб’ядноўвае больш за 460 навучэнцаў з 35 валанцёрскіх атрадаў.
— Перад намі стаяла задача стварыць і арганізаваць работу такой супольнасці навучэнцаў, якая стала б ядром, кансалідуючым ключавым звяном у развіцці дзіцячых добраахвотніцкіх ініцыятыў, сацыяльнай творчасці, грамадскай дзейнасці і ў актыўным прасоўванні валанцёрства ў рэгіёне, — расказала Людміла Івашчанка. — Такой супольнасцю стала аб’яднанне грамадска-гуманітарнага профілю “Урокі жыцця і дабра”. Актуальнасць праграмы заключаецца ў яе накіраванасці на фарміраванне ў навучэнцаў сацыяльна-асобасных кампетэнцый і забеспячэнне пазітыўнай сацыялізацыі, асобаснага і прафесійнага самавызначэння падрастаючага пакалення, інтэгратыўнасці грамадска-гуманітарнай адукацыі з сацыяльным кантэкстам творчай, практыка-арыентаванай дзейнасці ва ўмовах дадатковай адукацыі.

Рэалізацыя праграмы ажыццяўляецца з навучэнцамі 8—11 класаў і грунтуецца на асобасна арыентаваным, дзейнасным, кампетэнтнасным, аксіялагічным, гуманітарным падыходах у навучанні і выхаванні школьнікаў, на інтэграцыі такіх навуковых дысцыплін, як педагогіка, псіхалогія, сацыялогія, этыка, сацыялогія працы, канфлікталогія, эканоміка, менеджмент. Яна забяспечвае рэалізацыю маладзёжных ініцыятыў і праектаў па падтрымцы і аказанні дапамогі розным сацыяльным катэгорыям насельніцтва.
Змест праграмы “Урокі жыцця і дабра” рэалізуецца па чатырох тэарэтычна-практычных модулях — асобасна-адукацыйным “Я — валанцёр”, сацыяльна-працоўным “Свет вакол нас”, сацыяльна-дабрачынным “Добрае сэрца” і інфармацыйна-тэхналагічным “Медыяваланцёрства”.
Модуль “Я — валанцёр” уключае тэарэтычныя курсы, майстар-класы, трэнінгі па праяўленні лідарскіх якасцей навучэнцаў, падрыхтоўку валанцёраў-інструктараў па прынцыпе “роўны навучае роўнага” для арганізацыі дзейнасці раённых творчых пляцовак і раённага профільнага лагера, навучанне арганізатарскім і аналітычным навыкам.
Модуль “Свет вакол нас” накіраваны на развіццё сацыяльнай актыўнасці навучэнцаў праз іх уключэнне ў практычную працоўную дзейнасць. Гэта праектаванне дзіцячых ініцыятыў і іх рэалізацыя ў форме сацыяльных акцый, працоўных, экалагічных аперацый па азеляненні, добраўпарадкаванні горада і раёна, воінскіх пахаванняў, помнікаў архітэктуры, мемарыяльных дошак.
Модуль “Добрае сэрца” разглядае спецыяльныя здольнасці і асобасныя характарыстыкі, неабходныя валанцёру ў сацыяльнай рабоце з рознымі катэгорыямі грамадзян. Практычная частка модуля забяспечвае ўдзел валанцёраў у дабрачынных акцыях і мерапрыемствах па аказанні дапамогі ветэранам вайны і працы, адзінокім і пажылым людзям, дзецям-сіротам, дзецям з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі, а таксама тым, хто знаходзіцца ў дзіцячым аддзяленні бальніцы.
Мэтавае прызначэнне модуля “Медыяваланцёрства” — забеспячэнне інфармацыйнай падтрымкі валанцёрскай дзейнасці навучэнцаў. Ён накіраваны на асваенне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, адпрацоўку ўменняў і навыкаў работы з рознымі крыніцамі інфармацыі па стварэнні пазітыўнага інфармацыйна-асветніцкага, рэкламнага медыякантэнту валанцёрскай дзейнасці ў сродках масавай інфармацыі і інтэрнэце.
У першы год рэалізацыі праграмы навучэнцы 8—11 класаў атрымліваюць асноўныя звесткі пра добраахвотніцкую дзейнасць і валанцёрства, часткова займаюцца пошукавай дзейнасцю. На другі год навучэнцы 10-х класаў атрымліваюць больш грунтоўныя веды, абапіраючыся на практыку. На трэці год адзінаццацікласнікі ўжо самастойна займаюцца сацыяльным праектаваннем і даследаваннямі.
Праграма рэалізуецца праз выкарыстанне разнастайных традыцыйных і інавацыйных форм арганізацыі працэсу навучання, такіх як тэарэтычныя заняткі, эўрыстычная гутарка, аўкцыён, мазгавы штурм, акцыя, ролевая гульня, рэпетыцыйныя заняткі, заняткі-гутарка, заняткі-абмеркаванне, круіз, лекцыя, семінар, сустрэча, віктарына, прэзентацыя, заняткі-падарожжа, дзелавая гульня, заняткі-каменціраванне, эксперымент, практыкум-дыягностыка, творчая майстэрня, творчая лабараторыя, залік, практычныя заняткі, абарона праекта, групавы практыкум, тэсціраванне, панарама.
— Канчатковай мэтай рэалізацыі праграмы павінна стаць фарміраванне ўстойлівай матывацыйнай патрэбы навучэнца ў добраахвотніцкай і прафесійнай дзейнасці, развіццё ключавых кампетэнцый валанцёра і станоўчых асобасных якасцей, захаванне іміджу аб’яднання як грамадска-актыўнай і сацыяльна значнай формы раённага валанцёрскага руху “Тэрыторыя дабра”, — падкрэсліла Таццяна Балоцкая.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Ваўкавыскім ЦТДіМ.









