Гул матораў стаў акампанементам да абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства па кампетэнцыі “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын”. Здавалася, што ў гэтыя дні ў Смілавічы, дзе праходзіла спаборніцтва, з’ехалася ўся вобласць. І гэта недалёка ад праўды. Мерапрыемства выйшла за межы выключна конкурснай барацьбы, стала яшчэ і пляцоўкай для прафарыентацыі і папулярызацыі прафесійнай адукацыі.
Конкурс прайшоў у Смілавіцкім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. Удзел у ім узялі навучэнцы і майстры вытворчага навучання з 13 устаноў прафесійнай адукацыі Міншчыны, якія рыхтуюць спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу. Спаборніцтвы праводзіліся па стандартах WorldSkills.
…На тэрыторыі ліцэя раскінулася конкурсная пляцоўка — тут размясціліся трактары, плуг і іншая тэхніка. Каля іх засяроджана завіхаюцца канкурсанты. За імі пільна назірае дырэктар Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Юрый Корсік. Юрый Васільевіч — нацыянальны эксперт WorldSkills у кампетэнцыі “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын”. Ён падкрэслівае, што ўсе конкурсныя заданні складзены з улікам тых патрабаванняў, што прад’яўляюцца да работнікаў сельскай гаспадаркі ў нашы дні.
— Сёння ў сельскагаспадарчай вытворчасці выкарыстоўваецца мноства розных сельскагаспадарчых машын. З’яўляецца ўсё больш сучаснай, энерганасычанай тэхнікі, якая патрабуе высокага ўзроўню падрыхтоўкі работніка, які з гэтай тэхнікай працуе. Толькі калі тэхніка правільна адрэгулявана, належным чынам праведзены падрыхтоўчыя, рамонтныя работы, яна будзе працаваць эфектыўна. І конкурс якраз закліканы прадэманстраваць, наколькі канкурсанты гатовы да правільнай эксплуатацыі машын. Усе заданні звязаны з падрыхтоўкай машын да работы, выпраўленнем няспраўнасцей, правядзеннем тэхнічнага абслугоўвання. Гэта напрамую звязана з эфектыўнасцю работы і эканоміяй рэсурсаў. Чым больш часу машына знаходзіцца ў рамонце, тым больш грошай страчвае гаспадарка. А ўзнікненне неабходнасці рамонту непасрэдна звязана з несвоечасовым і няякасным тэхнічным абслугоўваннем, — адзначае Ю.В. Корсік.
Першы модуль заданняў для канкурсантаў-навучэнцаў — падрыхтоўка ворнага агрэгата.
— Усяму пачатак — плуг і баразна. Усё ў сельскай гаспадарцы пачынаецца з падрыхтоўкі глебы, асноўнай апрацоўкі. Таму навучэнцам і прапанавана такое заданне. Ім трэба падрыхтаваць да ворыва трактар і плуг ППО 4-40. Для гэтага трэба ацаніць знос рабочых органаў і замяніць зношаныя на новыя; праверыць “геаметрыю” машыны, каб яна працавала раўнамерна, забяспечвала зададзеную глыбіню ўзворвання; праверыць ціск у шынах колаў, — расказвае Юрый Корсік.
Смілавіцкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй невыпадкова стаў пляцоўкай для правядзення абласнога конкурсу. Установа лічыцца першапраходцам у стварэнні рэсурсных цэнтраў сельскагаспадарчага профілю. Тут працуе рэсурсны цэнтр па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”. Дзейнасць па яго стварэнні пачалі ў 2004 годзе. Штогод каля 500 навучэнцаў профільных навучальных устаноў Мінскай вобласці прыязджаюць сюды, каб атрымаць навыкі работы з самай сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікай.
Таксама навучэнцы выконваюць рэгуліроўку газаразмеркавальнага механізма — трэба праверыць 12 клапанаў, каб, па сутнасці, аднавіць дыханне трактара. І працуюць яны не на стэндах і макетах, а на сапраўдным “гарачым сэрцы трактара”. Нацыянальны эксперт параўноўвае гэтае заданне з аперацыяй на сэрцы. Гэта складаная работа, якая патрабуе часу, належнага ўзроўню ведаў і ўменняў. І гэтая аперацыя значна ўплывае на работу трактара — ад яе залежаць якасць згарання паліва, аддача магутнасці рухавіка і, адпаведна, траты на паліва.
Майстры вытворчага навучання выконваюць ад зін з найбольш насычаных і працаёмкіх модуляў — тэхнічнае абслугоўванне трактара. Выправіць няспраўнасці, адрэгуляваць сыходжанне колаў, замяніць фільтруючыя элементы, праверыць герметычнасць сістэмы ўпырсквання чыстага паветра, настроіць механізм навескі па зададзеных умовах — гэта толькі некаторыя аперацыі, якія ім трэба выканаць за гадзіну. Другі модуль для майстроў вытворчага навучання — падрыхтоўка і камплектаванне машынна-трактарнага агрэгата для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў.
Трэці модуль агульны для ўсіх канкурсантаў — і навучэнцаў, і майстроў вытворчага навучання. Гэта “Трактар-шоу”: канкурсанты дэманструюць уменне кіраваць трактарам. Сярод заданняў — рух па зададзенай траекторыі, элементы трактарадрома, пераадоленне паласы перашкод. І ўсё гэта — з прычэпленым няўстойлівым грузам, які нельга страціць. Гэта, безумоўна, самая відовішчная частка спаборніцтваў.
Сярод майстроў вытворчага навучання пераможцам абласнога конкурсу стаў Аляксей Міхайлавіч Кахновіч, майстар вытворчага навучання Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. 2-е месца заняў Анатоль Іванавіч Клімчук, які працуе ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы. На трэцюю прыступку п’едэстала гонару ўзняўся Сяргей Аляксандравіч Памяцько, прадстаўнік Капыльскага дзяржаўнага каледжа.
Сярод навучэнцаў лідарам стаў Мікіта Палонскі, які вучыцца ў Смілавіцкім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. 2-е месца заняў Ягор Бруцкі, навучэнец Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. 3-е месца журы прысудзіла Дзмітрыю Пракаповічу, які прадставіў на конкурсе Барысаўскі дзяржаўны каледж.
Павіншавалі ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсу ганаровыя госці — Аляксандра Мікалаеўна Пятрова, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі, начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь; Мікалай Мікалаевіч Башко, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама; Валерый Іванавіч Давыдаў, начальнік упраўлення па механізацыі і інвестыцыях камітэта па сельскай гаспадарцы і інвестыцыях Мінаблвыканкама; Тамара Канстанцінаўна Сень, начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Абласны конкурс выйшаў за межы выключна конкурснай барацьбы. Таксама ў гэтыя дні ў Смілавічах адбыліся маштабныя прафарыентацыйныя мерапрыемствы для навучэнцаў школ і гімназій вобласці. Сюды прыехалі школьнікі з Чэрвеньскага, Крупскага, Бярэзінскага, Клецкага, Капыльскага, Дзяржынскага, Маладзечанскага раёнаў. У іх была магчымасць азнаёміцца з работай ліцэя і ўвогуле даведацца, як сёння развіваецца галіна сельскай гаспадаркі.
Яны пабывалі на пляцоўцы, дзе праходзілі конкурсныя выпрабаванні, наведалі спартыўную і турыстычную пляцоўкі, рэсурсны цэнтр ліцэя. Таксама для наведвальнікаў падрыхтавалі выставу, дзе можна было ўбачыць сельскагаспадарчую тэхніку — ад рэтраагрэгатаў, якія ўжо сталі экспанатамі музея пад адкрытым небам, да сучасных энерганасычаных трактароў з аўтапілатаваннем, якія толькі з’яўляюцца на беларускіх палях. Таксама гасцямі Смілавіцкага ліцэя сталі навучэнцы ўсіх устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міншчыны. Так абласны конкурс ператварыўся ў абласное свята прафесійнага майстэрства.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.