Усё рашаюць кадры

- 2:56Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Чарговае пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама адбылося ў Магілёве. У ім прымалі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення Андрэй Заблоцкі, начальнікі аддзелаў па адукацыі рай­ і гарвыканкамаў, кіраўнікі рэгіянальных цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі, навучальных устаноў абласнога падпарадкавання.

Адным з найважнейшых разгледжаных пытанняў стала абмеркаванне вынікаў рэалізацыі падпраграмы “Развіццё сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі” дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка”. Было адзначана, што яе паказчыкі выконваюцца ў вобласці планава і даволі паспяхова. Гэта дае магчымасць забяспечваць патрэбнасць галін эканомікі і сацыяльнай сферы рэгіёна рабочымі кадрамі. У мінулым годзе выпуск з устаноў прафесійнай адука- цыі склаў 3956 чалавек і амаль кожны з іх размеркаваўся на першае працоўнае месца.

Аднак пэўныя цяжкасці ў сферы прафесійнай адукацыі існуюць. Некаторыя ўстановы гэтага профілю сутыкаюцца з цяжкасцямі ў выкананні планаў прыёму. Абумоўлена гэта недастатковай прафарыентацыйнай работай. У шэрагу раёнаў адсутнічае дакладна выбудаваная сістэма прафарыентацыі. Арганізацыі — заказчыкі кадраў не ўдзельнічаюць у адборы матываваных выпускнікоў на навучанне па запатрабаваных спецыяльнасцях, а проста чакаюць, калі да іх накіруюць маладых спецыялістаў. Асабліва востра такая праблема стаіць у арганізацыях сельскагаспадарчага профілю. Паўплываць на гэта павінен асабісты кантроль за ажыццяўленнем прафарыентацыі начальнікамі аддзелаў па адукацыі. Па рашэнні калегіі цяпер яны будуць несці асабістую адказнасць за работу з бацькамі выпускнікоў школ, падбор абітурыентаў для паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, займацца прапрацоўкай адпаведных стымулюючых мер падтрымкі моладзі.

Асаблівы акцэнт на калегіі быў зроблены і на арганізацыі эфектыўнай работы з педагагічнымі кадрамі. На сённяшні дзень навучальныя ўстановы Магілёўшчыны забяспечаны кваліфікаваным кадравым складам: 82% педагагічных работнікаў маюць вышэйшую адукацыю, 71% — вышэйшую ці першую кваліфікацыйную катэгорыю, 36 педагогам прысвоена катэгорыя “настаўнік-метадыст”. Такі кадравы патэнцыял дае магчымасць у поўнай меры рэалізоўваць задачы, якія стаяць перад сістэмай адукацыі. Аднак у рабоце з педагагічнымі кадрамі захоўваецца шэраг праблем, якія патрабуюць далейшага вырашэння і развіцця.

Па рашэнні калегіі начальнікі аддзелаў па адукацыі будуць несці асабістую адказнасць за работу з бацькамі выпускнікоў школ, падбор абітурыентаў для паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, займацца прапрацоўкай адпаведных стымулюючых мер падтрымкі моладзі.

Калі канкрэтна, назіраецца тэндэнцыя старэння педагагічных кадраў. Пэўныя недапрацоўкі прысутнічаюць у прагназаванні кадравай патрэбнасці. Таму зноў ішла гаворка аб тым, што кіраўнікам на мясцовым узроўні неабходна актывізаваць работу ў напрамку арганізацыі навучання выпускнікоў школ на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі па педагагічных спецыяльнасцях. 

— Сёння кожны работнік на месцах павінен разумець ступень адказнасці за выкананне сваіх працоўных абавязкаў. Па-іншаму ў цяперашніх рэаліях нельга. Любыя наяўныя праблемы павінны вырашацца разам. Рэсурсы і рычагі для ўдасканалення работы па ўсіх напрамках у нас ёсць. Неабходна выразна вызначаць задачы і накіроўваць усе рэзервы на іх выкананне. Прычым аб’ядноўваць намаганні ўсіх зацікаўленых мясцовых структур на дасягненне пэўных агульных мэт. Разам ісці ў адзіным кірунку. Тады будуць не толькі планы на паперы, але і вынікі на справе, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Андрэй Заблоцкі.

У ходзе пасяджэння былі таксама заслуханы даклады аб умацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны ў навучальных установах, удасканаленні работы са зваротамі грамадзян. Пасля абмеркавання кожнай тэмы былі прыняты адпаведныя рашэнні, накіраваныя на ліквідацыю выяўленых недахопаў у працы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ