На базе сярэдняй школы № 6 напрыканцы навучальнага года адкрылася валанцёрскае турыстычнаэкскурсійнае аб’яднанне “СИГМА” (содружество истории и географии, мотивирующее активность).
Мэта аб’яднання — прыцягненне навучэнцаў да гісторыі малой радзімы, фарміраванне ў іх цікавасці да яе вывучэння, узнаўленне гістарычнай памяці праз бачанне сувязі мінулага і цяперашняга, выхаванне пазітыўных адносін да захавання гісторыка-культурнай, духоўнай і прыроднай спадчыны.
Адкрыццю аб’яднання папярэднічала вялікая работа, праведзеная педагогамі школы, — настаўніцай гісторыі Ларысай Гарбацэвіч і настаўніцай геаграфіі Вольгай Хлябко.
— Адным з найважнейшых сродкаў, якія звязваюць навучанне і выхаванне з жыццём, з’яўляецца краязнаўства, — адзначае Ларыса Гарбацэвіч. — Вырашэнне задачы выхавання сацыяльна актыўнай, творчай асобы, грамадзяніна і патрыёта Айчыны немагчыма без выхавання любові да сваёй малой радзімы. А любоў гэтая пачынаецца з ведання гісторыі сваёй сям’і, школы, горада, з разумення месца і ролі малой радзімы ў маштабах краіны. Аб’екты прыроднай і культурнай спадчыны рэгіёна ўяўляюць сабой наглядны матэрыял, які мае велізарны адукацыйны і развіццёвы патэнцыял: ён з’яўляецца не толькі сродкам ілюстрацыі і канкрэтызацыі падзей і з’яў, але і крыніцай атрымання новых ведаў, пашырэння кругагляду. Краязнаўства дазваляе пашырыць “урочную прастору”, перавесці яе ў фармат навучання па-за межамі класа.
Па меркаванні настаўніцы геаграфіі Вольгі Хлябко, дачыненне да мінулага і сучаснасці немагчыма выхаваць толькі словамі або перадачай ведаў: патрэбны больш эфектыўныя падыходы і сродкі, здольныя сфарміраваць эмацыянальна-каштоўнаснае стаўленне асобы да рэчаіснасці. Адным з такіх рэсурсаў і з’яўляецца экскурсійна-турыстычная дзейнасць навучэнцаў. Такая форма пазаўрочнай дзейнасці ўяўляе сабой аптымальную прастору, у якой пашыраецца сфера зносін навучэнцаў, адбываецца набыццё навыкаў сацыяльнага ўзаемадзеяння, назапашвання станоўчага вопыту паводзін, неабходнага для самастойнага вырашэння камунікатыўных, пазнавальных, маральных, арганізацыйных і іншых праблем, якія і складаюць змест сучаснай адукацыі.
Унікальнасць экскурсійных маршрутаў вызначае ў першую чаргу мясцовы матэрыял, на якім яны пабудаваны. На працягу некалькіх гадоў навучэнцы пад кіраўніцтвам педагогаў займаюцца вывучэннем гісторыі мікрараёна Сухарава, які размешчаны насупраць аднайменнай вёскі. Але нават многія дарослыя не здагадваюцца, што вёска, якая дала назву цэламу мікрараёну на паўднёвым захадзе Мінска, упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1503 годзе. Проста таму, што самой вёскі практычна не засталося: Сухарава падзяліла лёс дзясятка вёсак, якія ўвайшлі ў межы горада.
Вынікі праведзенай пошукавай дзейнасці былі паспяхова прадстаўлены на конкурсах даследчых работ навучэнцаў рознага ўзроўню. Так, у конкурсе “Духоўныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці музея” дзесяцікласнік С.Шараеў з работай “Дарога да храма” адзначаны дыпломам I ступені на раённым і III ступені на гарадскім этапе. У конкурсе творчых работ навучэнцаў “Нататкі юнага вандроўніка” навучэнка 11 класа Э.Мядзведзева на раённым этапе ўдастоена дыплома І ступені ў намінацыі “Замалёўкі вандроўніцы” і дыплома ІІ ступені ў намінацыі “Гісторыя адной вандроўкі”. Матэрыялы па гісторыі Сухараўскага народнага вучылішча ляглі ў аснову афармлення стэнда ў Музеі гісторыі сістэмы адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска. Акрамя таго, матэрыялы краязнаўчага характару выкарыстоўваюцца пры вывучэнні праграмных пытанняў на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці.
Краязнаўчы матэрыял па гісторыі вёскі Сухарава, які ўключае архіўныя дакументы і фотаздымкі, а таксама наяўнасць у мікрараёне археалагічных і прыродных помнікаў, культавых збудаванняў, мемарыяльных дошак і знакаў, якія заслугоўваюць увагі і здольны
стаць экскурсійнымі аб’ектамі, дазволілі распрацаваць некалькі экскурсійных маршрутаў. Пешая экскурсія “Тут Радзімы маёй пачатак” і экскурсійны веламаршрут “Кола гісторыі” карыстаюцца папулярнасцю ў навучэнцаў і замежных гасцей.
На аснове сабранага краязнаўчага матэрыялу творчая група школьнікаў і педагогаў распрацавала даведнік рэгіянальных экскурсійных маршрутаў па мікрараёне Сухарава, які быў удастоены дыплома лаўрэата на гарадскім этапе рэспубліканскага конкурсу “Дарогамі ведаў”.
Стварэнне школьнага валанцёрскага турыстычна-экскурсійнага аб’яднання “СИГМА” стала наступным лагічным крокам па ўдасканаленні краязнаўчай работы. Для пашырэння экскурсійнай і пошукавай дзейнасці педагогі прайшлі перападрыхтоўку па праграме “Экскурсійна-турыстычная дзейнасць ва ўстановах адукацыі” на базе РІВШ і стажыроўку ў Нацыянальным гістарычным музеі. Было наладжана супрацоўніцтва з гуртком “Юных экскурсаводаў” у цэнтры дадатковай адукацыі “Зорка”, кафедрай гісторыі Беларусі і музеязнаўства БДУКМ, факультэтам прыродазнаўства БДПУ імя Максіма Танка. Практычную дапамогу ў стварэнні праграм для арганізацыі аб’яднанняў па інтарэсах “Юны экскурсавод” і “Юны турыст” аказаў клуб экскурсаводаў кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у турызме і гасціннасці БДУФК. Дарэчы, дзевяцікласнікі з задавальненнем наведвалі гэтыя заняткі.
Плануецца, што асноўнымі напрамкамі дзейнасці школьнага валанцёрскага турыстычна-экскурсійнага аб’яднання стануць: пошукава-збіральніцкі (збор інфармацыі, падрыхтоўка маршрутаў, распрацоўка экскурсій); экспазіцыйны (папаўненне пакоя баявой славы); вучэбны (дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах “Юны экскурсавод” і “Юны турыст”); арганізацыя і правядзенне пешых і велаэкскурсій па мікрараёне для розных узроставых груп і з улікам цікавасці да гісторыі, геаграфіі, біялогіі; агітацыйны (выпуск буклетаў, вывучэнне грамадскай думкі сярод школьнікаў, бацькоў, жыхароў мікрараёна, здымкі кіно і відэафільмаў, сацыяльныя сеткі).
Педагогі школы лічаць, што дзейнасць такога аб’яднання па інтарэсах створыць умовы для паслядоўнага прыцягнення навучэнцаў да пошукава-даследчай дзейнасці, да пашырэння і распаўсюджвання ведаў па гісторыі роднага краю.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.





