Вартавыя Памяці

- 13:06Выхаванне, Дадатковая адукацыя

Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста адзначаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне”за шматгадовую дзейнасць Паста Памяці і работу па грамадзянска­патрыятычным выхаванні моладзі. 

За 50 гадоў існавання Пост Памяці ля Вечнага агню ў ­Брэсцкай крэпасці-героі не спыняў сваю дзей­насць ні на адзін дзень. За гэты час праз школу патрыятызму прайшлі каля 100тысяч брэсцкіх школьнікаў.  

Варта Памяці з’яўляецца ганаровым абавязкам для падлеткаў. У сэрцы кожнага з іх — гонар пра подзвіг продкаў і жаданне перадаць памяць наступным пакаленням.

Міратворчая дзей­насць Паста Памяці вельмі значная ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва. Ён выступае сімвалічным мостам сяброўства паміж моладдзю Беларусі, Расіі і Украіны. 

Варту Памяці нясуць самыя дастойныя старшакласнікі.

Напрыканцы чэрвеня ў мемарыяльным комплексе прайшоў Міжнародны злёт пастоў памяці гарадоў-герояў, гарадоў воінскай славы, гарадоў-пабрацімаў Брэста, гарадоў-удзельнікаў міратворчага руху “Акадэмія міру і дзіцячай дыпламатыі” і школ міру. 

У злёце ўдзельнічалі 17 дэлегацый з Беларусі і Расіі: з Брэста, Віцебска, Валгаграда, Гродна, Іжэўска, Мінска, Магілёва, Масквы, Мурманска, Новасібірска, Новарасійска, Пскова, Санкт-Пецярбурга і Тулы. 

Зводныя змены ганаровай варты дэлегацый — удзельніц злёту атрымалі права несці Варту Памяці ля Вечнага агню Брэсцкай крэпасці-героя. Праграма мерапрыемства была вельмі насычаная. Дэлегацыі наведалі музеі на тэрыторыі мемарыяла, пабывалі ў Нацыянальны парку “Белавежская пушча”.

У рамках злёту адбылася міжнародная патрыятычная акцыя “Вя­лікая Памяць маёй сям’і”, у якой удзельнічалі школьнікі і педагогі Беларусі і Расіі. Іх работы прадстаўлены на сайце Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста.  

Пасты Памяці ля Вечнага агню захоўваюць гісторыю, звязваючы мінулае і сучас­насць, вучаць цаніць адну з вялікіх каштоўнасцей — мір на зямлі.

Лілія БАРАЎСКАЯ,
загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета
Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста.