Ваш выхад, абітурыенты

- 16:25Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

Учора ў краіне стартавала прыёмная кампанія ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

Студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта сёлета ста­нуць 5129 чалавек, у тым ліку 150 абітурыентаў будуць залічаны ў юрыдычны каледж. “На першую ступень адукацыі мы набіраем 4655 чалавек, — адзначыў рэктар БДУ Андрэй Кароль. — А ў магістратуру ўжо прайшоў набор”. 

Агульныя тэрміны прыёму для большасці спецыяльнасцей пачынаюцца  18 ліпеня. Прыём на бюджэт працягнецца да 24 ліпеня. З 25 ліпеня па 2 жніўня адбудуцца ўнутраныя выпрабаванні ва УВА. Залічэнне на бюджэт завершыцца 4 жніўня. З 5 па 7 жніўня адбудзецца дадатковы набор на бюджэтныя месцы. 

Прыём дакументаў на платную форму навучання пачаўся 18 ліпеня і будзе працягвацца да 8 жніўня. Залічэнне абітурыентаў на платную форму навучання завершыцца 10 жніўня. 

Для шэрагу сельскагаспадарчых спецыяльнасцей прыём дакументаў на дзённую форму навучання працягнецца да 10 жніўня. Таксама сёлета асобны графік для паступлення на спецыяльнасці сілавога кірунку. Дакументы на бюджэт у адпаведныя УВА прымаюцца з 18 па 26 ліпеня. Але залічэнне будучых студэнтаў таксама завершыцца 10 жніўня.   

Сёлета ва УВА краіны будуць залічаны каля
53,5 тысячы абітурыентаў: на бюджэтную форму паступяць больш за 27,7 тысячы чалавек, на платную — больш за 25,5 тысячы.

Асаблівасці прыёмнай кампаніі заўсёды выклікаюць цікавасць. Так, у гэтым годзе для будучых студэнтаў БДУ прапануе дзве новыя спецыяльнасці: на факультэце геа­графіі і геаінфарматыкі — “Геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць”, на біялагічным факультэце — “Біяінжынерыя і біяінфарматыка”.

“Ёсць яшчэ новы напрамак “Дызайн касцюма і тканіны” спецыяльнасці “Дызайн” на факультэце сацыякультурных камунікацый, — акцэнтаваў увагу А.Кароль. — Што тычыцца прыёму дакументаў, то мы значна пашырылі карыстальніцкі інтэрфейс. Напрыклад, падача дакументаў праходзіць з магчы­масцю кансультавання, больш гнуткай стала зваротная сувязь з абітурыентамі і іх бацькамі. На бюджэтную форму навучання ў БДУ захаваны прыкладна такі ж набор. Але на некаторыя спецыяльнасці, з улікам вынікаў прыёмнай кампаніі мінулага года, ён паменшаны”. 

Яшчэ адна асаблівасць сёлетняй уступнай кампаніі ў названую ўстанову адукацыі — магчымасць падаваць дакументы на некалькі спецыяльнасцей.

“Гэта наш унутраны пілотны эксперымент, — сказаў рэктар БДУ. — Мы вельмі беражліва ставімся да ўладальнікаў сертыфікатаў ЦТ па фізіцы і матэматыцы. Таму гэтае новаўвядзенне тычыцца спецыяльнасцей фізіка-матэматычнага профілю. На некаторыя спецыяльнасці чакаем росту прахадных балаў, асабліва на тыя, дзе была скарочана коль­касць месцаў набору як на бюджэтныя, так і на платныя месцы”.

 У БДУ прагназуюць высокія балы на шэраг спецыяльнасцей высокатэхналагічнага профілю, IT-кірунку, спецыяльнасці “Прыкладная матэматыка”, “Інфарматыка”, а таксама на “Міжнароднае права”, “Міжнародныя адносіны”, “Лінгвакраіназнаўства” і інш. 

У першы дзень прыёмнай кампаніі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка праводзілася субяседаванне з выпускнікамі профільных класаў педагагічнага кірунку. Для такіх дзяцей тэрміны прыёму дакументаў скарочаны: падчас субяседавання, якое праходзіць яшчэ сёння і заўтра, яны павінны вызначыцца з будучай спецыяльнасцю і прайсці ўнутраны экзамен. Сярод тых, хто сёлета выбірае БДПУ, медалісты і прадстаўнікі педагагічных дынастый. 

Рэпартаж з субяседавання чытайце ў наступным нумары.

Наталля САХНО. 
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.