Вікторыя Зверава — пра метадычную кухню, правераныя прафесійныя рэцэпты і педагагічнае прызванне

- 12:23Интервью

Пра метадычную кухню і правераныя прафесійныя рэцэпты, выхаванне моладзі, педагагічнае прызванне і найлепшы адпачынак для намесніка дырэктара школы — у гутарцы карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з педагогам­-арганізатарам выхаваўча-­аздараўленчага лагера “Лідар” Бешанковіцкага раёна Вікторыяй Зверавай.

Родная стыхія

— Надзённае, асабліва ў перыяд уступнай кампаніі, пытанне: чаму вырашылі стаць педагогам і хто быў для вас арыенцірам?

— Эталонам для мяне па сёння з’яўляецца мая настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Аляксандраўна Калядзёнак, менавіта яе прыклад натхніў на выбар прафесіі. Я выпускніца ВДУ імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Настаўніца рускай мовы і літаратуры, беларускай мовы і літаратуры”. Але прафесійную дзейнасць пачынала на пасадзе педагога-арганізатара.

— Як так?

— Можна сказаць, жыццё да гэтага за руку прывяло. У маёй роднай сярэдняй школе № 1 Віцебска, якая зараз з’яўляецца гімназіяй № 3 імя А.С.Пушкіна, што­дзень пасля асноўных былі чатыры ўрокі музыкі: фактычна дзве змены. Плюс заняткі ў хоры. Шчыра прызнацца, для мяне гэта не тое, каб было велізарным задавальненнем. Проста на паралелі класы “А” і “Б” былі музычныя. Не падабаецца — ідзі ў “В” і “Г”, што сярод маіх сяброў лічылася менш прэстыжным. Вельмі спрэчная з майго сённяшняга пункту погляду матывацыя. Але тады яна мной рухала, бо я была паспяховай і дастаткова амбіцыйнай вучаніцай. Хаця намнога больш, чым музыка, мяне захапляла грамадская дзейнасць. У піянерскай дружыне ўваходзіла ў лік актывістаў, сцэнарыі спрабавала пі­саць, вяла школьны летапіс. Рыхтавалася да ўступлення ў камсамол, бо мне гэта было блізка. На жаль, не атрымалася: якраз тады, у 90-я гады, ідэалагічная сістэма дала збой. Затое ва ўніверсітэце ўдалося разгарнуцца. У плане грамадскай і творчай актыўнасці — ад мерапрыемстваў на філфаку да ўніверсітэцкіх — мы з сяброўкамі Настассяй Кандратовіч і Наталляй Турковай хутка выйшлі ў лідары курса. Дарэчы, дзякуючы ўдзелу ў КВЗ, я пазнаёмілася з будучым знакамітым сцэнарыстам і пра­дзюсарам Віталіем Шляпо, які вучыўся ў ВДУ на матэматычным факультэце.

— Вашы ўніверсітэцкія сяб­роўкі сталі педагогамі?

— Фармальна не, па сутнасці — так. Наталля ўзначальвае Цэнтр бяспекі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, падпалкоўнік унутранай службы. Яна цесна супрацоўнічае па сваім напрамку з установамі адукацыі, часта сустракаецца са школьнікамі, курыруе ў рэгіёне рух юных ратавальнікаў. Настасся, якая са студэнцтва моцна захапілася харэаграфіяй, спраўдзіла мару — у яе ўласная студыя танца. А я пасля ўніверсітэта апынулася перад няпростым выбарам: настаўнічаць на Віцебшчыне або пачаць кар’еру на прадпрыемстве ў Маскве. З аднаго боку, мяне накіравалі на работу ў вядомую Лужаснянскую гімназію. З другога — маскоўскія сваякі дапамаглі знайсці падпрацоўку на лета, дзе я атрымала значна вышэйшую зарплату, чым сярэднестатыстычная настаўніцкая на Радзіме. І мне прапанавалі застацца… Карацей, не ўстаяла перад спакусай, магутны мегаполіс прываражыў. Толькі ненадоўга.

На ўласным вопыце пераканалася, што прыцяжэнне роднай зямлі — не пустыя пафасныя словы, гэта жыве ў сэрцы і намі рухае. Многа вагалася, сумнявалася, а ўрэшце абарвала на ўзлёце кар’еру ў Расіі і ў 2006-м вярнулася дадому. Мяне прынялі педагогам-арганізатарам у сярэднюю школу № 27 Віцебска. Тут увесь мой творчы бэкграўнд і спатрэбіўся. Родная стыхія і мой хлеб, як гаворыцца.

Невыпадковасці

— Вам бліжэй арганізатарская дзейнасць або выкладанне?

— Па-мойму, гэта непадзельна ўзаемазвязана. Хаця першае мне ўсё ж бліжэй. Часта чула ад калег-педагогаў: “У вас незвычайныя ўрокі, з элементамі шоу”. Напэўна, невыпадкова далей мяне запрасілі ў аддзел арганізацыйна-масавай работы Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі на пасаду метадыста. Поле дзейнасці ў нашай каманды было велізарнае. Мы мелі дачыненне да шэрага брэндавых мерапрыемстваў вобласці і амаль да ўсіх, што праводзіліся сістэмай адукацыі: кірмашы і выставы, “Чалавек года Віцебшчыны”, узнагароджанне пераможцаў алімпіяд, міжнародны турзлёт у Оршы… Удзячна лёсу і калегам-сябрам за тыя восем яркіх, падзейных гадоў. Аднойчы зразумела: каб развівацца ў прафесіі, мне трэба нешта новае. Да зусім кардынальных змен я не была гатова. Таму ў родным горадзе перайшла на работу ў каледж: цяпер ён называецца індустрыяльным, тады быў індустрыяльна-педагагічным. Там працавала метадыстам і… паралельна завочна вучылася. Набыла спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага харчовай вытворчасці, кухара 4-га разраду… Часам здзіў­ляе, як праз рашэнні ў моманце, такія невыпадковыя выпадковасці нас вядзе жыццё. У выніку з новымі вопытам і ведамі вярнулася на пасаду педагога-арганізатара. Два гады працавала ў сярэдняй школе № 38 Віцебска, а затым дырэктар сярэдняй школы № 19 Наталля Каралёва пераманіла мяне да сябе завучам па выхаваўчай рабоце.

— Напрамак той жа…

— Стала больш адказнасці. Галоўная парадыгма педагога-арганізатара — ты і дзеці. У намесніка дырэктара — намнога шырэй і сур’ёзней: ты, класныя кіраўнікі, педагогі, навучэнцы і іх сем’і. Работа цікавая і для мяне прывабная менавіта ў сукупнасці напрамкаў. Вобразна кажучы, у цябе на стале стосамі што­дзень збіраецца інфармацыя па дзецях, якія знаходзяцца на розных формах уліку, па супрацоўніцтве з БРСМ і БРПА, арганізацыі і правя­дзенні свят, спаборніцтваў, конкурсаў плюс шэрага іншых масавых мерапрыемстваў… Паток здаецца бясконцым, а твой абавязак — не проста кожны аркуш, а кожны радок дасканальна ве­даць, пры гэтым адначасова ба­чыць падзеі ў развіцці і накіроў­ваць працэс. Ты па азначэнні павінен быць на ўсе рукі майстрам.

— Вы раней гаварылі пра жыццёвыя невыпадковасці. Як стасуецца з вашымі цяперашнімі абавязкамі другая прафесія, атрыманая ў каледжы?

— Для мяне яна з’яўляецца каштоўным рэсурсам у школе і летам у лагеры, бо я ў тым ліку курырую арганізацыю харчавання. Двухтыднёвае меню, парцыён­насць, бракеражы для мяне поўнасцю зразумелыя рэчы, якія ведаю ў тэорыі і на практыцы.

Упэўнена: калі моцна зацікавіла нешта новае, то абавязкова трэба пастарацца, каб навучыцца. Аднойчы табе гэта абавязкова спатрэбіцца і дапаможа. Такія веды лішнімі не бываюць.

— А дома кухарская пад­рыхтоўка выяўляецца?

— З дзяцінства люблю і ўмею кухарыць. Як і ў кожнай добрай гаспадыні, у мяне ёсць фірменныя стравы, пэўныя сакрэты ў іх гатаванні. Да вучобы ў калежды ў мяне была іншая матывацыя: імкненне да грунтоўных і сістэмных прафесійных ведаў. Калі атрымала 4-ы разрад кухара, муж з гумарам выказаўся: “Рады, што не навучылі цябе нясмачна гата­ваць — правільна і па кніжках!”

Адпачынак у рабочым фармаце 24 на 7

— Лета вы на працягу 10 гадоў праводзіце ў лагеры “Лідар”. Што сюды ўпершыню прывяло і прываблівае дагэтуль?

— Людзі па-рознаму перажываюць гора. Калі я страціла бацьку, то адчула неабходнасць выр­вацца са звыклай абстаноўкі і з’ехала з горада ў лагер праца­ваць, на адну змену. Насамрэч крыху дапамагло. Праз год чамусьці захацелася вярнуцца, зноў прыехала на першую змену. Памятаю, бліжэй да яе завяршэння падышоў да мяне начальнік лагера Валерый Сарока і запытаўся: “Не хочаце застацца ў нас на пастаяннай аснове? Мне неабходны такі спецыяліст. Назіраў за вамі, вы зможаце!” Пагадзілася паспрабаваць і па сёння працую. Афіцыйна ў мяне пасада педагога-арганізатара, бо “Лідар” не разлічаны на вялікую колькасць дзяцей, менш за 100 на змене. Фактычна выконваю абавязкі і старшага выхавальніка. Мне падабаюцца новыя ўражанні, пазітыў і энергія, якія ідуць ад дзяцей. Падабаецца лідарскі вайб і наш калектыў. Многія тут доўгі час працуюць, некаторыя сённяшнія калегі раней былі выхаванцамі “Лідара”, ёсць нават некалькі дынастый. Па дзецях прывяду проста лічбу. Штогод пасля аздараўленчай кампаніі раблю сабе выбарку: колькі выхаванцаў прыязджала ў лагер упершыню, другі раз, больш за два разы. Згодна са статыстыкай, захава­насць дзіцячага кантынгенту ў нас складае 81% — каментарыі, лічу, непатрэбныя. Прырода цудоўная, месца гістарычнае, атмасфернае. Мне падабаецца тут усё. Хоць работа 24 на 7, але я сапраўды душой адпачываю ў нашым лагеры, набіраюся сіл, і мне камфортна.

— Назва абавязвае: на якіх прыкладах выхоўваеце ў дзецях лідарскія якасці?

— Гэта тэма асобнай вялікай размовы. На гістарычных, без­умоўна.

Цяперашняя другая змена ў нас называецца “Раўненне на герояў!”. Мы шануем подзвіг абаронцаў Айчыны — воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў, якія змагаліся з фашысцкай навалай у гады Вялікай Айчыннай вайны. Многа ўвагі ўдзяляем гісторыі Віцебшчыны і Бешанковіцкага раёна. Пяцёра яго ўраджэнцаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Іх імёны сёння прысвоены школам, у тым ліку імя Канстанціна Абазоўскага носіць Астровенская сярэдняя школа, якая знаходзіцца недалёка ад лагера, мы цесна супрацоўнічаем. У назве яшчэ адной школы ўвекавечана імя славутага грузінскага паэта-воіна Мірзы Гелавані — таксама яркі прыклад. Зусім побач з “Лідарам” — праваслаўны храм Святой Тройцы, помнік архітэктуры. Іерэй Андрэй у нас часты і жаданы госць. Ён право­дзіць гутаркі з дзецьмі, на пачатку змен асвячае лагер. Выхаванцы па жаданні наведваюць службы. Штогод да нас прыязджаюць вядомыя ў вобласці і краіне сучаснікі. У кнізе нашых ганаровых гасцей — старшыня Бешанковіцкага райвыканкама Галіна Унуковіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Бабічаў (на час візіту ён быў лідарам абласной арганізацыі БРСМ), начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома і многія іншыя цікавыя асобы. Мы кожнаму шчыра ўдзячны, бо гэта выдатны арыенцір для пад­растаючага пакалення з магчымасцю для ўдзель­нікаў сустрэчы задаць аўтарытэтнаму даросламу хвалюючае пытанне. Нашы выхавальнікі для дзяцей — несумненны прыклад і арыенцір.

Складнікі поспеху

— Якая ваша кваліфікацыйная катэгорыя, калі не сак­рэт?

— Адкажу ў традыцыях КВЗ: я кавалер трох вышэйшых кваліфікацыйных катэгорый — настаўніка, педагога-арганізатара і метадыста.

— У вас адметны і каштоўны прафесійны вопыт. Дзеліцеся здабыткамі з калегамі?

— Абавязкова. У прыватнасці, супрацоўнічаю з Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі: праводжу семінары, чытаю лекцыі на курсах павышэння кваліфікацыі. Хаця для мяне лекцыя — гэта інтэрактыў, а не прачытаў і развітаўся. Важны абмен уражаннямі і, галоўнае, ведамі. Калегі збіраюцца з розных рэгіёнаў, мы параўноўваем падыходы, і часам я сама вучуся, укараняю эфектыўныя знаходкі ў сваю практыку. Прыемна, калі па заканчэнні заняткаў людзі падыходзяць і дзякуюць, бо рэальна атрымалі карыснае для сваёй работы.

— Якія з лідарскіх якасцей, на вашу думку, вызначальныя?

— Здольнасць да аналізу, рашучаць і гатоўнасць адказваць за прынятыя рашэнні. Трэба ўліч­ваць інтарэсы кожнага і ўсёй каманды, мець уласнае меркаванне і сілу яго адстойваць. Талент генерыраваць ідэі і захапляць імі паплечнікаў. Надзейнасць, каб каманда была ўпэўнена, што гэты чалавек ніколі не падвядзе. Лідар не можа быць бесхрыбетным: неабходны моцны ўнутраны стрыжань.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара