Водар старажытнай кветкі

- 12:26Дадатковая адукацыя

Пяць гадоў назад апантанасць беларускай культурай прывяла Эльвіру Бараноўскую да заснавання гурта “Арацэя”. Праз тры гады дзяўчына пайшла далей — стварыла яшчэ і гурт “Арацэечка” на базе сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “АРТ”. Гісторыі абодвух калектываў вы пачуеце з вуснаў самой Эльвіры Сяргееўны.

Аналаг папараць-кветкі

“Калі я вырашала, куды паступаць, разглядала два напрамкі: акадэмічны хор і народны. Мяне ўгаворвалі пайсці на другі, бо гэта вельмі пазітыўны, крэатыўны хор, у якім, акрамя спеваў, можна і патанцаваць, і павесяліцца, і праявіць актыўнасць. На ім і спынілася”, — расказвае педагог.

Эльвіра Бараноўская нарадзілася ў Наваполацку і вучыцца вырашыла там жа. Паступіла ў дзяржаўны музычны каледж на спецыяльнасць “Дырыжыраванне (народны хор)”. Такі выбар яна зрабіла невыпадкова: у сям’і ўжо былі музыканты. “Мая бабуля спявала ў акадэмічным хоры Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Віктара Уладзіміравіча Роўды, потым выкладала (і выкладае дагэтуль) у Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы. Я пайшла па яе слядах, бо яна заўсёды была для мяне прыкладам”, — прызнаецца Эльвіра Сяргееўна. У сваёй бабулі яна не вучылася, але з павагай расказвае пра прафесіяналізм і моц педагагічнага складу каледжа: “Тыя людзі, якія вучылі мяне і маіх сяброў, — гэта тытаны, на якіх стаяў наш каледж. Яны далі нам шмат ведаў, якія цяпер мы перадаём сваім навучэнцам”.

Эльвіра Бараноўская.

Пасля каледжа Эльвіра Бараноўская працягнула навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Менавіта гэтая ўстанова вывела на новы ўзровень любоў педагога да нацыянальнай культуры. “Захапленне беларускімі традыцыямі ўзнікла дзесьці на 2 курсе, калі нам давалі больш грунтоўныя веды па нацыянальных спевах, аўтэнтычных строях. Тады ж я пачала захапляцца і рознымі музычнымі інструментамі. Першай была акарына (старажытны духавы музычны інструмент у выглядзе глінянай свістковай флейты, мае авальную форму, ёсць свістковае прыстасаванне і 8—10 ігравых адтулін. — Заўв. аўт.). Цяпер, акрамя таго, што спяваю, іграю на ўсіх духавых інструментах”.

У 2015 годзе пачаў сваю дзейнасць этнічны гурт “Арацэя”. Эльвіры Сяргееўне хацелася выступаць не толькі ў калектывах установы, дзе яна працавала, а стварыць нешта сваё. Яна падключыла да гэтай справы сяброў і мужа, праўда, спачатку яны збіраліся як аматары. З цягам часу калектыў перайшоў на прафесійны ўзровень: больш глыбока займаліся аранжыроўкай песень, спрабавалі зрабіць іх сучаснымі, каб музыка знайшла сваіх слухачоў сярод моладзі. Іх творы — песні, прымеркаваныя да каляндарна-земляробчага кола (пра Каляды, Масленіцу, Купалле, Русальны тыдзень і г.д.). “Зараз мы рухаемся больш у поп-музыку, але захоўваючы традыцыі і беларускія тэксты, — гаворыць Эльвіра Бараноўская. — Выкарыстоўваем розныя інструменты. Ёсць і ірландскі інструмент бузукі (сумесь гітары і мандаліны), і перкусія, тут жа беларускія цымбалы і беларуская дуда. Атрымліваецца такая калабарацыя інструментаў і стыляў. Калі ў нас праходзяць вялікія канцэрты, мы запрашаем на іх вельмі разнастайную публіку. Разам з намі могуць адпачываць дзеці з “Арацэечкі” і іх бацькі, маладыя і сталыя людзі, якім падабаецца наша творчасць. Мы робім музыку адкрытай для ўсіх”.

Адкуль пайшла назва гурта і што яна ўвогуле значыць? Прыдумаць нешта простае, але запамінальнае і не падобнае да іншых, — справа складаная, але часам на дапамогу прыходзіць выпадак. “Аднойчы на фестывалі мы ўбачылі незвычайнае ўпрыгажэнне. Гэта было сонейка з закручанымі праменьчыкамі. Даведаліся, як гэта называецца, аказалася: арацэя. Такую ж назву носіць і старажытная кветка. Гучыць прыгожа. Для нас арацэя з’яўляецца магічным сімвалам, можа, чымсьці падобным да беларускай папараць-кветкі”.

Дзіцячае адгалінаванне

Этнічны гурт “Арацэечка” аб’яднаў вучняў 2—5-х класаў. Амаль усе з беларускамоўнай гімназіі № 9, таму і дзеці, і іх бацькі вельмі зацікаўлены ў занятках. Гурткоўцы вывуча­юць нацыянальныя традыцыі, займаюцца харавымі спевамі, народнымі побытавымі танцамі, іграюць на простых музычных інструментах, ставяць невялікія тэатральныя пастаноўкі і, як сапраўдныя дзеці, гуляюць у гульні. Іх яны любяць больш за ўсё. “Гульні — гэта шанс для выхаванцаў і паспяваць, і патанцаваць, і пагуляць. Больш за ўсё ім падабаюцца “Грушка” і “Магічная падушка”. “Грушка” — гэта нешта накшталт даганялак. Дзеці становяцца ў кола, выбіраюць у цэнтры “грушку” і вакол яе во­дзяць карагоды. “Грушка” павінна расці (“Вось такой вышыні, вось такой шырыні”), танца­ваць, скакаць, а потым усіх даганяць. Той, каго яна дагнала, становіцца наступнай “грушкай”. Без гэтай гульні не праходзяць ніводныя заняткі. Яшчэ ў нас ёсць гульня “Магічная падуш­ка”. Дзеці становяцца ў кола, спяваюць песню, а вода ходзіць унутры кола з падушачкай. На кім песня спыняецца, той заходзіць у кола да воды, становіцца з ім каленямі на падушку, і яны абдымаюцца тры разы. Гістарычна гульня больш падыходзіла для дарослых, бо як было раней з дзяўчынай пазнаёміцца? Якраз падчас падобных гульняў”.

Дзеці ўжо даўно вызначыліся і з любімымі песнямі. Адна з іх пра кірмаш. Па сюжэце, хтосьці пайшоў на кірмаш, дзе адбываліся цікавыя рэчы: і дзед бабу за шклянку павідла прадаў, і хлопцы дзяўчат выбіралі, але нікога не выбралі і ўсе грошы патрацілі ў карчме, і яшчэ шмат неспадзяванага. Гурткоўцам падабаецца гэты вясёлы тэкст, ён хутка запамінаецца. “Сёлета мы дабавілі ў рэпертуар і больш складаныя творы з раздзела беларус­кай кантавай культуры. Канты — гэта песні, прысвечаныя нараджэнню Ісуса Хрыста. Іх мы выконвалі на Каляды ў царкве аграгарадка Бараўляны. Думаю, гэты напрамак будзем развіваць і далей, бо такім чынам дзеці далучаюцца да духоўнасці. Нядаўна ў нас быў цікавы эксперымент: мы вывучылі невялічкі кавалак песні на лацінскай мове. Да таго ж спрабуем спяваць двухгалоссем. Выхаванцаў гэта захапляе, бо ў такім выпадку трэба думаць, запамінаць і самастойна нешта рабіць, а не проста падпяваць за кіраўніком”, — расказвае Эльвіра Сяргееўна.

Творы для спеваў яна ў асноўным бярэ з падручнікаў Тамары Варфаламеевай і Зінаіды Мажэйка. Часам прапануе дзецям для выканання тое, што яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце знайшла ў фальклорнай экспедыцыі. “Я ездзіла ў вёску Варонічы, што на Полаччыне. Там пазнаёмілася з бабуляй 88 гадоў. Яна праспявала некалькі песень, якія потым знайшлі сваё месца ў творчасці “Арацэі” і “Арацэечкі”.

Летась дзіцячы этнічны гурт ладзіў шмат канцэртаў у гімназіі № 9. Эльвіра Сяргееўна разам з выхаванцамі прадумвалі ідэю выступлення, пісалі сцэнарый і былі рэжысёрамі. “Самы яркі ўспамін — гэта наш першы канцэрт. Мы выйшлі на сцэну, адспявалі, і я адчула, што гэта падабаецца дзецям і бацькам. Гэта адначасова і момант станаўлення нашага калектыву, і самы запамінальны момант. Яшчэ было шмат эмоцый ад кірмашовай пастаноўкі. У нас было мала часу, але шмат работы. Гэтыя ўспаміны пра падрыхтоўку, калі касцюмы шыліся ноччу, застануцца назаўсёды. Тады ўсе пачуцці змяшаліся: і стомленасць ад працы, і асалода ад яе вынікаў”, — дзеліцца эмоцыямі Эльвіра Сяргееўна.

Штогод “Арацэечка” ўдзельнічае ў праваслаўным фестывалі хрысціянскіх культур “Траецкі фэст”, а ў хуткім часе збіралася паехаць яшчэ і на конкурс у Польшчу, але пакуль гэтыя планы прыдзецца адкласці. Затое беларускім гледачам больш дастанецца. На сцэну гурткоўцы заўсёды выходзяць у беларускіх нацыянальных строях. Дзяўчынкі асабліва гэта любяць. Эльвіра Сяргееўна часта бачыць іх сэлфі ў незвычайным адзенні ў сацыяльных сетках. “Яны глядзяць, з якім задавальненнем я нашу гэтыя кашулі і спадніцы, і робяць гэтак жа”, — гаворыць кіраўнік.

З самага пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці Эльвіра Сяргееўна вырашыла, што будзе для сваіх выхаванцаў сябрам. Салістка “Арацэі” разважае так: дзеці могуць сабе дазволіць падвесці дарослага, бо яшчэ цалкам не сфарміравалі ў сабе адказнасць, але сябра яны не падвядуць. “У нас ёсць нефарматныя, так бы мовіць, тусоўкі, куды мы прыносім іншую музыку, робім салодкі стол для дзяцей і бацькоў, апранаемся ў тэматычныя касцюмы і адпачываем. Але ў канцы гэтага невялічкага свята дзеці ўсё роўна спяваюць песню пра кірмаш”. (Смяецца.)

Дружна і далей

Магчыма, у будучыні “Арацэя” разам з “Арацэечкай” змогуць ствараць агульныя аўтарскія праекты. Падобны вопыт ужо быў, толькі ў іншым месцы. “Арацэя” разам з выхаванцамі Эльвіры Бараноўскай ладзілі музычна-тэатральныя імпрэзы. Напрыклад, зрабілі пастаноўку “Русальны тыдзень”. Гэта было такое магічнае фолк-шоу, дзе выступоўцы выконвалі абрад, спявалі, танцавалі, ігралі, як сапраўдныя акцёры, пад музыку гурта. “Гэта быў вельмі цікавы вопыт. Магчыма, калі цяперашні склад “Арацэечкі” пад­расце, можна будзе зноў паспрабаваць зрабіць штосьці падобнае”, — прызнаецца Эльвіра Сяргееўна.

Часам дзеці, якія пачынаюць хадзіць у нейкі гурток яшчэ маленькімі, закідва­юць справу. Мяняюцца іх інтарэсы, не хапае часу і г.д. Эльвіра Бараноўская ў гэтым пытанні аптымістка: яна верыць, што любоў яе выхаванцаў да беларускай культуры з гадамі не знікне. “Я раней працавала з народным хорам у Бараўлянах і назірала за станаўленнем тых, хто пачаў займацца маленькімі. Яны гэтае захапленне не страцілі. Заняткі з ранняга ўзросту — гэта плюс, а не мінус, таму што дзеці прывыкаюць да педагога, да спеваў, да танцаў, потым яны проста без гэтага не могуць. Першыя мае выхаванцы, з якімі я працавала ў 2011 годзе, і цяпер са мной на сувязі. Так, на пастаноўцы “Русальны ты­дзень” чатыры мае былыя выхаванкі прыехалі і падтрымалі нас”.

Творчасць, стварэнне чагосьці тут і зараз — тое прыемнае, што бярэ ад сваёй працы Эльвіра Сяргееўна. Магчыма, яе маленькія гурткоўцы пакуль не за гэта любяць заняткі, але з часам і яны змогуць адчуць чароўную энергію свайго кіраўніка і калектыву.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Э.С.Бараноўскай.