Вучні Артура Драздоўскага ствараюць робатаў і займаюць лідзіруючыя месцы ў спаборніцтвах па робататэхніцы

- 9:00Главная, Образование, Факультатив

Чым цікавым і карысным заняць вучняў, каб дапамагчы ім стаць паспяховымі і навучыць прымяняць тэхналогіі ў рэальным жыцці? Адказ на гэтае пытанне дакладна ведае настаўнік інфарматыкі гімназіі Беразіна Артур Драздоўскі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Формула поспеху

Сусвет Артура Уладзіміравіча — яго прафесія. Ён з тых, хто прыйшоў у альма-матар двойчы: спачатку вучнем, а праз шмат гадоў — настаўнікам. У 2010-м скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, адпрацаваў у Мінску па размеркаванні, настаўнічаў у Капланецкай і Гарэніцкай школах і ўжо восем гадоў выкладае інфарматыку ў гімназіі Беразіна, чацвёрты год займаецца з дзецьмі робататэхнікай.

Маючы багаты прафесійны вопыт, Артур Уладзіміравіч вывеў уласную формулу поспеху, у якой надзвычай важным складнікам лічыць выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій. Яго вучні ствараюць робатаў і займаюць лідзіруючыя месцы ў спаборніц­твах па робататэхніцы.

— Іх уменне працаваць у камандзе, падтрымка бацькоў і педагогаў, настойлівасць прынеслі ўражальныя вынікі: перамогі ў Кубку адукацыйнай робататэхнікі, рэспубліканскім робататурніры, адкрытым ІТ-чэмпіянаце “РобІн”, Мінскім адкрытым робататурніры з міжнародным удзелам, — расказвае дырэктар гімназіі Мікалай Дубовік. — Толькі за мінулы навучальны год нашы робатабудаўнікі заваявалі дзесяць дыпломаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах. У дзяцей гараць вочы, яны гатовы праца­ваць нават у вольны час, і гэта найлепшы паказчык таго, што іскра цікавасці да тэхнічных навук у іх запалена.

Сапраўды, часам трэба проста адчы­ніць дзверы ў свет рэальных спраў — і дзеці здзі­вяць сваімі магчымасцямі. У верасні 2022 года ў гімназіі пачаў функцыянаваць STEM-цэнтр, які пры падтрымцы раённага аддзела адукацыі і кіраўніцтва райвыканкама з 2024-га стаў інжынерна-тэхнічным цэнтрам з адпаведным абсталяваннем, адукацыйнымі канструктарамі. Тут Артур Драздоўскі праводзіць факультатыўныя заняткі “Асновы робататэхнікі”.

— Падчас летняга аздараўлення ў 2023 годзе ў нас была магчымасць паназіраць, як дзеці канструявалі робатаў, задавалі ім праграмы дзеянняў, выпрабоўвалі сабраную тэхніку. Азарту на такіх занятках хапіла ўсім. У выніку з ліку гімназістаў сфарміравалася група энтузіястаў, якія адкрылі для сябе займальны свет праграмавання і робататэхнікі. У гэтым годзе робататэхнікай пачалі займацца нават малодшыя вучні, — падкрэ­слівае Артур Уладзіміравіч. — Дзеці паспяхова асвойваюць асновы праграмавання, робататэхнікі, інжынерных навук, вучацца 3D-мадэляванню і развіваюць іншыя тэхнічныя на­выкі.

У сплаве навук

— Робататэхніка без інфарматыкі, фізікі і матэматыкі існаваць не можа, — разважае навучэнка 9 класа Кіра Абібко, — бо трэба не толькі сабраць канструктар, але і напі­саць праграму, задаць хуткасць.

А гэта ўжо, як вядома, кансалідацыя навук. Дарэчы, заняткі сталі асаб­ліва папулярнымі ў вучняў сярэдняга звяна. У ліку юных робатабудаўнікоў як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. Так, па выніках турніру ў намінацыі “Праходжанне па лініі. Адукацыйныя канструктары” каманда “Робат 1” Кіры Абібко і Лізаветы Свірыдзенка заняла 1-е месца, каманда Дар’і Вярбіцкай і Паліны Ермаловіч атрымала дыплом ІІ ступені. Як рыбы ў вадзе адчуваюць сябе ў робататэхніцы навучэнцы 7 класа Міхаіл Лапцёнак, Уладзіслаў Рамановіч і Дзяніс Вайцяховіч. Іх каманда “ВіМ” — пераможца трэцяга і пятага сезонаў Кубка па адукацыйнай робататэхніцы Мінскай адкрытай лігі робататэхнікі.

— Мы выбралі класічную задачу — рух па лініі, — тлумачыць Артур Уладзі­міравіч. — На спаборніцтве прапаноўваецца траса ў выглядзе намаляванай на белым палатне чорнай лініі, якая можа перасякацца, праламляцца. Робаты павінны бачыць гэтую лінію і праехаць па ёй праз усе павароты. Пераможа той, хто праедзе маршрут хутчэй за ўсіх.

За гэтым поспехам стаяць не толькі магчымасці “высокага розуму”, але і вялікая работа педагога і яго вучняў. Як расказваюць самі ўдзельнікі спаборніцтваў, каб робат добра праехаў, трэба ўлічыць мноства фактараў, параметраў і нюансаў: нахіл канструкцыі, баланс масы, сілу трэння, часам нават супраціўленне паветра. Уздзеянне некаторых фактараў даводзіцца правя­раць эксперыментальным шляхам. Каб “наву­чыць” свайго робата рухацца ў патрэбным напрамку, юныя канструктары карыстаюцца сістэмай візуальна-графічнага праграмавання — самым простым, па іх словах, спосабам. А як вядома, з простага пачынаецца вялікае.

— Усе наведвальнікі факультатыву “Асновы робататэхнікі” эрудзіраваныя і рознабакова развітыя, ма­юць здольнасці не толькі да дакладных навук. Сур’ёзнасць іх намераў і працавітасць здзіўляюць, — з гордасцю гаворыць пра сваіх вучняў Артур Уладзіміравіч. — Асабліва радуе, што ім хочацца ствараць штосьці карыснае. А яшчэ яны вельмі начытаныя. У нас склалася традыцыя: пасля кожных спаборніцтваў ходзім у кнігарню.

Будучыня ўжо сёння

Бярэзінскія аматары робататэхнікі захап­ляюцца фантастыкай і пра магчымасці робатаў у найбліжэйшай перспектыве разважаюць крэатыўна, удумліва і прадбачліва. На іх думку, у людзей з’явіцца больш часу на самаразвіццё і раскрыццё свайго патэнцыялу, а ў робататэхнікі — вялікія перспектывы ў машынабудаванні, авіяцыі, медыцыне, лагістыцы і нават сельскай гаспадарцы заўтрашняга дня. Ва ўсе гэтыя галіны патрэбны будуць спецыялісты, чые першыя веды аб робататэхніцы атрыманы ўжо сёння ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі.

— Няма мяжы дасканаласці, як і праца­здольнасці гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак, — гаворыць педагог. — Яны зараджаны на веды і адкрыцці, з часам ім будзе па сілах і прамысловае праграмаванне. А яно дазволіць ствараць нешта новае, чым будуць карыстацца ўсе.

— І што далей? — цікаўлюся ў педагога.

— Толькі ўдасканальвацца! — адказвае Артур Уладзіміравіч. — Наперадзе ў гімназістаў — удзел у чарговых спаборніцтвах, а таксама вучоба і практычнае прымяненне атрыманых ведаў. Спадзяюся, дзякуючы падтрымцы калег, кіраўніцтва ўстановы, аддзела адукацыі, органаў мясцовай улады, бацькоў навучэнцаў, выйдзем на новы ўзровень робатабудаўніцтва, паўдзель­нічаем у тэхнічных конкурсах і заахвоцім гэтай карыснай справай яшчэ больш гімназістаў.

У тым, што ў педагога гэта (і многае іншае!) атрымаецца, няма сумненняў. У чалавека, які жыве сваёй справай, інакш проста не можа быць.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота аўтара