Вучыць дзяцей працаваць з маленства — значыць прывіваць ім любоў да роднага краю, упэўнена Таццяна Атрушкевіч

- 12:10Персона

Пра дырэктарскія будні і новыя напрамкі кіраўніцкай дзейнасці расказвае карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”  Таццяна Атрушкевіч, дырэктар Плешчаніцкай сярэдняй школы № 2 Лагойскага раёна.

Сад надзеі

— Год добраўпарадкавання для мяне не мае мяжы, я ўспрымаю гэты кірунак як адзін з самых значных у сваёй дзейнасці, у вучэбнай і выхаваўчай рабоце, — расказ­вае Таццяна Анатольеўна Атрушкевіч. — Хочацца з навучальнай установы зрабіць прывабны, утульны дом, які будзе прыносіць радасць дзецям і педагогам.

Многія расліны тут вырошчваюцца ў гаршках на металічных стойках. Сапраўдным упрыгажэннем школы стаў сад надзеі з фруктовых дрэў. Яны яшчэ маладзенькія, але гэтай восенню пачалі плоданасіць. Школа пастаянна ўдзельнічае ў конкурсах па добраўпарадкаванні і азеляненні, мае шмат узнагарод. Назва рэспубліканскага праекта “Упрыгожым Беларусь кветкамі” стала лозунгам навучальнай установы, якая выхоўвае ў дзецях адказнасць, працавітасць, адкрывае магчымасці для іх самарэалізацыі.

— Дзеці ў невялікім пасёлку больш адкрытыя і шчырыя, — мяркуе дырэктар. — Яны заўсёды навідавоку як у навучальнай установе, так і за яе межамі. Бывае, сустрэнеш сваіх выхаванцаў пасля школы яшчэ шмат разоў: хтосьці ім­чыць на веласіпедзе ў магазін, нехта схіліўся над градамі ў агародзе разам з маці. У нас тут у асноўным прыватныя дамы з зямельнымі ўчасткамі, і дзеці прывучаны дапамагаць бацькам. Таму, калі мы сталі акультурваць школьную тэрыторыю, вучняў не прыйшлося ўгаворваць дапамагчы. Яны з радасцю ўзяліся за справу і спрытна арудавалі рыдлёўкай, матыкай, бо спазналі працу на зямлі з маленства.

Гуляем у футбол

Школе амаль 70 гадоў, і яе будынак патрабуе пастаяннага клопату. Дзеці з атрадаў другаснай занятасці разам з педагогамі добра папрацавалі летам, зрабілі касметычны рамонт, устанавілі вучэбнае абсталяванне. І сёння школа радуе сваім выглядам як звонку, так і ўнутры. Дырэктара непакоіла толькі тэрыторыя, якая знахо­дзілася за школай. Яна была ў запусценні і “прасілася” стаць прыстойным месцам. Таццяна Анатольеўна прыняла рашэнне стварыць там футбольнае поле, і ў хуткім часе пры падтрымцы раённай улады, упраўлення па адукацыі гэты спартыўны аб’ект быў пабудаваны. Цяпер там праходзяць школьныя і раённыя спаборніцтвы, а таксама разнастайныя мерапрыемствы. Пры стварэнні футбольнага поля дзеці дапамагалі з энтузіязмам, а цяпер ганарацца, што ўдзельнічалі ў такім праекце.

Як толькі адкрылі футбольнае поле, быў распачаты праект “Гуляем у футбол”. Пад кіраўніцтвам настаўніцы фізкультуры Аксаны Пятроўны Ляхновіч пачаткоўцы зай­маюцца футболам пасля ўрокаў. Гульні праходзяць і па суботах, таму дзецям ёсць чым заняцца ў вольны час. У працяг спартыўнай тэмы сёлета ў школе быў адкрыты клас вольнай барацьбы, у якім з задавальненнем займаюцца пяцікласнікі. Кіраўніком спартыўнага класа стала трэнер з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Плешчаніц Вольга Аляксандраўна Усцін.

Выхаванню патрыятычнага духу, гордасці за свой край спрыяюць і рэс­публіканскія акцыі ў рамках праекта “Я патрыёт сваёй краіны”, у якім навучэнка 11 класа Улада Вільтоўская стала пераможцай раённага і абласнога этапаў. У школе створана сцяганосная група, школьнікі ўдзельнічаюць у патрыятычных акцыях “Зарніца”, “Зарнічка”. Зямля Плешчаніц — сведка страшных ваенных падзей, тут створаны мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Дальва”. Навучэнцы школы разам з педагогамі ўшаноўваюць памяць аб бязвінных ахвярах вайны і рэгулярна наведваюць гэтыя помнікі.

Рэалізаваць ідэю? Лёгка!

Як мяркуе Таццяна Анатольеўна, дырэктарства — гэта не толькі кантроль за складаннем раскладу, размеркаванне гадзін паміж настаўнікамі, работа з дакументацыяй, вырашэнне гаспадарчых і эканамічных пытанняў. Быць дырэктарам — значыць быць практыкам у арганізацыі адукацыйнага працэсу, ведаць змест навучання, методыку выкладання, шукаць шляхі павышэння эфектыўнасці і якасці настаўніцкай дзейнасці.

— Немагчыма паспяхова кіраваць установай, калі ты не маеш вопыту работы настаўнікам. Прафесійныя здабыткі педагога дапамагаюць кіраваць не толькі вучнямі, але і педагагічным калектывам, — лічыць Таццяна Ана­тольеўна. — Я ў свой час скончыла Барысаўскі педагагічны каледж, працавала настаўніцай пачатковых класаў, а потым удасканальвала свае прафесійныя навыкі ў БДПУ імя Максіма Танка. Вельмі люблю дзяцей, і мне падабаецца іх ву­чыць. Прыцягваюць іх энергетыка, дапытлівыя вочы, вясёлы нораў і пастаянныя пытанні. З вучнямі ты заўсёды ў тонусе і павінен быць на вышыні, каб заваяваць у іх аўтарытэт. Так і ў кіраўніцкай дзейнасці.

Каб выхоўваць дзяцей дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны, працаўнікамі, трэба ведаць, што ім блізка і цікава, — тады сцяжынку да іх душы знайсці будзе няцяжка.

З таго часу, калі Таццяна Ана­тольеўна працавала ў Плешчаніцкай школе настаўніцай, і да яе дырэктарства калектыў педагогаў амаль не змяніўся. Ёй не прыйшлося нешта даказваць, дэманстра­ваць: яе добра ведаюць як сапраўднага прафесіянала. Застаецца толькі замацоўваць у сваім характары лідарскія якасці. У гэтым ёй дапамагае Галіна Яўгенаўна Кунцэвіч, якая раней кіравала ўстановай, а зараз працуе настаўніцай хіміі і біялогіі. Ад яе Таццяна Анатольеўна многаму навучылася: усе дзеянні выконваць прадумана, лічыцца з меркаваннем педагогаў і бацькоў, быць паважлівай, стрыманай і заўсёды настройвацца на станоўчы вынік. Ёй ад прыроды ўласцівы адказнасць, дысцыплінава­насць, прыстойнасць. Сёння Таццяна Анатольеўна імкнецца быць усебакова адукаванай, вывучае інфармацыйныя тэхналогіі, а на курсах павышэння кваліфікацыі разам з калегамі асвойвае сучасныя падыходы да арганізацыі навучання.

— Хочаш атрымаць высокі вынік у дзейнасці свайго калектыву — будзь прыкладам і аб’яднай настаўнікаў адной справай як у навучанні, так і ў выхаванні школьнікаў, — дзеліцца меркаваннем дырэктар. — Мы сумесна ўпрыгож­ваем школьную тэрыторыю, са­джаем дрэвы, займаемся спортам, удзельнічаем у шматлікіх праектах, выхаваўчых акцыях і заўсёды разам са сваімі выхаванцамі.

Цяпер педагагічны калектыў працуе над інавацыйным праектам па ўдасканаленні зместавага напаўнення навучання. Таццяна Анатольеўна ганарыцца сваёй камандай аднадумцаў. Сярод іх яе намеснікі Т.І.Камлева, В.С.Кароль, настаўнікі рускай мовы і літаратуры ­М.М.Церах і Л.М.Курбатава, беларускай мовы і літаратуры — М.П.Папковіч, матэматыкі — І.А.Дзярабіна,Т.М.Сташкевіч, біялогіі і геаграфіі — І.А.Зык, педагог-­арганізатар Э.Э.Сан-да, настаўнік-дэфектолаг ­А.П.Цішкевіч, настаўнікі пачатковай школы Л.В.Фядотка, І.Е.Бурая, С.А.Варабей, Н.І.Васільева, І.С.Варонька, А.М.Пястрак.

У гэтым годзе два маладыя спецыялісты былі размеркаваны ў школу: А.Калтовіч — настаўнікам пачатковых класаў, а Д.Пацалуйка — настаўнікам англійскай мовы. Цяпер яны выкладаюць свае прадметы і вядуць класнае кіраўніцтва. Ужо 3 гады працуюць у школе яшчэ два размеркаваныя спецыялісты. Усім маладым педагогам прадастаўляецца арэнднае жыллё, некаторыя абзавяліся сем’ямі. Безумоўна, іх заахвочвае добразычлівая, камфортная атмасфера ў навучальнай установе.

Паважаць дзіця з маленства

— Калі любіш дзяцей, сваю працу, маеш унутранае жаданне прысвяціць сябе педагогіцы і паспяхова рэалізоўваеш усе свае памкненні, то ты сапраўдны педагог, адзначае Таццяна Атрушкевіч.

Мінулы навучальны год прынёс установе добрыя вынікі. З 13 выпускнікоў школы 9 чалавек па мэтавым накіраванні паступілі ва ўніверсітэты і 4 — у сярэднія спецыяльныя ўстановы. Была ў дырэктара і асабістая радасць: яе сын перамог на заключным этапе Рэс­публіканскай алімпіяды па гісторыі і, скарыстаўшыся прадастаўленай дзяржавай магчымасцю, без экзаменаў паступіў на гістарычны факультэт БДУ.

— Многія бацькі і калегі мяне віншавалі, шчыра ганарыліся маім сынам і прасілі падзяліцца сакрэтам, як захапіць вучобай сваё дзіця, — расказвае Таццяна Ана­тольеўна. — Калі мы ехалі разам з сынам на заключны этап алімпіяды, я адчувала, як ён хвалюецца. Я ціха шаптала, што люблю яго, і гэта важней за ўсё. Тым самым паказала, што веру ў яго. І гэтага хапіла, ён выйграў…

Любіце дзяцей, будзьце на адной хвалі з імі, не аддаляйцеся ад іх, а больш размаўляйце, наладжвайце даверлівыя зносіны, паважайце іх з маленства! Гавару гэта педагогам і бацькам маіх вучняў, з якімі пастаянна на сувязі. І спадзяюся, што яны мяне чуюць.

 Ала КЛЮЙКО
Фота аўтара