Вясёлыя працоўныя канікулы

- 12:18Адукацыйная прастора

Брэсцкая вобласць, Столінскі раён, магутная рака Гарынь, а на ёй старажытны Давыд-Гарадок, які заўсёды шчыра, сардэчна прымае гасцей. Цяпер яго вуліцы, плошчу і дамы прыхарошваюць, горад дзень за днём робіцца прыгажэйшым, святлейшым. Ён будзе цэнтрам сёлетніх абласных Дажынак.

У гэтай вялікай працы прымаюць актыўны ўдзел настаўнікі і вучні школ, маладзёжныя арганізацыі, культурныя цэнтры. У сярэдняй школе № 2 Давыд-Гарадка цудоўны музей, дзе прадстаўлены народны побыт, строі роднага краю. Дзякуючы раздзелу “Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне”, навучэнцы пазнаюць, як і якой цаной іх продкі здабывалі перамогу.

А 1-я школа гатова паказаць тэатралізаванае прадстаўленне з маскамі, якія вырабляюць сваімі рукамі настаўнікі і вучні. Цяпер тут рэпеціруюць цудоўны спектакль. Галоўнае, як вучні і настаўнікі з гонарам расказваюць аб сваіх дасягненнях у вучобе, падрыхтоўцы да абласных Дажынак.

Вось група дзяўчат і хлопцаў з адной і другой школы ідуць з рыдлёўкамі, граблямі, каб унесці свой уклад ва ўпрыгожванне горада. Другая група прыйшла да гарадскога Дома культуры, каб пад кіраўніцтвам Міхаіла Шыкунца, дырэктара ўстановы, упрыгожыць пляцоўку народнай традыцыйнай культуры “Давыд-гарадоцкія дранікі-бульбянікі”. Ужо гатовы сцэнарый, а навучэнцы школ прымуць удзел у вялікім карагодзе “Багацей, Беларусь. Прыгажэй, мая Брэстчына”. Выступіць на пляцоўцы святочных Дажынак рыхтуюцца ўдзельнікі Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Аб’яднанне па інтарэсах “Музычны капеж” развучвае і тэатралізуе песню з падтанцоўкай “Дранікі-бульбянікі”. А ветэран культуры з вёскі Вялікія Арлы Васіль Пятровіч Антановіч сам развучвае новую кадрылю і вырабляе музычныя драўляныя трашчоткі для дзіцячых устаноў творчасці.

Клопату ў старшыні гарвыканкама Вячаслава Стадніка, яго намесніка Валерыя Кавальца, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый горада шмат, але радуе тое, што ўсе жыхары ад малога да вялікага неабыякавыя, кожны робіць свой уклад, каб свята і горад спадабаліся гасцям і жыхарам. І ў гэтай справе навучальныя ўстановы Давыд-Гарадка прымаюць самы актыўны ўдзел.

Мікола КОТАЎ,
рэжысёр народнай пляцоўкі.
Фота Ірыны АЛЯКСАНДРАВАЙ.