Алена Валяватая — выхавальніца, якой хочацца даверыць сваіх дзяцей. Яна працуе ў дзіцячым садзе № 2 Хойнікаў, дзе кожны дзень напоўнены радасцю і клопатам пра малышоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Алена Валяватая вось ужо 36 гадоў дорыць сваім выхаванцам пазітыў і веды.
— 30 гадоў працую ў 2-м дзіцячым садзе, час ляціць імкліва. Гавару пра гэта, а перад вачыма ўзнікаюць вобразы маіх выхаванцаў мінулых гадоў, нібы ў старых фільмах, — усміхаецца яна, успамінаючы шлях ад 18-гадовага маладога спецыяліста да вопытнага педагога.

Па яе прызнанні, яна зрабіла ўсвядомлены выбар прафесіі яшчэ ў дзяцінстве:
— Для мяне настаўнікі заўсёды былі прыкладам і аўтарытэтам. Напэўна, гэта адыграла сваю ролю. Калі паступала ў Гомельскае педагагічнае вучылішча, мне прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў дашкольнай адукацыі. Пасля заканчэння вучобы вярнулася ў родную вёску Навасёлкі і першыя гады працавала ў суседняй вёсцы Рудная ў дашкольнай установе выхавальнікам. З гэтай вёскай звязаны цёплыя ўспаміны: там я вучылася і вучыла любові да свайго краю. У 1995 годзе, калі сельская дашкольная ўстанова закрылася, я перайшла працаваць у дзіцячы сад № 2 Хойнікаў. Магчыма, я надта кансерватыўны чалавек, баюся нешта мяняць, прыкіпаю душой да аднаго месца.
За гэтай сціпласцю хаваецца яе вялізная адданасць сваёй справе. Алена Васільеўна памятае сваю першую групу дашкольнікаў — ім было па шэсць гадоў. Сёння яны ўжо самі бацькі. Сустрэчы з імі на вуліцы заўсёды цёплыя: былыя выхаванцы памятаюць педагога, вітаюцца, і гэта неверагодна ёй прыемна.
Успамінаючы дні свайго юнацтва, педагог крыху расчулілася, але з усмешкай працягнула захапляльны аповед пра тое, як 30 гадоў працуе ў дзіцячым садзе № 2. Яна адзначыла, што работа на адным месцы ніколькі не тармозіць яе ў прафесійным развіцці, а, наадварот, год за годам надае імпульс новым ідэям. Напрыклад, яна актыўна развівае ва ўстанове экалагічнае выхаванне, якое цесна пераплятаецца з патрыятычным.
У 1990-я гады, на фоне аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Алена Васільеўна прымала ўдзел у рабоце адукацыйнай пляцоўкі, якая знаёміла дзяцей з радыеэкалогіяй — з радыяцыяй і гігіенай. У той час дашкольная ўстанова нават станавілася пляцоўкай рэспубліканскіх семінараў і іншых маштабных мерапрыемстваў з удзелам калег з усіх абласцей.
— Тады ў сваіх праектах я тлумачыла, як змагацца не толькі з мікробамі, але і з радыяцыяй, — дадае педагог. — Цяпер акцэнт ссунуўся ў бок экалогіі роднага краю: вывучаем з дзецьмі расліны, жывёл, размаўляем пра ахову прыроды. Нашы маленькія выхаванцы любяць прыроду: выходзячы на вуліцу, яны знаёмяцца з жучкамі, вусенямі, раслінамі і прыроднымі з’явамі. Так у іх выхоўваюцца беражлівыя адносіны да навакольнага свету і ўласнага здароўя. Акрамя таго, стварылі разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі шмат дапаможнікаў, удзельнічалі ў
розных конкурсах экалагічнай накіраванасці.
Пазалетась рэалізавалі маштабны праект, у якім энтузіязм і актыўнасць праяўлялі і дзеці, і педагогі, да таго ж падключыліся бацькі. Былі створаны метэапляцоўка, экалагічная сцежка.
Тэма патрыятызму асабліва блізкая Алене Васільеўне, а значыць, і яе маленькім чамучкам. Дзеці з сярэдняй групы спяваюць Дзяржаўны гімн, ведаюць, як выглядае Дзяржаўны сцяг, герб. Па карцінках з дапаможніка “Мая сталіца” яны даведваюцца пра славутасці Мінска.
— Штораніцы сустракаю сваіх 20 выхаванцаў — адкрытых, настойлівых, добразычлівых. Усе любяць абдымашкі, ласкавыя словы, — працягвае педагог. — Сучасныя дашкаляты гаваркія, лёгка сыходзяцца і не палохаюцца незнаёмых людзей, яны адстойваюць свой пункт гледжання, вылучаюцца сваёй непасрэднасцю і шчырасцю.
Алена Васільеўна — па-сапраўднаму добры, душэўны і чулы чалавек, чые цяпло і клопат адразу адчуваюцца ў зносінах. Было асабліва цікава даведацца, у чым яна бачыць сваю місію як педагог: яе падыход да работы напоўнены любоўю да дзяцей і імкненнем раскрыць іх патэнцыял.
— Імкнуся жыць і працаваць настолькі адказна і добра, наколькі дазваляюць здольнасці і магчымасці. Я блізка да сэрца прымаю задачы выхавання і адукацыі падрастаючага пакалення. Выконваю свае прафесійныя абавязкі на максімум, — адказвае суразмоўніца. — Вельмі перажываю, калі дзеці выпускаюцца з дзіцячага сада. Мне хочацца, каб першакласнікам лягчэй давалася адаптацыя ў школе, вучоба. Вядома, гэта магчыма дзякуючы развітым навыкам увагі і самакантролю. Пра дзяцей магу гаварыць вельмі шмат, нават знаходзячыся ў кампаніі сяброў ці сваякоў, і гэта вынік шматгадовага вопыту ў прафесіі і шчырай прыхільнасці да маленькіх выхаванцаў.

Загадчыца дзіцячага сада № 2 Хойнікаў Аксана Хамяк расказала пра ключавыя вектары развіцця, якія робяць установу яркім прыкладам рэалізацыі інавацый у дашкольнай адукацыі:
— У нашай установе педагогі актыўна ўкараняюць сучасныя падыходы да навучання і выхавання, робячы акцэнт на развіцці фінансавай адукаванасці, экалагічнай адукацыі і фізічным дабрабыце дзяцей. Адным з прыярытэтных напрамкаў работы з’яўляецца ажыццяўленне праекта па фінансавай адукаванасці. Педагогі выкарыстоўваюць разнастайныя тэхналогіі, у тым ліку блокі Дзьенеша і матэрыялы Васкабовіча, каб знаёміць дзяцей з асновамі фінансавага мыслення. Акрамя таго, дзіцячы сад прапануе шырокі спектр адукацыйных паслуг: фітнес для ўмацавання здароўя, “Інфарматыку без разеткі” для развіцця лічбавых навыкаў, а таксама каліграфію, якая сёлета аказалася асабліва запатрабаванай. Для гарманічнага развіцця дзяцей укараняецца нейрагімнастыка, накіраваная на паляпшэнне дробнай маторыкі і маўлення. Тэхналогія ТРВЗ актыўна прымяняецца кожным педагогам з улікам узросту выхаванцаў, што дазваляе індывідуалізаваць адукацыйны працэс.
Вялікая ўвага ўдзяляецца экалагічнаму выхаванню. У дзіцячым садзе створана экалагічная сцежка, абсталяваная картамі і маршрутамі для прагулак. На тэрыторыі ўстаноўлена метэастанцыя, дзе малыя назіраюць за надвор’ем: ветрам, аблокамі і іншымі прыроднымі з’явамі. Тут плануюць і далей развіваць гэтую тэму, каб дашкольнікі лепш разумелі навакольны свет і клапаціліся пра яго. Такія ініцыятывы не толькі ўзбагачаюць адукацыйны працэс, але і выхоўваюць у дзецях любоў да ведаў і прыроды, што робіць дзіцячы сад № 2 сапраўдным цэнтрам развіцця маленькіх жыхароў Хойнікаў.
Сёння ўстанову наведвае 101 дзіця, а калектыў складаецца з 15 педагогаў-аднадумцаў, якія забяспечваць высокі ўзровень развіцця кожнага выхаванца і рэалізуюць разнастайныя праграмы.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара





