Педагагічным крэда Людмілы Іосіфаўны Дзегцяровай, якая больш за 30 гадоў працуе музычным кіраўніком у ганцавіцкім яслях-садзе № 4, з’яўляюцца словы В.А.Сухамлінскага: “Музычнае выхаванне — гэта не выхаванне музыканта, а найперш выхаванне чалавека”. Педагог мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, дасканала валодае ігрой на баяне.
Ганцавіцкі яслі-сад № 4 — апорная дашкольная ўстанова раёна па развіцці музычных здольнасцей дзяцей. Тут створаны добрыя ўмовы для плённай творчасці. Дзякуючы ініцыятыўнасці, энтузіязму і высокаму прафесіяналізму Л.І.Дзегцяровай, яе кабінет прыцягвае ўвагу дэкарацыямі і атрыбутамі тэатральна-гульнёвай дзейнасці. У ім сабрана вялікая фанатэка для праслухоўвання музыкі і правядзення заняткаў па рытміцы, маецца вялікі выбар нотнай, песеннай і метадычнай літаратуры, а таксама камплект музычных інструментаў для ігры ў аркестры і стварэння шумавога і рытмічнага эфекту: цымбалы, дудкі, акардэон, металафоны, ксілафоны, бубны, бразготкі, трашчоткі, лыжкі, званочкі і інш.
Для Людмілы Іосіфаўны і яе выхаванцаў музыка — гэта асаблівы свет, дзе шмат сонца, цеплыні, утульнасці і дабрыні, дзе забываюцца нягоды і смутак. Музыка — гэта, бадай, адзіны від мастацтва, даступны ўспрыманню дзіцяці з ранняга ўзросту. Асноўнай мэтай паглыбленай работы па музычным выхаванні ў садку з’яўляецца развіццё музычна-творчых здольнасцей дашкольнікаў, іх індывідуальнасці праз розныя віды музычнай дзейнасці, найперш праз гульню. Менавіта праз яе ў дзіцяці развіваюцца творчыя ўменні, выканальніцкія навыкі, самастойнасць і ініцыятыўнасць.
Музычныя заняткі ва ўсіх узроставых групах Людміла Іосіфаўна праводзіць у форме гульні і гульні-казкі, дзе ўсе віды музычнай дзейнасці аб’яднаны адзіным казачна-гульнёвым сюжэтам. Такі метад узмацняе эмацыянальную чуласць і інтарэс да заняткаў.
Адной з галоўных задач музычнага выхавання з’яўляецца развіццё пазнавальнага інтарэсу да музыкі і пачуццёвага суперажывання падчас знаёмства з музычнымі творамі. У ходзе розных гульняў у дашкольнікаў фарміруюцца першапачатковыя ўяўленні аб музычных жанрах: калыханка, марш, танец і інш. Л.І.Дзегцярова ў сваёй рабоце шырока выкарыстоўвае заняткі-гульні з цацкамі, карцінкамі і сюжэтна-ролевымі гульнямі.
Вялікую ўвагу педагог удзяляе ўзаемадзеянню з бацькамі дзяцей. Эфектыўнымі формамі супрацоўніцтва, на думку Людмілы Іосіфаўны, з’яўляюцца сумесныя святы і забаўляльныя мерапрыемствы. Таты і мамы ахвотна дапамагаюць выхавальнікам у правядзенні ранішнікаў, выступаюць у ролі Дзеда Мароза, Снягуркі і іншых казачных персанажаў. Бацькі з задавальненнем адгукаюцца на запрашэнні, хаця спачатку адчуваюць сябе крыху няўпэўнена. Пасля некалькіх рэпетыцый яны ўдала пераўвасабляюцца ў розныя вобразы. Дзеці заўсёды рады бачыць бацькоў, якія разам з імі гуляюць і спяваюць. Акрамя таго, таты і мамы актыўна ўдзельнічаюць у вырабе дэкарацый, атрыбутаў, касцюмаў да свят, канцэртаў і іншых мерапрыемстваў.
Музычны кіраўнік выступае з кансультацыямі на групавых бацькоўскіх сходах у кожнай узроставай групе, дзе знаёміць бацькоў з задачамі музычнага выхавання ў садку, прапаноўвае набыць дзіцячыя музычныя інструменты, дыскі з дзіцячымі песнямі і класічнай музыкай для слухання дома.
Людміла Іосіфаўна лічыць, што ў музычным выхаванні вялікае значэнне адыгрываюць калыханкі ў ласкава-пяшчотным выкананні матуль. Гэта першыя эмоцыі, якія адчувае малыш. Добра, калі ўяўленне пра калыханку дадуць дзецям іх бацькі. Гэтаму пытанню Л.І.Дзегцярова ўдзяляе вялікую ўвагу на бацькоўскіх сходах.
З мэтай развіцця музычнай адоранасці ў дашкольнікаў педагог працуе з імі ў вакальным гуртку “Званочкі”. У яго выхаванцаў на высокім узроўні сфарміраваны асновы пеўчай культуры, развіты вакальна-харавыя навыкі.
На працягу многіх гадоў Л.І.Дзегцярова з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання музычных кіраўнікоў дашкольных устаноў Ганцавіцкага раёна. Людміла Іосіфаўна адзначана ганаровымі граматамі раённага аддзела і абласнога ўпраўлення адукацыі, а таксама Міністэрства адукацыі. Штогод выхаванцы педагога становяцца пераможцамі раённага агляду-конкурсу дзіцячай музычнай творчасці “Голас дзяцінства”.
Святлана ЮРКІНА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ганцавіцкага ясляў-сада № 4.
НА ЗДЫМКУ: Л.І.Дзегцярова са сваімі выхаванцамі.
Фота аўтара.