Выхоўваць патрыётаў краіны

- 11:26Адукацыйная прастора

У Віцебску адбылося пасяджэнне выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама.

На пляцоўках абласнога палаца дзяцей і моладзі былі разгорнуты інтэр­актыўныя міні-выставы з прэзентацыяй найбольш значных дасягненняў і праектаў лепшых устаноў адукацыі рэгіёна. Пленарнае пасяджэнне прайшло з удзелам старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна, кіраўнікоў (прадстаўнікоў) структурных падраз­дзя­ленняў аблвыканкама і ўстаноў вышэйшай адукацыі, намеснікаў старшынь раённых (гарадскіх) выканаўчых камітэтаў і кіраўнікоў адміністрацый раёнаў Віцебска, начальнікаў аддзелаў (упраўленняў) па адукацыі, лідараў абласной і раённых арганізацый Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, кіраўнікоў падведамасных устаноў, загадчыкаў вучэбна-метадычных кабінетаў раёнаў і гарадоў. З асноўным дакладам выступіў кіраўнік сістэмы адукацыі рэгіёна Дзмітрый Хома. Ён падзякаваў педагагічнай грамадскасці Віцебшчыны за велізарную і эфектыўную работу, праведзеную ў мінулым годзе, падрабязна прааналізаваў яе вынікі і дасягненні на ўсіх узроўнях, нацэліў на выкананне задач, пастаўленых на 2022 год.

— Быць патрыётам — значыць любіць Беларусь, жыць і працаваць тут, шанаваць яе дасягненні, гісторыю і культуру, — зрабіў асобны акцэнт начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі. — У праекце змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон закладзены арыенціры на захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту нашай краіны. Прыйсці і прагаласаваць на рэферэндуме 27 лютага — грамадзянскі абавязак кожнага педагога, бо нам з вамі вучыць і выхоўваць маладое пакаленне, несці адказнасць за будучыню краіны!

Прадстаўнікі Віцебшчыны занялі 1-е месца ў агульнакамандным заліку Рэспубліканскай спартакіяды сярод каледжаў і летнім мнагаборстве “Абаронца Айчыны”.

У ходзе абмеркавання даклада загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Першамайскага раёна Віцебска Святлана Красоўская засяродзіла ўвагу на ролі ВМК у фарміраванні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Намеснік дырэктара Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка Ала Янулёнак на прыкладзе сваёй установы расказала аб рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў і праектаў у дадатковай адукацыі. Вопытам работы ў кантэксце сучасных патрабаванняў па­дзя­ліўся кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні гімназіі імя І.М.Ерашова Лепеля Андрэй Зінкевіч. З арганізацыяй падрыхтоўкі кадраў для галін эканомікі рэгіёна азнаёміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Вольга Іванова. Прарэктар па вучэбнай рабоце ВДУ імя П.М.Машэрава Міраслава Бобрык у выступленні спынілася на актуальных пытаннях арганізацыі мэтавай падрыхтоўкі педагагічных кадраў для рэгіёна.

Аляксандр Субоцін уручыў узнагароды педагогам, якія дасягнулі ў 2021 го­дзе найлепшых вынікаў у грамадскай і прафесійнай дзейнасці. Ганаровымі граматамі Віцебскага аблвыканкама ўзна­гароджаны настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Дуброўна Вікторыя Карнеева, майстар вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Настасся Кавалёва, загадчык рэсурснага цэнтра Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа Аляксей Карманаў; Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў — намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Марына Бабашынская, галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Анжэла Валасевіч, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка Ала Янулёнак, дырэктар гімназіі № 2 Віцебска Канстанцін Кісялёў.

Падзяка старшыні Віцебскага аблвыканкама аб’яўлена начальніку аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Вользе Дарожцы (на здымку), намесніку дырэктара Віцебскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Таццяне Радкевіч, загадчыкам ВМК Кастрычніцкага раёна Віцебска Зінаідзе Альсевіч і Горскага ясляў-сада Лепельскага раёна Людміле Зюзюн.

Навучэнцы вобласці заваявалі 15 медалёў на міжнародных алімпіядах. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах атрыманы 124 дыпломы — лепшы вынік за апошнія 20 гадоў.

Узнагароды Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і галоўнага ўпраўлення па адукацыі ўручыў Дзмітрый Хома. Нагрудны знак Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” атрымалі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Пліскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна Аліна Зубко і настаўнік працоўнага навучання базавай школы № 10 Наваполацка Павел Смулько. Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь адзначаны намеснік дырэктара сярэдняй школы № 1 Лепеля Жанна Карпіцкая і метадыст Полацкага дзяржаўнага прафліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Алена Жыдко; граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь — намеснік кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска Алена Шарай, начальнік аддзела па адукацыі Дубровенскага райвыканкама Ірына Кантроўская, дырэктар Докшыцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Святлана Януковіч, метадыст Аршанскага раённага цэнтра фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Таццяна Хаткевіч, намеснік дырэктара Ахрэмаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Браслаўскага раёна Наталля Замбжыцкая, дырэктар сярэдняй школы № 1 Полацка Павел Ястрэмскі.

Таццяна БОНДАРАВА.