Выбраць прафесію дапаможа “ПсіхаЭргаТэст”

- 10:57Выбар прафесіі

Дапамагчы знайсці адказ на самае складанае пытанне ў старшакласнікаў могуць не толькі бацькі і сябры. Ужо не першы год Рэспубліканскі цэнтр праблем чалавека БДУ прапаноўвае для абітурыентаў уласна распрацаваны “ПсіхаЭргаТэст”, прайшоўшы які, кожны можа атрымаць заключэнне-рэкамендацыі па прафесійным выбары з прыкладамі.
Што ўяўляе сабой гэты тэст, наколькі ён эфектыўны і чаму яго можна праходзіць толькі з 16 гадоў, мы даведаліся ў Святланы Станіславаўны Сагайдак, загадчыцы лабараторыі псіхафізіялогіі і прафесіяграфіі Рэспубліканскага цэнтра праблем чалавека БДУ.

— Святлана Станіславаўна, патлумачце, калі ласка, такую дзіўную назву “ПсіхаЭргаТэст”. Што яна азначае?
— Мы вымяраем прыродныя задаткі, стрэсаўстойлівасць, працаздольнасць чалавека — гэта ўсё энергетыка. Гэта не тое, што выхавана. Адсюль і назва. У кожнага з нас ёсць рамкі. У кагосьці яны шырокія, напрыклад, у вынослівых людзей вялікі парог працаздольнасці.
Да таго ж вынікі тэста могуць расказаць, у якім рэжыме чалавеку лепш працаваць, як адпачываць і, такім чынам, захаваць здароўе. Іншая справа — ці гатовы работадаўцы прадаставіць такія ўмовы для каштоўных супрацоўнікаў.

— Раскажыце, калі ласка, што ўяўляе сабой тэст?
— Першы блок тэстаў вызначае менавіта прыродныя якасці: працаздольнасць, стрэсаўстойлівасць, нервовую праводнасць, як чалавек можа працаваць.
Другі блок тэстаў аналізуе ўласна пазнавальныя якасці. А гэта ўсе віды памяці і параметры ўвагі: пераключальнасць, устойлівасць і непасрэдна сам працэс размеркавання ўвагі. Яны дазваляюць правільна ўспрыняць інфармацыю і правільна яе перапрацаваць.
Увага — гэта першая прыступка памяці. У кагосьці больш развіты адны характарыстыкі ўвагі, у кагосьці — іншыя. Безумоўна, іх можна трэніраваць, абапіраючыся на прыродныя даныя.
Зрэшты, нельга гаварыць, што, прайшоўшы два тэсты, усё стане зразумела. Аналіз павінен быць комлексным, што мы і робім. Толькі на аснове комплекснага аналізу можна рэкамендаваць прафесіі ці ўмовы працы, якія будуць падыходзіць менавіта гэтаму чалавеку.
Прывяду ўласны прыклад. Я — псіхолаг і працую ў маленькім калектыве, які займаецца навукова-даследчай работай. А вазьміце работу псіхолага ў школе — гэта зусім іншы ўзровень стрэсаўстойлівасці. Таму мы рэкамендуем не толькі прафесію, але і ўмовы працы.
Пасля тэста нашы супрацоўнікі аналізуюць вынікі і гутараць з абітурыентамі. Да таго ж спектр прафесій, якія мы прапаноўваем, настолькі шырокі, што ёсць з чаго выбраць.

— Чаму “ПсіхаЭргаТэст” можна праходзіць толькі з 16 гадоў? Ці можна было б прайсці яго раней?
— Бацькі вельмі часта просяць правесці тэст раней, тлумачачы, што ўжо з 12—14 гадоў яны будуць ведаць, куды рухацца, і наймаць рэпетытараў. Аднак мозг саспявае да 16 гадоў, прычым у дзяўчат раней, у хлопцаў — крыху пазней. Таму ва ўзросце да 16 гадоў мы можам гаварыць толькі пра псіхафізіялагічны стан чалавека на момант праходжання тэста. Але верагодна, што ў будучыні ў кагосьці зменяцца рамкі прыродных крытэрыяў, а хтосьці застанецца ў такіх жа. Толькі з 16-гадовага ўзросту, калі больш-менш устаяліся прыродныя крытэрыі, мы можам вызначыць тып дзейнасці.
Тэст мы раім прайсці, як толькі споўнілася 16 гадоў. Аднак, як заўсёды, назіраецца бум перад паступленнем. Бывае нават летам, у апошні момант перад падачай дакументаў. Часта бацькі “прачынаюцца” і вырашаюць, што іх дзіцяці варта яго прайсці.
Тэст могуць праходзіць і дарослыя. Напрыклад, тыя, хто жадае штосьці змяніць у сваім жыцці, каго не задавальняе прафесія, хто хоча змяніць умовы працы. Праўда, яны крыху саромеюцца, думаюць, што гэты тэст праходзяць толькі абітурыенты, вучні школ. Для дарослых мы можам рэкамендаваць, як кампенсаваць свае недахопы. І чалавек можа па-іншаму арганізаваць сваю дзейнасць.

— А ці існуюць іншыя тэсты, якія дапамогуць сарыентавацца падлеткам, якім яшчэ няма 16 гадоў?
— У нас працягваецца эксперымент па распрацоўцы новага комплексу — з 12-гадовага ўзросту. Аднак гэты тэст падыходзіць пры выбары рабочай прафесіі, калі гаворка ідзе пра работу рукамі. Так, вымяраецца, як дзіця ўспрымае колер, формы, памеры. Вызначаецца мышачна-сустаўная адчувальнасць, неабходная, напрыклад, для шкляра. Існуе 14 тэставых параметраў. Ацэньваюцца яны па 5-бальнай шкале ў адпаведнасці з узроставымі нормамі.

— Святлана Станіславаўна, вельмі многія цэнтры праводзяць прафарыентацыйныя тэсты. Чым адрозніваецца ваш? У чым яго перавагі?
— Першапачаткова ў гэтым і адрозненне: мы вымяраем хуткасць рэакцыі, дакладнасць успрымання інфармацыі, а з гэтага вынікае, чым чалавек можа займацца. У цэнтрах прафарыентацыі пытанні базіруюцца на тым, што чалавеку цікава. Часта цікавасць памылковая, напрыклад, за кампанію, па фільмах. Так, чалавек думае, што ён здольны да якой-небудзь работы, а насамрэч проста схільны.
Заўсёды добра займацца тым, што знаходзіцца на стыку “хачу” і “магу”, — тады ўсё атрымаецца. Адны жаданні без прыродных здольнасцей — гэта яшчэ і псаванне здароўя. Адны магчымасці без жадання — таксама дрэнная рэч. Наш псіхафізіялагічны тэст складзены так, каб прааналізаваць і свядомасць, і прыродныя здольнасці.

— Атрымліваецца, што Рэспубліканскі цэнтр праблем чалавека БДУ — адзіная арганізацыя, якая праводзіць падобныя тэсты…
— Нідзе, акрамя нас, пакуль такога тэсціравання няма. Праўда, гродзенскі цэнтр закупіў у нас тэставы комплекс. Яго супрацоўнікі прайшлі ў нас навучанне і атрымалі ліцэнзіі, каб таксама займацца прафарыентацыйнай работай.
Тэсты мы праводзім з мая 2004 года, калі экспертным саветам Міністэрства адукацыі яны былі прыняты да паўсюднага выкарыстання. Распрацоўваў іх наш калектыў, куды ўваходзяць і праграмісты, і матэматыкі, і псіхолагі, і фізіёлагі, і медыкі.

— Святлана Станіславаўна, дзякуй за размову!

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.