Выпадковых сустрэч не бывае: педагогі Бельскія пра сябе, родную Быхаўшчыну і любімую прафесію

- 14:00Учительский дуэт

Педагогі Любоў і Андрэй Бельскія з Быхаўшчыны разам яшчэ са студэнцкіх часоў. Абодва з дзяцінства захапляліся матэматыкай — светам лічбаў, новых тэхналогій. Вось і лёс, упэўнены яны, усё за іх пралічыў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З вяселля настаўнікаў прайшло амаль 20 гадоў. Сёння яна — дырэктар Вараніноўскай базавай школы Быхаўскага раёна, ён выкладае інфарматыку ў сярэдняй школе № 1 Быхава. А пазнаёміцца ім было нібы наканавана лёсам, штосьці ўвесь час зводзіла іх.

Лепшы горад на Зямлі

— Вучыліся мы з будучым мужам на фізіка-матэматычным факультэце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, — расказвае Любоў Васільеўна. — Там і пазнаёміліся. Не пасябраваць было проста немагчыма. Мы з аднаго рэгіёна. Я — з вёскі Абідавічы Быхаўскага раёна, ён — з самога Быхава. Да таго ж у студэнцкім інтэрнаце мы жылі на адным паверсе. Ну як тут прой­дзеш міма адно аднаго? Кампанія ў нас склалася агульная, ва ўсіх студэнцкіх мерапрыемствах удзельнічалі разам. І інтарэсы ў нас былі агульныя, у мяне быў фізіка-матэматычны профіль, у Андрэя Уладзіміравіча — матэматыка і інфарматыка.

Пасля заканчэння УВА настаў­нікі раз’ехаліся па размеркаванні ў розныя ўстановы адукацыі. Любоў Васільеўна адправілася настаўнічаць у сярэднюю школу вёскі Гарадзец роднага Быхаўскага раё­на. Але праз некалькі гадоў зноў сустрэлася з маладым выкладчыкам інфарматыкі Андрэем Бельскім у абласным ліцэі № 5 Быхава, дзе ён працаваў.

— Вось і не вер пасля гэтага ў лёс, — адзначае Любоў Бельская. — Ад яго не схаваешся. Зараз у нас на дваіх адна сям’я, адна прафесія, дзеці. І адна вялікая любоў да роднага краю — нашай Быхаўшчыны, прыгожай, са сваёй слаўнай гісторыяй, багатымі лясамі, поўнымі ягад і грыбоў, велічнай ракой Днепр. Для нас няма лепшага горада на Зямлі, чым наш Быхаў. Таму і вярнуліся менавіта сюды, атрымаўшы прафесію. Заўсёды хацелі жыць толькі тут.

Лепшая прафесія

У кожнага з маіх суразмоўцаў быў свой шлях у педагагічную прафесію, якую яны шчыра лічаць самай лепшай.

— З дзяцінства не менш, чым матэматыку, я любіла ўсё, што звязана з настаў­ніцтвам, — успамінае Любоў Васільеўна. — Любіла і сваю Абідавіцкую сярэднюю школу. З цяплом успамінаю нашага настаўніка матэматыкі Івана Мікалаевіча Кавалёва, які цудоўна выкладаў свой прадмет. Ён вучыў нас быць цікаўнымі і цярплівымі — у любой задачы ці прыкладзе заўсёды даходзіць да канца, дабівацца правільнага адказу. Не адчайвацца, не кідаць справу на палове. У мяне і самой характар настойлівы. Таму сваіх дзяцей заўсёды вучыла: матэматыка — гэта ў першую чаргу сшытак, ручка і цярпенне. У 10 класе чамусьці цвёрда вырашыла паступаць у Магілёўскі дзяржаўны машынабудаўнічы ўніверсітэт на эканамічны факультэт. Усё лета рыхтавалася, рашала тэматычныя заданні. Зерне сумнення пасеяў у маёй душы тагачасны дырэктар нашай Абідавіцкай школы Анатолій Пятровіч Асташоў, які аднойчы сказаў: “У цябе ж матэматыка ідзе цудоўна, выбірай яе сваім профілем”. І мой выбар прыпаў на фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.

Андрэй Уладзіміравіч таксама з задавальненнем успамінае свае першыя крокі ў прафесіі:

— У настаўніцтва я трапіў праз любоў да інфарматыкі і тэхнікі. Вучыўся ў сярэдняй школе № 4 Быхава, у камп’ютарным класе часта затрымліваўся пасля заняткаў. Вялікую падзяку хачу выка­заць маёй настаўніцы інфарматыкі Вользе Міхайлаўне Беляковай за тое, што падтрымала маю ціка­васць. У свой час я марыў ­стаць праграмістам, але лёс прывёў мяне ў педагогіку, і зараз я разумею, што гэта быў лепшы шлях для мяне. Пасля вучобы ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэцэ імя А.А.Куляшова я размеркаваўся ў абласны ліцэй № 5 Быхава, а зараз працую ў сярэдняй школе № 1. Вучыць дзяцей для мяне — гэта радасць! Мае ўрокі не самыя лёгкія, інфарматыка — прадмет, які, напэўна, мяняецца хутчэй за ўсе астатнія. Некаторыя вучні разумеюць усё з паўслова, а некаторым ён цяжка даецца. Але, лічу, няздольных не бывае. Усё можна выву­чыць, было б жаданне працаваць. Наш кабінет добра абсталяваны — камп’ютарамі, інтэрактыўнай дошкай. Таксама я вяду дадатковыя заняткі па праграмаванні, некаторых вучняў рыхтую да алімпіяд па інфарматыцы. Мае алімпіяднікі ўжо былі пераможцамі на раённым узроўні, у планах — выйсці на абласны.

Вучні Андрэя Бельскага таксама станавіліся пераможцамі розных рэспубліканскіх конкурсаў і праектаў: конкурсу мабільнага кіно “Нябачнае кіно”, конкурсаў навукова-тэхнічнай творчасці “Фрызлайт” і “Таленты ХХІ стагоддзя”, абласнога тыдня тэхнічнай творчасці “Юнацтва. Інтэлект. Будучыня”, грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, а таксама міжнароднай выставы-кірмашу інавацыйных адукацыйных праектаў “Тэрыторыя генерацыі новых ідэй”. За дасягненні ў адукацыі Андрэй Ула­дзіміра­віч узнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і Міністэрства адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь.

Лепшы настаўнік

Які ён? Вось як разважаюць мае суразмоўцы.

— Па-першае, ён цалкам адданы сваёй прафесіі, — лічыць Любоў Васільеўна. — Па-другое, не баіцца цяжкасцей. А іх у нашай прафесіі шмат. Дырэктарам Вараніноўскай базавай школы я працую ўжо 10 гадоў, а да гэтага была тут настаўніцай. Вядома, было складана, але мяне вельмі падтрымлівала папярэдні кіраўнік Кацярына Віктараўна Агароднікава, якая заўсёды знаходзілася побач. І зараз яна часта дапамагае мне доб­рай парадай. Дзеці ў нас цудоўныя і таленавітыя, штогод у іх ёсць дасягненні — ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню. Сваіх навучэнцаў загадзя вучу з гонарам несці па жыцці званне выпускніка Вараніноўскай школы! Месца ў нас прыгожае — побач са школай лес. Ёсць лыжня, дзе праходзяць раённыя спабор­ніцтвы па лыжных гонках.

Дарэчы, Вараніноўская школа неаднаразова станавілася пераможцай сярод базавых школ Быхаўскага раёна па выніках работы за год, а сама Любоў Васільеўна мае ўзнагароды за дасягненні ў прафесійнай дзейнасці ад галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, сектара спорту і турызму Быхаўскага райвыканкама і іншых устаноў.

— Для мяне адной з галоўных якасцей настаўніка з’яўляецца цікавасць, — працягвае Андрэй Уладзіміравіч. — Да ўсяго — лю­дзей, новых месцаў, з’яў. Бо чаму можна навучыць дзяцей, калі цябе самога нічога не цікавіць? Мы з жонкай вельмі любім вандраваць, ужо наведалі шмат краін. Наогул, мы вельмі лёгкія на пад’ём. Падчас дзяржаўных свят стараемся прыяз­джаць у Мінск. Прымаем удзел у аўтапрабегах “За Беларусь!”, ходзім у тэатры, на канцэрты беларускіх выканаўцаў.

— Мы ўсё робім сумесна, — дадае Любоў Васільеўна. — Усё абмяркоўваем, нават тэлефануем адно аднаму падчас работы, каб атрымаць прафесійную параду. Разам выхоўваем двух дзяцей, і захап­ленні ў нас агульныя: любім выязджаць на прыроду, хадзіць на лыжах, катацца на веласіпедах, наведваць хакейныя матчы, вандраваць па роднай Беларусі. Адно з хобі — апрацоўка сямейных фота. Гэта цэлая навука! І яна так захапляе: калі стваралі першы альбом, сядзелі начамі, не маг­лі адарвацца. Зараз старанна збіраем свой фота- і відэаархіў. Нас многае яднае, акрамя прафесіі. Галоўнае — мы заўсёды разам, таму нас не пужаюць ніякія цяжкасці.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлена суразмоўцамі